Друк
13.05.2017
Адраджэньне грэка-каталіцкай парафіі ў Горадні
 
Сёлета спаўняецца 25 гадоў з часу афіцыйнай рэгістрацыі ў органах мясцовай улады грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні.
 
З гэтай нагоды, у 100-ыя ўгодкі зьяўленьняў Маці Божай у Фаціме (13 тарўня 1917 году) і яе пасланьня з заклікам да навяртаньня, прапануем матэрыял пра гісторыю адраджэньня рэлігійнага жыцьця грэка-католікаў у Горадні душпастыра парафіі Маці Божай Фацімскай айца Андрэя Крата, з якім ён выступіў на адной з навуковых канферэнцыяў.
 
Душпастыр гарадзенскай парафіі а. Андрэй Крот падчас велікоднага набажэнства 2017 г. у парафіяльнай капліцы.
Грэка-Каталіцкая Царква пачала сваё адраджэньне ў Беларусі ў канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў XX стагоддзя. Адраджэньне зьнішчанай паўтары стагоддзі таму Царквы было зьвязанае з ростам нацыянальнай сьвядомасці беларусаў і абумоўленае незалежніцкімі тэндэнцыямі ў асяроддзі інтэлігенцыі. Баларускія патрыёты ўспрымалі грэка-каталіцтва як «беларускую веру», у адрозьненьні ад Праваслаўнай Царквы, якую лічылі расейскай, і Рыма-Каталіцкага Касьцёлу, які традыцыйна быў моцна зьвязаны з польскай культурай. На хвалі нацыянальнага адраджэньня напачатку 1990-х у Беларусі ўзьніклі першыя грэка-каталіцкія суполкі, якія потым сталіся парафіямі.
 
Сьпецыфікай грэка-каталіцкіх парафіяў стаў вялікі працэнт беларускай інтэлігенцыі. Таму вернікі грэка-каталікі актыўна ўдзельнічаюць у грамадзкім і культурным жыцьці Беларусі, іх унёсак заўважны ў літаратуры, мастацтве, гістарычных дасьледаваньнях і г. д. Грэка-каталіцкія парафіі сталіся цэнтрамі адраджэньня беларускага культурна-рэлігійнага жыцьця.
 
На жаль, нягледзячы на 25 гадоў, якія мінулі з моманту першага публічнага грэка-каталіцкага набажэнства ў сучаснай Беларусі, да гэтай пары няма грунтоўных дасьледаваньняў працэсу адраджэньня як усёй Царквы, так і асобных парафіяў. Гэта датычыць і гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі. Адзінай спробай такога дасьледаваньня стаў артыкул студэнта гістарычнага факультэтуа ГрДзУ імя Янкі Купалы (сёньня — грэка-каталіцкага сьвятара) Зьмітра Чарнеля «Адраджэнне грэка-каталіцкай царквы ў Гродне ў 1990-я — 2003 г.».[1] Артыкул З. Чарнеля даволі сьціслы і не закранае многіх фактаў з гісторыі гарадзенскай парафіі. Таму пры напісаньні дадзенага артыкула аўтару давялося зьвярнуцца да дакументаў парафіяльнага архіву, многія з якіх раней не публікаваліся. Але асноўнай крыніцай для вывучэньня гісторыі парафіі сталі ўспаміны парафіянаў – непасрэдных удзельнікаў падзеяў.
 
Пачаткі
Першае ў найноўшай гісторыі Беларусі публічнае грэка-каталіцкае набажэнства ў Горадні адбылося ў сакавіку 1990 году. Яго адслужыў Апостальскі Візітатар для беларусаў-каталікоў замежжа айцец Аляксандар Надсан, які жыў у Лондане. На пачатку 1990 году ён прывёз у Беларусь гуманітарную дапамогу дзецям, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы. 11 сакавіка а. Аляксандар адслужыў літургію ў Менску (у Кальварыйскім касьцёле) і неўзабаве прыехаў у Горадню. На жаль, не ўдалося пакуль высьветліць дакладную дату гэтай падзеі, верагодна, яна адбылася паміж 12 і 17 сакавіка, бо а. Аляксандар наведаў Горадню адразу пасьля свайго візіту ў Менск, а службу, паводле ўспамінаў яе ўдзельнікаў, адслужыў у будні дзень. Служба адбывалася ў францішканскім касьцёле Маці Божай Анёльскай, вечароваю парой.
 
