Друк
24.11.2013
Шляхі міжваеннай Уніі
 
Манаграфію берасьцейскага гісторыка Аляксандра Мікалаевіча Сьвірыда “Униатская церковь в Западной Беларуси (1921-1939 гг.)” можна назваць доўгачаканай. Поўнага сістэматычнага агляду гісторыі адраджэньня Уніі ў Заходняй Беларусі ў 20-30-х гадах 20 стагоддзя ў сучаснай гістарыяграфіі няма, і менавіта на заняцьце гэтай нішы прэтэндуе аўтар манаграфіі.
 
Манаграфія складаецца з чатырох разьдзелаў. Адразу ва ўступе аўтар піша, што гісторыя Ўніяцкай Царквы – адзін з найбольш яскравых прыкладаў дыяметральна супрацьлеглага стаўленьня розных грамадзкіх груп і гісторыкаў да адной і той жа зьявы, але кожная думка павінна абапірацца на факты. Таму сваю працу гісторык пачынае з вывучэньня шырокага сьпектру гістарычных дасьледаваньняў і крыніц. У першым разьдзеле ён вылучае некалькі груп дасьледчыкаў гісторыі Ўніяцкай Царквы ў 20-30-я гады 20 стагоддзя, сярод якіх найбольш увагі надае беларускім савецкім дасьледчыкам і сучасным беларускім дасьледчыкам (якія працавалі ў 1990-я – 2000-я гады).
 
У дасьледаваньнях савецкіх гісторыкаў аўтар падкрэсьлівае відавочныя ідэалагічныя ўстаноўкі: Унія выкарыстоўвалася для апалячваньня беларускага народу і замацаваньня ўлады эксплуататараў; гэта была зброя антысавецкіх інтрыг; працоўныя масы не прынялі Унію, бо прынялі ідэі КПЗБ і г.д., а станоўчы момант бачыць ва ўвядзеньні ў навуковы абарот вялікага фактычнага матэрыялу. У працах сучасных дасьледчыкаў А. Сьвірыд заўважае шмат новых тэндэнцыяў, часам супрацьлеглых поглядаў, калі частка гісторыкаў бачыць у Уніі носьбітку беларускай культуры і нацыянальнай самасьвядомасьці, а іншыя катэгарычна не згаджаюцца з гэтай пазіцыяй.
 
Дасьледчык зьвяртае асаблівую ўвагу на існаваньне некалькіх шляхоў адраджэньня Уніі на тэрыторыі Польшчы ў 1921-1939 гады і перадусім разглядае два з іх: грэка-каталіцкі абрад і Каталіцкую Царкву візантыйска-славянскага абраду. Грэка-каталіцкім абрадам у міжваеннай Польшчы называўся абрад Уніяцкай Царквы, якая захавалася ў Заходняй Украіне пад уладай Аўстра-Венгерскай імперыі. Паводле польскага заканадаўства Грэка-Каталіцкая Царква магла існаваць толькі ў Заходняй Украіне.
 
Спроба адраджэньня Уніі ў форме візантыйска-славянскага абраду (які ў гістарыяграфіі называецца яшчэ “візантыйскім”, “славянскім”, “неаўніяцкім”, “неаславянскім”, “неавізантыйскім”) была зроблена ў Заходняй Беларусі (65). Асаблівасьцю гэтага шляху, на думку гісторыка, было тое, што ўсходні абрад разумеўся не як абрад Праваслаўнай Царквы, а як адзін з каталіцкіх абрадаў, які Каталіцкая Царква прапаноўвала праваслаўным вернікам “ад сябе” (с. 65).
 
Паводле А. Сьвірыда, у пачатку праект быў арыентаваны на хуткае распаўсюджваньне гэтага абраду на тэрыторыі былой Расейскай імперыі, якая разумелася як адзінае цэлае, а Заходняя Беларусь і Ўкраіна станавіліся “палямі эксьперыментаў для новай аб’яднаўчай палітыкі”. Юрыдычнай асаблівасьцю Царквы візантыйска-славянскага абраду сталася падпарадкаваньне яе парафіяў рыма-каталіцкім біскупам.
 
