Друк
16.10.2017
Папа назваў сьмяротнае пакараньне нечалавечай мерай
 
Ахоўваць спадчыну веры і праўды, атрыманую ад Айцоў, і працягваць апостальскую дзейнасьць з радасьцю і міласэрнасьцю, ідучы новымі шляхамі, заклікаў Францішак 11 кастрычніка 2017 году падчас урачыстай сустрэчы, якая прайшла ў Ватыкане з нагоды 25-годдзя падпісаньня Янам Паўлам ІІ Апостальскай канстытуцыі «Fidei depositum», якая суправаджала выданьне Катэхізму Каталіцкай Царквы.
 
Зьвяртаючыся да сабраных на мерапрыемстве ўдзельнікаў сустрэчы, якая была арганізаваная Папскай Радай па спрыяньні новай евангелізацыі, — кардыналаў, біскупаў, дыпламатаў, тэолагаў, эксьпертаў па катэхізацыі, сьвятароў, богапасьвячаных асобаў і семінарыстаў — Сьвяты Айцец нагадаў словы папы Яна Паўла II пра тое, што задача катэхізму — спрыяць узрастаньню вернікаў у «разуменьні веры» праз «нязьменнае навучаньне», але таксама, каб «наблізіць сучасьнікаў» праз адказы на актуальныя для іх новыя агульначалавечыя праблемы да Царквы. Як падкрэсьліў Папа, пры гэтым сёньня недастаткова знайсьці новую мову, каб казаць аб той самай веры, але трэба перад абліччам новых выклікаў і персьпектываў, што адкрываюцца перад чалавецтвам, «выказаць тое новае ў Хрыстовым Евангельлі, што, хоць і заключана ў Божым Слове, яшчэ ня выйшла на сьвет».
 
«Пазнаньне Бога, працягваў Папа Франіцшак, — як мы ведаем, у першую чаргу выяўляецца не ў тэарэтычным практыкаваньні чалавечага розуму, але ў невыкараняльным жаданьні, запісаным у сэрцы кожнага чалавека. Гэтае пазнаньне зыходзіць ад любові, ад таго, што мы сустракаем на нашым шляху Сына Божага».
 
Паводле словаў Сьвятога Айца, «уся сутнасьць дактрыны і вучэньня» павінна быць скіраваная да бясконцай любові Бога. Заўсёды і ва ўсім павінна выяўляцца любоў Госпада. У гэтым кантэксьце ён пажадаў, каб у Катэхізьме Каталіцкай Царквы належнае і адпаведнае месца заняла тэма сьмяротнага пакараньня.
 
«Трэба з рашучасьцю сьцьвердзіць, што асуджэньне на сьмяротнае пакараньне — гэта нечалавечая мера, і якім бы спосабам яна не рэалізоўвалася, яна прыніжае годнасьць чалавека. Само па сабе яно супярэчыць Евангельлю, таму што размова ідзе пра сьвядомае рашэньне зьнішчыць чалавечае жыцьцё, якое заўсёды сьвятое ў вачах Творцы, і толькі Бог ёсьць апошнім і сапраўдным суддзём і гарантам», — сказаў Папа.
 
Сьвяты Айцец пажадаў, каб у ніводнага чалавека, нават забойцы, не забіралася яго годнасьць, таму што Бог — гэта Айцец, Які заўсёды чакае вяртаньня свайго сына, які, ведаючы, што ўчыніў памылку, просіць прабачэньня і пачынае новае жыцьцё. «Ніхто, такім чынам, ня можа быць пазбаўлены ня толькі жыцьця, але і магчымасьці маральнага і экзістэнцыяльнага адкупленьня», — падкрэсьліў Рымскі Архірэй.
 
Папа Францішак прызнаў, што ў мінулым зварот да гэтай «крайняй і нечалавечай меры» быў прадыктаваны адсутнасьцю «грамадзкай сталасьці і інструментаў абароны». Так адбывалася і ў Папскай дзяржаве, пагарджаючы першаснасьцю міласэрнасьці над справядлівасьцю, сказаў Сьвяты Айцец.
 
«Прымем на сябе адказнасьць за мінулае і прызнаем, што гэтыя сродкі дыктаваліся больш легалістычным, чым хрысьціянскім мысьленьнем. Клопат пра захаваньне непарушнасьці ўлады і матэрыяльных багацьцяў прывёў да пераацэнкі каштоўнасьці закону, перашкаджаючы тым самым пранікаць глыбей у разуменьні Евангельля. У той жа час, пазіцыя нейтральнасьці перад новымі патрабаваньнямі ў абароне годнасьці асобы зробіць нас яшчэ больш вінаватымі», — сьцьвярджае Рымскі Архірэй.
 
Сьвяты Айцец адзначыў, што тут няма супярэчнасьці з ранейшай навукай Царквы, бо Царква заўсёды бараніла чалавечае жыцьцё — ад пачатку да натуральнай сьмерці, аднак, менавіта «гарманічнае разьвіцьцё дактрыны» патрабуе «адкінуць аргументы, якія выглядаюць безумоўна супярэчнымі новаму разуменьню хрысьціянскай ісьціны». На заканчэньне сваёй доўгай прамовы Францішак падкрэсьліў, што «скарб веры» не зьяўляецца нечым «статычным», а Сьвяты Дух працягвае прамаўляць да Царквы, якая павінна ўважліва Яго слухаць. «Слова Божае нельга захоўваць у нафталіне, нібы старую коўдру, якую трэба абараняць ад шкоднікаў! Не. Слова Божае — гэта дынамічная і заўсёды жывая рэчаіснасьць, якая рухаецца наперад і расьце, бо скіраваная да поўні, якую людзі ня могуць спыніць», — падсумаваў Сьвяты Айцец Францішак.
 
Да ўрачыстай сустрэчы з нагоды 25-годдзя падпісаньня Апостальскай канстытуцыі «Fidei depositum» у холе залы Паўла VI у Ватыкане была падрыхтаваная выстава, прысьвечаная выданьням Катэхізму Каталіцкай Царквы і яго Кампендыюму на розных мовах, а таксама версіі шрыфтам Брайля і выданьняў, прызначаных для розных лічбавых носьбітаў і сродкаў.
 
Акрамя таго, з гэтай нагоды адбылося прадстаўленьне новага «Багаслоўскага каментара» да Катэхізму Каталіцкай Царквы, прадмову да якога напісаў Папа Францішак. Над яго падрыхтоўкай працавалі сорак аўтараў з розных краінаў сьвету.
 
Паводле матэрыялаў Радыё Ватыкану (беларускай, украінскай і расейскай рэдакцыяў).
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"