Падпольны грэка-каталіцкі сьвятар з Горадні а. Віктар Данілаў на прыватнай аўдыенцыі ў Папы Яна Паўла II, 22.06.2000.
У адраджэньні Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі важную ролю адыграла патрыятычная моладзь. Аднак у Горадні склалася сьпецыфічная сітуацыя — тут, як аказалася, шмат гадоў жыў падпольны грэка-каталіцкі сьвятар.
 
Айцец Віктар Данілаў нарадзіўся ў Яраслаўлі ў 1927 годзе. У 1948 годзе ён быў арыштаваны і правёў сем з паловай гадоў у сталінскіх лагерах. Тут ён прыйшоў да Бога, і, з усіх хрысьціянскіх веравызнаньняў, абраў каталіцтва. Выйшаўшы на волю, ён ажаніўся. Пачынаючы з 1967 году Віктар Данілаў жыў у Горадні і таемна займаўся місіянерскай дзейнасьцю. У 1970-я гады атрымаў прапанову вучыцца ў падпольнай грэка-каталіцкай семінарыі, якую скончыў у 1976 годзе. У чэрвені таго ж году быў рукапакладзены ў сан сьвятара.
 
У пачатку 1990-х гадоў, паводле ўспамінаў гарадзенскіх парафіянаў, айцец Віктар чытаў у памяшканьні клуба «Паходня» лекцыі на рэлігійныя тэмы для ўсіх ахвотных. Акрамя таго, група моладзі сустракалася з айцом Віктарам у яго на кватэры, дзе сьвятар праводзіў з імі катэхетычныя заняткі: тлумачыў ім сутнасьць хрысьціянства, неабходнасьць веры ў Бога і прыналежнасьці да Каталіцкай Царквы.
 
Пакуль не атрымалася высьветліць, калі і дзе айцом Віктарам было адслужанае першае публічнае набажэнства. Вернікі ўзгадваюць, што інфармацыя пра набажэнствы не распаўсюджвалася шырока, магчыма, дзеля таго, што парафія ня мела на той момант афіцыйнай рэгістрацыі.
 
Месцы набажэнстваў, сьвяты апякун парафіі
Першапачаткова парафія ня мела ўласнага памяшканьня. Набажэнствы адбываліся ў розных месцах. Зьміцер Чарнель называе некаторыя з іх: «У розны час гродзенскія грэка-католікі знаходзілі сабе прытулак зноў жа ў ГДК, у памяшканні Управы Беларускага народнага фронта “Адраджэнне” на вул. Савецкай, у галерэі “У майстра” на вул. Кірава». Акрамя гэтага, парафіяне ўзгадваюць іншыя месцы: памяшканьне ў доме №4 па прасьпекце Касманаўтаў, дзе знаходзіцца адзін з філіялаў гарадзкой бібліятэкі, актавая заля ў музеі гісторыі рэлігіі па вул. Замкавай, 16. У Гарадзкім доме культуры набажэнствы праводзіліся з перапынкамі, бо ГДК прыпыняў сваю працу на час рамонту.
 
Амаль год набажэнствы праходзілі ў Музеі гісторыі рэлігіі, які на той час знаходзіўся на вуліцы Навазамкавай, 3 (сёньня — вул. Давыда Гарадзенскага). Гэты будынак пачаў узводзіцца на сродкі мітрапаліта Ўніяцкай Царквы Льва Кішкі ў 1720 годзе як грэка-каталіцкі жаночы манастыр сясьцёр-базыльянак. Пасьля гвалтоўнай ліквідацыі Ўніяцкай Царквы ў Расейскай імперыі (у 1839 годзе на Полацкім царкоўным саборы) будынкі манастыра ў 1843 годзе былі перададзеныя Расейскай Праваслаўнай Царкве. Праваслаўны манастыр праіснаваў у гэтым будынку да 1960 году, а з 1977 году комплекс манастыра належаў Гарадзенскаму музею гісторыі рэлігіі.
 
