Друк
24.04.2018
Першаярарх УГКЦ: «Мы пазітыўна ацэньваем намаганьні дзеля прызнаньня адзінай Праваслаўнай Царквы Ўкраіны»
 
17 красавіка 2018 году ў рэзідэнцыі Зьверхніка УГКЦ, што паблізу Патрыяршага сабору Ўваскрасеньня Хрыстовага ў Кіеве, адбылася сустрэча Яго Блаславенства Сьвятаслава (Шаўчука), Першаярарха УГКЦ, з Надзвычайным і Паўнамоцным паслом ЗША ва Ўкраіне Мары Ёванавіч на яе просьбу. У сустрэчы прыняла ўдзел Рэбэка Фармэр, дыпламат палітычнага аддзелу Амбасады ЗША ва Ўкраіне.
 
Падчас сустрэчы, як паведамляе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ, абмяркоўваліся пытаньні рэлігійнай сітуацыі ва Ўкраіне і міжканфесійнага міру. Зьверхнік УГКЦ распавёў пра ролю Ўсеўкраінскай Рады Цэркваў і рэлігійных арганізацыяў, у якой прадстаўнікі розных канфесіяў і рэлігіяў разам працуюць для агульнага дабра ўкраінскага народу.
 
Вярхоўны Архібіскуп Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Сьвятаслаў (Шаўчук) распавёў амерыканскім дыпламатам пра асноўныя элементы Экуменічнай канцэпцыі УГКЦ, а таксама пра тое, як украінскія грэка-католікі бачаць шляхі яднаньня Цэркваў Уладзіміравага Хросту. «Сёньня на дзяржаўным і палітычным узроўні шмат кажуць пра адзіную памесную Царкву ва Ўкраіне. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што насамрэч гаворка ідзе толькі пра адзіную Праваслаўную Царкву Ўкраіны», — адзначыў грэка-каталіцкі першаярарх. — «УГКЦ не бярэ ўдзел у гэтым працэсе, бо лічыць гэта ўнутранай справай Праваслаўных Цэркваў», — сказаў ён.
 
Пры гэтым Зьверхнік УГКЦ падкрэсьліў, што гэты працэс зьяўляецца важным крокам для пераадоленьня расколу, які існуе сёньня ва ўкраінскім праваслаўі. «Важным гэты працэс ёсьць таксама для пераадоленьня царкоўнай ізаляцыі Ўкраінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату і Ўкраінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў асяроддзі сусьветнага праваслаўя. Спадзяемся, што такім чынам можна будзе загаіць раны падзелу ва ўкраінскім праваслаўі. У сувязі з гэтым мы пазітыўна ацэньваем ўсе намаганьні для магчымага прызнаньня адзінай Праваслаўнай Царквы Ўкраіны з боку Канстанцінопальскага патрыярхату», — распавёў Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук).
 
Зьверхнік УГКЦ заўважыў, што стварэньне адзінай Праваслаўнай Царквы зьяўляецца, аднак, толькі першым крокам дзеля дасягненьня еднасьці Цэркваў Уладзіміравага Хросту ў адзінай памеснай Кіеўскай Царкве. «Наступным крокам ёсьць экуменічны дыялог паміж УГКЦ і аб’яднаным украінскім праваслаўем у кірунку аднаўленьня першаснай еднасьці гэтай Царквы», — сказаў Першаярарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
Яшчэ адным пытаньнем, якое абмеркавалі падчас сустрэчы ўкраінскі першаярарх і дыпламаты ЗША, была роля Царквы ў процідзеяньні гандлю людзьмі. Яго Блаславенства Сьвятаслаў распавёў пра супрацоўніцтва ў гэтым пытаньні УГКЦ з міжнароднымі інстытуцыямі, а таксама пра аказаньне сацыяльнай і прававой абароны ўкраінскім працаўнікам парафіямі УГКЦ у сьвеце. На завяршэньне сустрэчы бакі абмяняліся памятнымі падарункамі. Зьверхнік УГКЦ падараваў амерыканскім гасьцям набор велікодных пісанак.
 
Нагадаем, прэзідэнт Украіны П. Парашэнка афіцыйна зьвярнуўся да Канстанцінопальскага Патрыярха Барталамея адносна наданьня Томасу аб аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы ва Ўкраіне. 19 красавіка 2018 году Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла пастанову, якой таксама падтрымала гэты зварот. Адпаведныя звароты на адрас Канстанцінопальскага Патрыярхату накіравалі ярархі Ўкраінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату і Ўкраінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"