Друк
04.10.2017
Царква любіць Еўропу і верыць у яе будучыню
 
Заключнае пасланьне Рады Канферэнцыяў Біскупаў Еўропы, прынятае ў Менску па выніку працы штогадовага пленарнага пасяджэньня, што праходзіла ў Менску з 28 верасьня па 1 кастрычніка 2017 году.
 
Царква любіць Еўропу і верыць у яе будучыню: Еўропа — гэта ня толькі пэўная зямля, а духоўнае заданьне. На пленарным пасяджэньні, якое прайшло ў Беларусі, у Менску, мы пацьвердзілі свой абавязак з энтузіязмам удзельнічаць у шляху кантынента, які мае штосьці вялікае, чым можа падзяліцца з усімі ў парадку ўзаемасувязі.
 
Заданьне нашай Рады ў тым, каб разьвіваць лучнасьць паміж пастырамі ў розных краінах і знаходзіць шляхі, каб голас Госпада Ісуса зноў загучаў у сэрцы «еўрапейскага чалавека», культуры і грамадзтва: годнасьць чалавечай асобы дзе ж яшчэ можа знайсьці для сябе больш надзейную апору, калі не ў Ісусе Хрысьце, Сыне Божым, Які стаўся чалавекам? Гэта — унікальны ўнёсак хрысьцінства ў еўрапейскую тоеснасьць, і два тысячагоддзі міласэрнасьці, мастацтва, культуры зьяўляюцца жывым таго сьведчаньнем.
 
З найлепшымі пачуцьцямі мы далучаемся да пажаданьня Сьвятога Айца Францішка «новага і адважнага ўздыму для гэтага ўлюбёнага кантыненту». Мы ня можам застацца ў баку ад гэтага ўздыму, усьведамляючы, што зьяўляемся пасланцамі радаснай навіны. Пасланьне, за якое мы нясём адказнасьць перад сьветам, узьнёслае і магутнае, але мае слабыя прылады. Хрыстова Евангельле — гэта спрадвечная крыніца гісторыі Еўропы, яе гуманнай цывілізацыі, дэмакратыі, правоў і абавязкаў чалавека. Гэта таксама іх найбольш надзейная гарантыя!
 
Нягледзячы на спробы ізаляваць, мы верым у гэтае адзінства духоўных і этычных ідэалаў, якія заўсёды былі душою і лёсам Еўропы. Таксама, як мы верым і ў няспынны працэс паяднаньня, які зьяўляецца часткай ня толькі гісторыі, але і жыцьця, які вядзе да павагі і да належнага прызнаньня розных традыцыяў і рэлігіяў без аніякага экстрэмізму.
 
Адкрытасьць на рэлігію, на трансцэндэнтнае, на салідарныя узаемаадносіны, на еднасьць, атрымала сваё ўвасабленьне ў Евангельлі і паказала ўнікальную годнасьць асобы; гэта натхняла шлях Еўропы, які не заўсёды быў простым, на якім былі таксама абмежаваньні і памылкі. Тая самая зьява іміграцыі асьветлена гэтым духам, пад знакам гасьціннасьці, інтрэграцыі і законнасьці, нягледзячы на цяжкасьці і страхі, з усведамленьнем рабіць намаганьні для належнай супольнай адказнасьці.
 
Народам і краінам мы адрасуем нашае заахвочваньне даць адказ на моцныя спакусы секулярызму, які штурхае на тое, каб жыць бяз Бога ці да таго, каб абмежаваць Яго толькі ў прыватнай прасторы, падмацоўваючы парасткі індывідуалізму і нараджаючы самотнасьць. Між іншым, вядома, наколькі адкрытасьць у адноінах да жыцьця на ўсіх яго этапах зьяўляецца паказчыкам надзеі, а ўзровень нараджальнасьці — найлепшым паказчыкам стану здароўя грамадзтва.
 
Менавіта рэчаіснасьць моладзі — тэма наступнага Сіноду Царквы — стала другой тэмай нашай калегіяльнай увагі. З боку еўрапейскіх епіскапатаў была праяўлена вялікая сімпатыя, якая перайшла ў малітву, у большую блізкасьць, у жаданьне слухаць і спадарожнічаць моладзі з цярплівасьцю і любоўю.
 
Царква моцна верыць у моладзь, мае да яе павагу і давер, як маці да сваіх дзяцей. Падчас працы выявілася таксама пэўная занепакоенасьць, сярод іншага гэта і аморфная культура, якой усе мы дыхаем, паўсюднае індывідуалісцкае раздражненьне, што спараджае няўпэўненасьць і самотнасьць, а таксама некаторыя канфлікты і несправядлівасьці, якія яшчэ і сёньня наносяць шкоду вялікаму дабру міра. Гэта тыя матывы, якія ўмацоўваюць нашую рашучасьць быць побач і ісьці з імі; каб даць адчуць, што Евангельле — гэта вялікае «так» жыцьцю, любові, свабодзе, радасьці. Каб сказаць «так» Хрысту.
 
На гэтым шляху нашыя супольнасьці з намі і з нашымі сьвятарамі, каб быць знакам надзеі, еднасьці, дзейснай добразычлівасьці: глыбокім і жывым коранем ёсьць Хрыстос, Які прамаўляе да сэрца і да розуму кожнага жыхара кантыненту, каб даць магчымасьць адшукаць сябе па-за палітыкай і эканомікай.
 
Нам бы хацелася, каб слова Ісуса дасягнула сэрца Еўропы: «Ня бойся, Я з табою». Ня бойся, старажытная Еўропа, быць сама сабою, вярніся на шлях айцоў, якія марылі пра цябе як пра дом народаў і краінаў, як пра плодную маці дзяцей і цывілізацыяў, як пра зямлю адкрытага і цэласнага гуманізму. Так, ня бойся, май давер! Царква, якая зьяўляецца эксьпертам у справах чалавецтва, — твой сябра: з поглядам, скіраваным на Хрыста, і з Евангельлем у руках, яна разам з табою ідзе да будучыні паяднаньня, справядлівасьці і міру.

Тэкст падаецца паводле беларускага перакладу на Catholic.by і сайту CCEE.

Фота Аляксандры Шчыглінскай, ccee.eu.
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"