Грэка-каталіцкая парафія бачыла будынак былога манастыра базыльянак у якасьці сваёй сьвятыні і дамагалася яго перадачы грэка-католікам. Аднак у рашэньні № 196 ад 17 ліпеня 1991 году выканкам Гарадзенскага гарадзкога Савету народных дэпутатаў вырашыў: «З мэтай пазбягання міжканфесійных сутыкненняў і захавання музея гісторыі рэлігіі як цэнтра нацыянальнай культуры, лічыць немэтазгоднай поўную ці частковую перадачу манастырскага комплекса якой-небудзь з царкваў».[2]
 
Аднак, нягледзячы на просьбы грэка-каталікоў і рашэньне гарвыканкаму, Гарадзенскі абласны выканаўчы камітэт шэрагам рашэньняў ад 17 сакавіка і 1 красавіка 1992 году перадаў комплекс будынкаў былога базыльянскага жаночага манастыра Гарадзенскай япархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага патрыярхату, а 29 чэрвеня 1992 году ў гэтым будынку была зарэгістраваная супольнасьць праваслаўнага жаночага манастыра.
 
Пасьля дзяржаўнай рэгістрацыі грэка-каталіцкай парафіі вернікі зьвярталіся з патрабаваньнем адмяніць рашэньне аб перадачы манастыра Праваслаўнай Царкве ў Гарадзенскі аблвыканкам, народны і гаспадарчы суды, да пракурора Гарадзенскай вобласьці і пракурора Рэспублікі Беларусь, аднак гэтыя захады ня мелі ніякага выніку.
 
21 лютага 1997 году парафія набыла будынак мастацкіх майстэрняў па вул. Гараднічанскай, 32а. Памяшканьне ня мела вадаправоду, каналізацыі, ацяплялася пры дапамозе каміну. Планавалася, што на свабодным участку побач з гэтым будынкам будзе ўзьведзены парафіяльны цэнтар з капліцай і іншымі памяшканьнямі.
Айцец Віктар Данілаў з дзеткамі пасьля Першага ўрачыстага прычасьця і іх бацькамі.
Аднак, праз недахоп сродкаў і арганізацыйныя складанасьці, гэты намер ня быў рэалізаваны.
У 2002 годзе парафія зьвярнулася ў Гарадзенскі гарвыканкам з просьбай выдзеліць участак для будаўніцтва ў Горадні грэка-каталіцкай царквы. У адказе за подпісам намесьніка старшыні гарвыканкаму гаварылася наступнае: «Грэка-каталіцкай рэлігійнай абшчыне г. Гродна належыць будынак па вул. Гараднічанскай 32а, якое находзіцца ў запушчаным стане, патрабуе ўнутранага рэмонта і рэканструкцыі фасадаў, а таксама упарадкавання прылягаючай тэрыторыі. (…) Прапануем Вам комплекс прац па рамонту будынка вул Гараднічанская, 32а з добраўпрадкаваннем прылягаючай тэрыторыі. Гэтае памяшканне магло быць выкарыстана абшчынай для правядзення набажэнстваў».[3] Атрымаўшы гэты дакумент, парафія зьвярнулася ў адпаведныя арганізацыі з мэтай падрыхтоўкі будаўнічага праекту на рэканструкцыю будынку.
 
Пакуль рабілася праектна-каштарысная дакументацыя для рэканструкцыі будынку, набажэнствы да красавіка 2009 году адбываліся на Гараднічанскай, 32а. З красавіка 2009 па ліпень 2013 году набажэнствы праходзілі ў часовай капліцы рыма-каталіцкай парафіі Найсьвяцейшага Адкупіцеля па вул. Курчатава, 41, пакуль грэка-каталікі не вярнуліся ў свой рэканструяваны будынак. Аднак, праз адсутнасьць неабходных дакументаў на здачу будынку і дазволу на правядзеньне набажэнстваў, грэка-каталікі з сьнежня 2014 году вымушаныя былі маліцца ў катэдральным касьцёле сьв. Францішка Ксаверыя пры алтары сьв. Язафата. З 1 верасьня 2015 году набажэнствы зноў адбываюцца на вул. Гараднічанскай, 32а.
 
