Друк
14.07.2017
Найпрыгажэйшая...
 
Пра свой, напэўна, адзін з самых яскравых момантаў перажываньня веры ў падлеткавым узросьце, піша душпастыр грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні а. Андрэй Крот.
 
Каментуючы зьяўленьне гэтага ўспаміну з дзяцінства, сьвятар напісаў: «Мне апошнім часам у Фэйсбуку не хапае чагосьці такога... сапраўднага. Надакучылі абмеркаваньні навінаў, пра якія забываюцца праз два тыдні, ці бясконцыя «халівары», у якіх усё даўно сказана. Хацелася напісаць нешта такое, ад душы...»
 
* * *
Калісьці на пачатку 90-х я выпісваў часопіс «Бярозка». У ім для мяне найцікавейшымі былі плакаты розных рок-гуртоў. Так атрымліваеш нумар, разгортваеш на сярэдзіне, а там — «Мясцовы час». Не паверыце: я ведаў, хто гэта такія, бо слухаў Першую праграму Беларускага радыё, і яны мне нават падабаліся. :)
 
Вось аднойчы прыходзіць часопіс, я разгортваю яго — а там, замест чарговага гурта — ЯНА! МАЦІ БОЖАЯ ВАСТРАБРАМСКАЯ... Для мяне гэта быў шок, бо, як мне здалося, я ня бачыў нічога, прабачце, НІКОГА прыгажэйшага за Яе. Каго лічыць прыгожым звычайны падлетак 14-15 гадоў? Альбо сваю аднакласьніцу, альбо якую зорку эстрады. Мне таксама падабаліся і аднакласьніцы, і зоркі эстрады, але Яна стаяла неяк па-над усімі. Памятаю яшчэ, як хадзіў і паказваў часопіс сябрам і казаў — глядзіце, якая прыгажосьць! Яны неяк спачувальна на мяне паглядалі і не пярэчылі...
 
Плакат я акуратна выняў з часопіса, павесіў у хаце на сьценку. Перад ім я маліўся потым свой першы ў жыцьці Ружанец. Потым, зьехаўшы з бацькоўскага дому на вучобу, забраў Маці Божую з сабою. Яна вісела ў мяне ў інтэрнаце, на розных кватэрах, а потым недзе зьнікла, я думаў, што згубіў Яе...
 
І вось, колькі месяцаў таму ў Івацэвічах пераглядаў свае паперы — і знайшоў Яе! Плакацік, вядома, пажоўк з часам. Прывёз яго ў Горадню, знайшоў адпаведную рамку і ўставіў сёньня! І цяпер мая Маці Божая зноў са мною! У мяне былі розныя іконы — але вось так, каб назваць нейкую сваёй — ну не было такога адчуваньня. А цяпер ёсьць!
 
А наконт прыгажосьці — я зразумеў, калі амаль праз дваццаць гадоў служыў у Вострай Браме літургію.
 
Прыгожым чалавека робіць не касьметыка, пластычная хірургія ці нават прырода — прыгожым робіць Бог. І таму глядзіш так, бывае, на чалавека, няма ў ім ідэальных прапорцыяў цела ці твару, а бачыш — ён прыгожы! Бабулька якая-небудзь — і прыгожая! Бо твар выпраменьвае супакой, любоў і радасьць. І таму Маці Божая Вастрабрамская стала для мяне Найпрыгажэйшай.
 
Маці Божая Вастрабрамская, Маці Міласэрнасьці, маліся за нас!
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"