Берасьцейскі дасьледчык узгадвае іншыя праекты адраджэньня Ўніяцкай Царквы: падпісаньне новай уніі з ярархіяй Праваслаўнай Царквы, увядзеньне бірытуалізму (калі дзьве супольнасьці – рымскага і візантыйскага абрадаў – мог бы абслугоўваць адзін сьвятар). Па розных прычынах гэтыя праекты не былі рэалізаваныя.
 
Дасьледаваньне дзейнасьці Грэка-Каталіцкай Царквы ў А. Сьвірыда выглядае найбольш аб’ектыўным. У другім разьдзеле А. Сьвірыд апісвае распаўсюджваньне грэка-каталіцтва (а значыць уплыву Львоўскай мітраполіі і яе мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага) на тэрыторыю Беларусі ў пачатку 20 стагоддзя. Аўтар прыводзіць гісторыю кантактаў мітрапаліта з беларускай інтэлігенцыяй яшчэ да пачатку Першай Сусьветнай вайны, апісвае розныя яго праекты па адраджэньні Уніі ў Расейскай імперыі (напрыклад, набыцьцё пад Менскам маёнтка і перасяленьне туды сялянаў грэка-католікаў, якія меліся б стаць асновай для далейшай місіянерскай працы).
 
А. Сьвірыд засяроджваецца таксама на дзейнасьці біскупа Ёсіфа Боцяна, які падчас Першай Сусьветнай вайны быў прызначаны А. Шаптыцкім на тэрыторыі, дзе Ўніяцкая Царква была зьнішчаная пасьля 1839 году. Біскуп Боцян вёў актыўную місіянерскую дзейнасьць на тэрыторыі Заходняй Беларусі, А. Сьвірыд адзначае, што мясцовае насельніцтва аказвала яму і яго сьвятарам вялікую падтрымку. Пасьля ўваходу Заходняй Беларусі ў склад Другой Рэчы Паспалітай варожыя адносіны польскіх уладаў да Грэка-Каталіцкай Царквы, якую яны лічылі апорай украінскага нацыяналізму, перашкодзілі разьвіцьцю місіянерскай дзейнасьці грэка-каталіцкага духавенства.
 
Пасьля стварэньня парафіяў візантыйска-славянскага абраду, Грэка-Каталіцкая Царква, ня маючы магчымасьці наўпрост уплываць на іх разьвіцьцё, дапамагала ім ускосна: да працы ў візантыйска-славянскім абрадзе прыцягваліся грэка-каталіцкія манаскія згуртаваньні, матэрыяльна падтрымліваліся сьвятары і парафіі. Ярархія Грэка-Каталіцкай Царквы падтрымлівала спробы каталікоў візантыйска-славянскага абраду выйсьці з падпарадкаваньня рыма-каталіцкай ярархіі і мець уласнага біскупа.
 
А. Сьвірыд зьвяртае ўвагу на тое, што мітрапаліт Шаптыцкі і яго паплечнікі падтрымлівалі таксама беларускі нацыянальны рух, у прыватнасьці, мітрапаліт фінансаваў выданьне беларускай каталіцкай газеты “Крыніца”.
 
Дзейнасьць сьвятароў візантыйска-славянскага аўтар разглядае ў разьдзеле “Распаўсюджваньне Каталіцкай царквы Візантыйска-славянскага абраду. Метады, якія выкарыстоўваліся ў місійнай працы. Стварэньне і дзейнасьць усходніх аддзяленьняў манаскіх ордэнаў”.
 
Нягледзячы на дэклараваную аб’ектыўнасьць, Аляксандар Сьвірыд інтэрпрэтуе дзейнасьць сьвятароў візантыйска-славянскага абраду ў скандальным рэчышчы і бачыць у іх дзейнасьці падман, подкуп і абяцаньне зямных дабротаў. Так, імкненьне сьвятароў візантыйска-славянскага абраду ў набажэнствах не адрозьнівацца ад абраду Праваслаўнай Царквы аўтар лічыць толькі “бачнасьцю” (с. 104). Правядзеньне абрадаў бясплатна ці за сымбалічную плату, лічыць не праявай бескарысьлівасьці, а адным з асноўных метадаў місіянерскай працы. Прыклад ахвярнага і бескарысьлівага служэньня А. Сьвірыд бачыць толькі ў айца Вацлава Аношкі, адзначаючы, што падобныя паводзіны не былі характэрнымі для неаўніяцкага духавенства (с. 108).
 