Рэгістрацыя парафіі
Дзяржаўнай рэгістрацыі парафіі ад моманту яе стварэньня і звароту ў адпаведныя структуры давялося чакаць больш за год. Зьміцер Чарнель піша, што, напрыканцы лета 1992 году ў ГДК па вул. Дзяржынскага, 1 адбыўся ўстаноўчы сход гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі, пасьля якога былі пададзеныя дакументы на рэгістрацыю рэлігійнай абшчыны.[4] Аднак дакументы парафіяльнага архіву сьведчаць пра тое, што працэс дзяржаўнай рэгістрацыі парафіі пачаўся нашмат раней. Так, у парафіяльным архіве знаходзіцца заява групы вернікаў, у якой гаворыцца, што на рэгістрацыю ў выканкам Ленінскага раённага Савету народных дэпутатаў Горадні быў пададзены Часовы статут, прыняты на сходзе 14 красавіка 1991 году.[5] Амаль праз год пасьля гэтага старшыня Ленінскага райвыканкаму ў сваім лісьце (ад 24 лютага 1992 году) піша: «Дакументы для рэгістрацыі грэка-каталіцкай рэлігійнай абшчыны ў г. Гродна разгледжаны ў райвыканкаме і накіроўваюцца ў выканкам Гроденскага гарадскога Савета народных дэпутатаў для дальнейшага разгледжання і перадачы ў аблвыканкам».[6] У лісьце да Старшыні Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь Кебіча В. Ф. адносна перадачы грэка-католікам будынкаў манастыра Раства Багародзіцы тагачасны старшыня парафіяльнай Рады Юрась Мацко піша: «Рашэннем горадзенскага аблвыканкама №240/33 ад 12 кастрычніка 1992 г. (Заява вернікаў ад 14 красавіка 1991 г.) нарэшце зарэгістравана грэка-каталіцкая (вуніяцкая) суполка г. Горадні».[7] Зарэгістраваная яна была па прыватным адрасе па вул. Ажэшкі 40, кв. 2, на кватэры Юрася Мацко.
Такім чынам, дата афіцыйнай рэгістрацыі парафіі — 12 кастрычніка 1992 году. Гэты дзень гарадзенскія грэка-каталікі сьвяткуюць як дзень адраджэньня парафіі.
Першапачаткова парафія ня мела сьвятога апекуна. У траўні 1995 году айцец Віктар Данілаў разам з дэлегацыяй каталіцкага духавенства Беларусі зьдзейсьніў пілігрымку ў партугальскі горад Фаціма. Там у 1917 годзе Маці Божая зьявілася тром дзецям-пастушкам і заклікала іх маліцца за навяртаньне Расеі (ўсіх народаў былой Расейскай імперыі). Неўзабаве пасьля гэтай пілігрымкі вернікі абралі Маці Божую Фацімскую нябеснай заступніцай сваёй парафіі. Паколькі Багародзіца зьяўлялася пастушкам у Фаціме з 13 траўня па 13 кастрычніка, то звычайна сьвята Маці Божай Фацімскай сьвяткуецца альбо 13 траўня, альбо 13 кастрычніка. У гарадзенскіх грэка-каталікоў склалася традыцыя сьвяткаваць парафіяльнае сьвята 13 траўня, аднак у апошнія гады, з увагі на дату рэгістрацыі парафіі, яны адзначаюць 13 кастрычніка як другое парафіяльнае сьвята.
 
Сьвятары
Першым парахам парафіі быў а. Віктар Данілаў. Ён выконваў гэтае служэньне да лістапада 2005 году, калі сышоў на пакой і пераехаў у Яраслаўль пад апеку дачкі і ўнукаў.
 
З красавіка 2006 году душпастырам парафіі зьяўляецца а. Андрэй Крот. Ён скончыў у 2004 годзе Вышэйшую духоўную семінарыю ў Драгічыне (Польшча), быў высьвячаны на сьвятара ў ліпені 2005 году і некалькі месяцаў служыў у Пінску.
 
03.09.2006. Айцец Андрэй Крот і тады яшчэ дыякан Аляксандар Шаўцоў правяць сьв. Літургію ў капліцы гарадзенскай парафіі.
З парафіі паходзяць два грэка-каталіцкія сьвятары, якія працуюць у Беларусі. Гарадзенец а. Аляксандар Шаўцоў вучыўся ў семінарыях Польшчы і Ўкраіны і атрымаў сьвятарскія сьвячаньні ў 2006 годзе. Сёньня служыць у полацкай грэка-каталіцкай парафіі сьвятога Язафата.
 
