Друк
30.11.2016
«Каб ня думалі, што мы – секта». У Горадні ствараюць музей Беларускай Уніяцкай Царквы
 
Яшчэ напрыканцы XVIII ст. уніятамі сябе лічылі каля 75% жыхароў сучаснай тэрыторыі Беларусі. Цяпер засталося меней за 20 дробных парафіяў на ўсю краіну. Чаму адзіная унія, якая на практыцы яднала хрысьціянаў, аказалася для ўсіх «нязручнай»?
 
Грэка-каталіцкі сьвятар у Горадні пачаў зьбіраць экспанаты для першага і адзінага ў Беларусі музею Беларускай Уніяцкай Царквы. Душпастыр гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Андрэй Крот кажа, што ідэя стварэньня музею была натуральнай у сувязі з няспыннымі просьбамі ахвотных пабачыць, дзе моляцца грэка-каталікі. У парафію рэгулярна прыходзяць наведнікі. Зусім нядаўна прыходзіла моладзь аднаго з касьцёлаў у Горадні, неўзабаве будзе экскурсія для людзей больш сталага веку. Такі куточак гісторыі вельмі патрэбны, — лічыць сьвятар.
 
«Мы і ствараем музей для таго, каб захоўваць і папулярызаваць нашую спадчыну. Каб людзі ведалі, што такая Царква існавала. Каб ведалі, які ўнёсак яна ў культуру беларусаў зрабіла, што гэта — ня нейкая секта, якая зьявілася тут пасьля распаду Савецкага Саюзу, а Царква, якая мае сваю традыцыю і гэтая традыцыя ніколі не перарывалася, нават калі афіцыйна яна была забароненая».
 
Яшчэ ў канцы 18-га стагоддзя на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўніятамі сябе лічылі каля 75 % жыхароў. Іншыя канфесіі складалі пэўны адсотак, але гэта была меншасьць. Сёньня па ўсёй Беларусі дзейнічае каля 20-ці супольнасьцяў, у кожнай ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх соцень чалавек. Як сталася, што самая распаўсюджаная ў свой час Царква ў Беларусі амаль цалкам зьнікла?
 
Нязручная «сялянская вера»
 
«Грэка-Каталіцкая Царква ніколі не была любімая. З самага пачатку яна была нязручнай для ўсіх, пачынаючы ад часоў падпісання уніі. Часта гаворыцца, што гэта была палітычная справа, якую ўлады Рэчы Паспалітай зрабілі, каб навярнуць усіх праваслаўных на каталіцызм і зрабіць з іх палякаў. Не. Мы бачым, што з самага пачатку ўлады Рэчы Паспалітай былі супраць яе. Канцлер Леў Сапега не любіў Уніяцкую Царкву. Нават каталіцкія біскупы да яе ставіліся вельмі асьцярожна. Да гэтага праваслаўныя былі грамадзянамі другога гатунку ў Рэчы Паспалітай, а з падпісаньнем уніі, яны станавіліся каталікамі і маглі прэтэндаваць на тыя ж самыя правы, якія мелі каталікі да гэтага. Уніяцкія біскупы таксама маглі прэтэндаваць на тое, каб увайсьці ў сенат», — распавядае айцец Андрэй.
 
Ідэя уніі ня ўсім падабалася з самага пачатку і нават у часы росквіту ў XVIII стагоддзі здараліся ня вельмі прыемныя моманты ў стасунку да ўніятаў. Недзе ў першай палове XVIII ст. была прынятая т.зв. «устава аб паповічах», якая абвяшчала, што дзеці грэка-каталіцкіх сьвятароў, калі не станавіліся сьвятарамі, аўтаматычна станавіліся прыгоннымі сялянамі. Гэта стала вялікім ударам па Царкве, па яе іміджу і, канешне, па канкрэтных людзях. Калі шматдзетная сям’я і сьвятар мае 10 дзяцей, то толькі старэйшы мог пераняць прыход. Астатнія станавіліся прыгоннымі. Гэтая ўстава пратрывала некалькі дзясяткаў гадоў.
 
«Заўсёды былі нейкія палітычныя плыні, якія стараліся прынізіць унію. Пра яе казалі, што «то ест хлопска вяра», – кажа Андрэй Крот.
 