У гэтым аўтар супярэчыць сам сабе, апісваючы парафіі Альбярцін, Бабровічы, Таракань, Зарэчча і іншыя, дзе сьвятары, манахі і манахіні праводзілі асьветніцкую і дабрачынную дзейнасьць, дапамагалі таленавітай моладзі, хворым і г.д. Дабрачыннай дзейнасьці неаўніяцкага духавенства аўтар прысьвячае пяць радкоў, а асьветніцкую (напрыклад, заснаваньне ў Альбярціне дзіцячага садка і моладзевых арганізацыяў) лічыць “выхаваньнем сабе прыхільнікаў сярод наступных пакаленьняў” (с. 109). І нават узгадваючы дзейнасьць айца В. Аношкі, Сьвірыд прыводзіць сумніўныя зьвесткі пра “частаваньне гарэлкай і цукеркамі” вернікаў як метад місіянерскай працы (с. 108).
 
Найбольш цікавай часткай працы зьяўляецца падразьдзел “Населеныя пункты, у якіх былі зроблены спробы арганізацыі ўніяцкіх парафіяў”. Тут прыводзяцца зьвесткі пра 70 населеных пунктаў Заходняй Беларусі і Падляшша, дзе былі спробы стварэньня каталіцкіх парафіяў візантыйска-славянскага абраду. Больш увагі аўтар надае тым населеным пунктам, у якіх дзейнічалі паўнавартасныя парафіі (Альбярцін, Бабровічы, Таракань, Альпень, Далятычы), аднак узгадвае і мясцовасьці, дзе толькі некалькі разоў адбываліся неаўніяцкія набажэнствы, альбо, дзе спробы стварэньня парафіяў былі толькі авантурай выпадковых асобаў (напрыклад, Дзікушкі Лідзкага павету).
 
Што датычыць стаўленьня Польскай дзяржавы да Царквы візантыйска-славянскага абраду, то аўтар адрозьнівае розныя перыяды і ўзроўні гэтых адносінаў, якія зьмяняліся ад стрыманых у 1920-я гады да адмоўных – у 1930-я. Вынікі праведзенага А. Сьвірыдам глыбокага і зьмястоўнага аналізу цалкам абвяргаюць тэзіс савецкай гістарыяграфіі аб насаджэньні неаўніі польскімі ўладамі з мэтай паланізацыі беларусаў і ўкраінцаў. Дасьледчык робіць выснову, што польскія ўлады паставілі за мэту планамернае і мэтанакіраванае зьнішчэньне Каталіцкай Царквы візантыйска-славянскага абраду, але хацелі прадставіць гэта як натуральны ход падзеяў.
 
Аляксандар Сьвірыд вылучае шэраг прычынаў зьмены адносінаў дзяржавы да неаўніі: скрайняя прыхільнасьць палякаў да каталіцтва лацінскага абраду; нязгода польскіх уладаў з палітыкай Апостальскай Сталіцы, якая імкнулася вызваліць неаўнію ад польскіх уплываў; узмацненьне грэка-каталіцкага ўплыву на Каталіцкую Царкву візантыйска-славянскі абраду, і, як вынік, узмацненьне ў ёй нацыянальнага элементу, у якім польскія ўлады бачылі пагрозу сваёй паланізатарскай палітыцы; пагаршэньне адносінаў паміж дзяржавай і Праваслаўнай Царквой.
 
Дасьледаваньне А. Сьвірыда зьяўляецца дастаткова поўным, хаця дзейнасьць каталіцкіх парафіяў візантыйска-славянскага абраду ў Заходняй Беларусі патрабуе больш аб’ектыўнага разгляду. Апошні сказ манаграфіі выглядае незразумелым і правакацыйным: аўтар гаворыць, што “прызнаная дзяржаўнай уладаю шкоднай рэлігійная арганізацыя [Уніяцкая Царква] можа аказацца сэнсам і асновай унутранага духовага жыцьця асобнага канкрэтнага чалавека” (с. 193).
 
Свирид, А.Н (2012). Униатская церковь в Западной Беларуси (1921-1939 гг.). Брест: БрГУ, 218 с. Наклад 180 ас.
 
Агляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекту “Кніжны агляд” Iнстытуту палітычных дасьледаваньняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх дасьледаваньняў у Менску.
 
Агляд падрыхтаваў айцец Андрэй Крот.
“Палітычная сфера”.
 
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"