Айцец Зьміцер Чарнель паходзіць з Дзятлаўскага раёну. У 2000—2005 гадах ён вучыўся на гістарычным факультэце Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Пасьля сканчэньня навучаньня ён распачаў навіцыят у львоўскім манастыры Чыну Найсьвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарыстаў). Вучыўся ў Львоўскай грэка-каталіцкай духоўнай семінарыі. Высьвячаны на сьвятара 25 лістапада 2012 году, сёньня працуе ў Менскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі. (Са жніўня 2016 году ён атрымаў новае прызначэньне ў галоўны манастыр рэдэмптарыстаў ва Ўкраіне, дзе выконваць абавязкі прэфекта кандыдатаў, адказнага за фармацыю хлопцаў, што пачынаюць свой шлях у богапасьвячаным стане. — Рэд.)
 
Старшыні парафіі
Першым старшынём парафіі (на той час незарэгістраванай) быў студэнт Гарадзенскага медыцынскага ўніверсітэту Васіль Бязьмен. Пасьля заканчэньня навучаньня ён вярнуўся ў Шчучынскі раён.
 
Наступным старшынём стаў прадпрымальнік Юрась Мацко. За час яго старшынства была зарэгістраваная парафія.
 
У 1993 годзе старшынём парафіі абраны Янка Трацяк. Падчас яго знаходжаньня на пасадзе набыты парафіяльны будынак па вул. Гараднічанскай, 32а.
 
Вітаўт Парфёненка стаў старшынём парафіі ў 1998 годзе. У перыяд яго старшынства была падрыхтаваная праектна-каштарысная дакументацыя і распачатая рэканструкцыя парафіяльнага будынка.
 
З 2009 году старшынём парафіі зьяўляецца айцец Андрэй Крот.
 
Пілігрымкі
Важнае значэньне для рэлігійнага выхаваньня вернікаў і фармаваньня парафіяльнай супольнасьці сталі пілігрымкі і паездкі па рэлігійных месцах Беларусі і замежжа.
 
Пілігрымка гарадзенскіх грэка-католікаў у памяць бл. Марыяны Бярнацкай і Ўсіх беларускіх сьвятых.
Напрыканцы 1995 — пачатку 1996 году група вернікаў зьдзейсьніла пілігрымку ў польскі горад Уроцлаў, на Еўрапейскую сустрэчу моладзі, арганізаваную супольнасьцю з французскага мястэчка Тэзэ. Супольнасьць Тэзэ аб’ядноўвае хрысьціянаў розных веравызнаньняў і ладзіць штогод шматтысячныя сустрэчы ў еўрапейскіх гарадах, на якіх маладыя хрысьціяне разам моляцца, разважаюць над словамі Сьвятога Пісаньня і знаёмяцца адно з адным. Вернікі гарадзенскай парафіі ў пілігрымцы ва Ўроцлаў далучыліся да грэка-каталікоў з Берасьця.
У 1996 годзе з нагоды 400-х угодкаў Берасьцейскай Уніі гарадзенскія грэка-каталікі арганізавалі дзьве аўтобусныя пілігрымкі. Улетку яны наведалі польскую вёску Кастамлоты (недалёка ад беларуска-польскай мяжы). У гэтай вёсцы ўніяцкая парафія была адроджаная ў 20-я гады XX стагоддзя, ператрывала часы камуністычнага перасьледу і захавала жывую традыцыю цягам дзесяцігоддзяў. У лістападзе гарадзенцы наведалі Берасьце і прынялі ўдзел у сьвяткаваньні 400-годдзя Берасьцейскай Уніі, якое ўзначаліў грэка-каталіцкі мітрапаліт Перамышальскі Ян Мартыняк з Польшчы.
 
З 1999 году гарадзенскія парафіяне ўдзельнічаюць у агульнабеларускай грэка-каталіцкай пешай пілігрымцы з Віцебску ў Полацак. Гэтая пілігрымка з 1995 году адбываецца штогод у ліпені, каб ушанаваць памяць Полацкіх мучанікаў — пяцёх манахаў-базыльянаў, якіх забіў расейскі цар Пётар І у Сафійскім саборы (1705 год).
 