Скасаваньне і адраджэньне
 
Уніяцкая Царква ў Беларусі была цалкам скасаваная ў часы Расейскай Імперыі ў 1839-м годзе і далучаная да Расейскай Праваслаўнай Царквы. Сапраўднае адраджэньне уніі пачалося ў 1920-ых гадах у Заходняй Беларусі, якая трапіла ў склад Польшчы. Аднак і польскія ўлады не спрыялі ўніятам. Айцец Андрэй прыгадвае выпадак, калі адну з капліц каля м. Гарадной апячаталі, а там унутры былі Сьвятыя Дары. «Вось так арыштавалі Ісуса Хрыста, — жартуе сьвятар. — Таксама высылалі сьвятароў. У 1930-я гады замест таго, каб працаваць у Беларусі, нашых сьвятароў шляхам інтрыг адпраўлялі ў Маньчжурыю, каб яны там працавалі сярод расейцаў, якія ўвогуле ніякай уніі не хацелі».
 
У будучым музеі будуць прадстаўленыя некалькі перыядаў існаваньня Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, пачынаючы ад падпісаньня Берасьцейскай уніі, перыяд падпольля і эміграцыі ў ХХ ст., і таксама перыяд адраджэньня Царквы ў 90-я гады мінулага стагоддзя.
 
«Нам такая ідэя прыйшла, бо зьявіліся некалькі рэчаў і мы падумалі, што будзе важна падкрэсьліць што унія, яна не вычэрпваецца двума сотнямі гадоў існаваньня Ўніяцкай Царквы. Яна заўсёды хвалявала розум беларусаў.
 
Беларусы, як народ, які жыве на памежжы, на сутыкненьні некалькіх веравызнаньняў, заўсёды імкнуліся да таго, каб нейкім чынам аб’яднацца. Бо ўсе нашыя продкі і сучасьнікі разумеюць, што падзел паміж хрысьціянамі — гэта ненармальна. І пакуль што больш ніякай такой жыцьцяздольнай мадэлі акрамя Ўніяцкай Царквы не прыдумана.
 
Ужо пачынаючы з 1950-60-х гадоў гаворыцца пра патрэбу адзінства паміж хрысьціянамі, аднак далей за словы і некаторыя там нязначныя дзеяньні гэта не прасунулася. А унія была рэальнай еднасьцю. Можна яе крытыкаваць за нейкія хібы і недахопы, але на сёньняшні момант лепшай ідэі аб’яднаньня ня знойдзена».
 
Разынкі новага музею
 
«Пярлінкаю» з усіх экспанатаў стане нядаўна ахвяраваная царкве ўнікальная кніга палемічных разважаньняў уладыкі Іпація Пацея, выдадзеная айцамі-базыльянамі ў Супрасьлі ў 1768-м годзе. «Іпаці Пацей быў адным з заснавальнікаў Уніяцкай Царквы і доўгі час ёй кіраваў у Беларусі. Аднак старажытныя рэчы пакуль яшчэ зьбіраюцца, — кажа айцец Андрэй. — Большасьць экспанатаў пакуль прадстаўляе ў асноўным больш сучасны перыяд».
 
Напрыклад, друкаваныя на машынцы казаньні айца Віктара Данілава, які ў савецкія часы падпольна служыў у Горадні. Ёсьць яго кнігі, якія ён сам друкаваў. Да веры сьвятар прыйшоў, калі сядзеў у сталінскіх лагерах. Што цікава, сядзеў ён за крытыку Сталіна з пункту гледжаньня Леніна. Пасьля вызваленьня з лагераў ён хацеў стаць каталіцкім сьвятаром, але магчымасьці дзеля гэтага тады не было. У Савецкім Саюзе ўсё было вельмі абмежаванае ды быў кантроль за колькасьцю семінарыстаў. Таму будучаму айцу параілі ажаніцца і стаць грэка-каталіцкім сьвятаром, што і адбылося ў 1976-м годзе. Парахам гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі айцец Віктар Данілаў заставаўся да 2005-га году. Зараз жыве ў Яраслаўлі з дачкой і ўнукамі.
 
Яшчэ адным унікальным экспанатам музею будуць сьвятарскія аблачэньні ўладыкі Чэслава Сіповіча, якія пасьля яго сьмерці захоўваліся ў Лондане. Калі ў 1990-я гады ў Беларусь прыехаў айцец Аляксандар Надсан, то менавіта ў гэтых аблачэньнях ён адслужыў першую літургію пасьля адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. У іх ён маліўся таксама і ў Горадні ў Францішканскім касьцёле.
 
Першы ў Беларусі музей Грэка-Каталіцкай Царквы адчыніцца налета. Айцец Андрэй Крот таксама заахвочвае людзей, якія ў сваіх хатніх архівах маюць рэчы, зьвязаныя з грэка-каталікамі, далучыцца да стварэньня музею. Фінансавае падтрыманьне таксама шчыра вітаецца.
 
Паўліна Валіш, Belsat.eu.
У гэтым выкарыстана таксама фота
Алеся Кіркевіча, Budzma.by.
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"