У 1999 годзе вернікі гарадзенскай парафіі ўдзельнічалі ў сустрэчы з Папам Янам Паўлам ІІ у польскім горадзе Седльцы. Тады пілігрымы з розных краінаў — Польшчы, Беларусі, Украіны — ушаноўвалі вернікаў парафіі Пратулін, забітых царскімі войскамі за вернасьць Грэка-Каталіцкай Царкве. Ікону Пратулінскіх мучанікаў ад імя грэка-каталікоў Беларусі і Ўкраіны ўручыў Яну Паўлу ІІ вернік гарадзенскай парафіі Андрэй Мацко.
 
Удзельнічалі гарадзенскія грэка-каталікі і ў сустрэчы з Янам Паўлам ІІ падчас яго візіту ва Ўкраіну ў 2001 годзе. Гарадзенцы разам з берасьцейскімі грэка-каталікамі маліліся на літургіі ў Львове, якую Папа саслужыў разам з украінскімі біскупамі.
 
Важнае значэньне для вернікаў гарадзенскай парафіі мелі сустрэчы з братамі і сёстрамі з Украіны, дзе Грэка-Каталіцкая Царква больш разьвітая і мае багатыя літургічныя традыцыі. У 1999 годзе прадстаўнікі парафіі ўдзельнічалі ў Міжнароднай пілігрымцы Ружанца ва ўкраінскае мястэчка Баранява, што ў Закарпацьці, а ў 2001-м — у Крылас, каля Галіча. Да малітвы на ружанцы (адмысловай малітвы да Маці Божай, у якой асноўныя хрысьціянскія малітвы чаргуюцца з разважаньнямі падзеяў з жыцьця Хрыста і Багародзіцы) Маці Божая заклікала хрысьціянаў падчас сваіх зьяўленняў у Фаціме, таму ўдзел у гэтых сустрэчах для гарадзенскіх грэка-каталікоў быў надзвычай важны.
 
Гарадзенская грэка-каталіцкая парафія Маці Божае Фацімскай прайшла доўгі і складаны шлях адраджэньня. Працяглы час яна ня мела ўласнага месца для набажэнстваў, аднак, нягледзячы на ўсе праблемы, працягвала існаваць і разьвівацца. Прыкладам для вернікаў і новых сьвятароў, якія паходзілі з гарадзенскай парафіі, стаў першы парах, айцец Віктар Данілаў. Пілігрымкі ўмацоўвалі парафіяльную супольнасьць і спрыялі знаёмству гарадзенскіх грэка-каталікоў з вернікамі іншых гарадоў Беларусі і замежжа. Сёньня гарадзенская грэка-каталіцкая парафія Маці Божае Фацімскай зьяўляецца невялікай, але дынамічнай рэлігійнай супольнасьцю і важнай часткай канфесійнага аблічча гораду.
 
Крыніцы:
1. З. Чарнель. Адраджэнне грэка-каталіцкай царквы ў Гродне ў 1990-2003 [Электронны рэсурс] / Студэнцкая навука. Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў «Гродна — 875». Рэжым доступу: http://uctopuk.info/875/34.htm. Дата доступу: 25.10.2015.
 
2. Дакумент з архіву Грэка-каталіцкай парафіі Маці Божае Фацімскай у г. Горадні ад 17.07.1991 г.
 
3. Тамсама. Дакумент бяз даты.
 
4. З. Чарнель. Адраджэнне грэка-каталіцкай царквы ў Гродне ў 1990-2003 [Электронны рэсурс] / Студэнцкая навука. Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў «Гродна — 875». Рэжым доступу: http://uctopuk.info/875/34.htm. Дата доступу: 25.10.2015.
 
5. Дакумент з архіву Грэка-каталіцкай парафіі Маці Божае Фацімскай у г. Горадні ад 14.04.1991 г.
 
6. Тамсама. Дакумент ад 24.02.1992 г.
 
7. Тамсама. Дакумент бяз даты.
 
Даклад зьмешчаны ў зборніку матэрыялаў Міжнароднай канферэнцыі ў межах праекту «Гарадзенскі соцыум. Горад і яго жыхары: партрэт на фоне эпохі. Х-ХХ стст.», 7-8 лістапада 2015 г.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"