Друк
19.05.2017
Скарына з вялікай доляй верагоднасьці быў католікам
 
Старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Беларусі, разважаючы над канфесійнай прыналежнасьцю Францішка Скарыны, супаставіў некаторыя факты, якія кажуць пра тое, што асьветнік быў католікам.
 
Па-першае, яго імя — у гонар Францішка Асізскага, заснавальніка францішканаў, галіной якіх былі бернардыны, і з якімі, у сваю чаргу, быў цесна зьвязаны шлях першадрукара да навукі і кнігадрукаваньня, нагадаў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Алесь Жлутка.
 
«У 1490 годзе ў Полацку зьявіліся манахі-бернардыны, а ў 1498 годзе тут быў заснаваны іх кляштар а ў ім касьцёл сьв. Францішка. Ад самага заснаваньня кляштару ў Полацку гвардыянам у ім на працягу 15 гадоў быў Лявон з Ланьцута, манах-бернардын, які перад тым знаходзіўся ў Кракаве. Пры кляштары, а можа яшчэ да яго ўзьнікненьня, працавала школа, дзе найверагодней і здабываў Францішак Скарына веды з лаціны, неабходныя для паступленьня ва ўніверсітэт. Паралельна ён павінен быў спасьцігнуць і праваслаўную літургічную традыцыю, а таксама азнаёміцца з тэкстамі кірылічных богаслужбовых кніг і Сьвятога Пісьма пры адным з праваслаўных манастыроў. Магчыма таксама, што працягваў адукацыю ён у Вільні, дзе таксама дзейнічаў бернардынскі кляштар, з якім полацкія браты падтрымлівалі пастаянную сувязь. Па справах манаскай супольнасьці Лявон з Ланьцута, як кіраўнік кляштару, мусіў раз у год выязджаць на капітулы, якія найчасьцей адбываліся ў Кракаве — сталіцы бернардынаў Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. Мабыць, Лявон з Ланьцута і быў тым апекуном Скарыны, які падтрымліваў яго на шляху да навукі ў Кракаўскім універсітэце, а можа і пазьней у ягонай друкарскай дзейнасьці. Бо ў Кракаве, яшчэ да паступленьня Францішка ва ўніверсітэт, распачаў друк богаслужбовых кніг на царкоўнаславянскай мове Швайпольт Фіёль, якому спрыялі кракаўскія бернардыны. Відаць, ягоны прыклад і натхніў Скарыну на друкаваньне пазьней першай беларускай кнігі — перакладу Бібліі ў чэшскай Празе. Бернардыны прызнавалі ўсе праваслаўныя таінствы апрача вызнаньня веры і не патрабавалі перахрышчваньня, калі хтосьці хацеў далучыцца да каталіцкай традыцыі. У Полацку яны фактычна праводзілі экуменічную працу, скіраваную на паразуменьне і паяднаньне дзьвюх галінаў хрысьціянства. Гэтага экуменічнага кірунку трымаўся і Скарына, выдаючы для братоў праваслаўных Біблію і богаслужбовыя кнігі на зразумелай мове», — лічыць дасьледчык.
 
Такім чынам, хутчэй за ўсё, дзякуючы бернардынам і перш за ўсё Лявону з Ланьцута, Францішак Скарына стаў у 1504 годзе студэнтам Кракаўскага ўніверсітэту. Варта яшчэ прыгадаць, што пры заснаваньні бернардынскага кляштару ў Кракаве ў 1453 годзе, з 130 тых, хто тады ўступіў да бернардынаў, большасьць складалі студэнты і выкладчыкі ўніверсітэту. Гэтая сувязь не парывалася і пазьней. Ня трэба забывацца і на тое, што Кракаўскі ўніверсітэт, як і ўсе тагагасныя еўрапейскія ўніверсітэты, грунтаваўся на каталіцкай традыцыі, вянцом навучаньня была тэалогія, а шкаляры і прафесары павінны былі мець дачыненьне да духовай сферы. Многія належалі да духавенства ці былі манахамі. Навучаньне ў каталіцкім універсітэце ў Кракаве — гэта яшчэ адзін аргумент на карысьць прыналежнасьці Скарыны да традыцыі заходняга абраду.
 
Пасьля атрыманьня ў Кракаве ступені бакалаўра ў 1506 годзе Скарына, верагодна, працягваў навучаньне ў дацкім Капенгагене, дзе павінен быў стаць доктарам вызваленых навук і здабыць выдатныя веды ў медыцыне. Пра гэта сьведчаць дакументы бліскучай абароны ім дактарату з медыцыны ў Падуанскім універсітэце восеньню 1512 году. Апрача таго, у гэтых дакументах ён названы сакратаром дацкага караля. Сакратары манархаў і іншых высокапастаўленых асобаў у той час займаліся ня толькі карэспандэнцыяй і справаводзтвам, але выконвалі і адказныя дыпламатычныя даручэньні.
 
За тры месяцы да абароны Скарынам дактарату ў Падуі, у Рым да Папы Рымскага на пяты Лятэранскі сабор, які пачаўся ўвесну таго году, зьявілася дацкая дэлегацыя, і да пантыфіка Юлія ІІ зьвярнуўся з прамоваю неназваны па імені сакратар.
 
Супастаўляючы даты і акалічнасьці гэтай падзеі, можна з вялікай доляй верагоднасьці, сьцьвярджаць, што гэтым сакратаром быў Францыск Скарына. У Ватыканскім Таемным Архіве, Апостальскай Бібліятэцы і ў бібліятэках Рыму Алесь Жлутка адшукаў дакументальныя паведамленьні пра гэтую аўдыенцыю дацкіх паслоў у папы Юлія ІІ.
 
«У сваёй прамове сакратар дацкага караля Ганса паведаміў, што да Сабору хоча далучыцца вялікі князь Маскоўскі, які раней не апускаўся да прызнаньня ніводнага з сабораў. Вядома з іншых крыніцаў, што дацкі кароль імкнуўся да паяднаньня дзьвюх галінаў хрысьцінства, і схіляў да гэтага маскоўскага ўладара Васіля ІІІ. Гэта было важна таксама і для таго, каб забясьпечыць адзінства хрысьціянскіх дзяржаваў перад турэцкай загрозай, якая ў той час была вельмі адчувальнай. Вядома, што маці Васіля ІІІ была каталічкай усходняга абраду. Пры яго двары было яшчэ некалькі асобаў, якія падтрымлівалі гэтую ідэю, што была блізкаю таксама для Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, дзе суіснавалі дзьве гэтыя плыні хрысьціянства.
 
Перапіска і дыпламатычныя адносіны паміж Даніяй і Польшчаю і Вялікім Княствам, а таксама Даніяй і Маскоўскім княствам патрабавалі наяўнасьці ў дацкай канцылярыі людзей, якія б валодалі старабеларускай і старарасейскай моваю і кірылічнай граматай, ды маглі весьці міждзяржаўныя перамовы таксама і ў справе паяднаньня канфесіяў. Такі таксама пасаж у гэтым дакуменце, што яшчэ ніколі маскоўскі ўладар не апускаўся да ўдзелу ў саборы. Такім чынам, Скарына, як быццам, патрэбны там як мост паміж заходняй і ўсходняй галінамі хрысьціянства. Гэтым, мяркую, ён працягваў выконваць экуменічную місію, запачаткаваную бернардынамі, якая выявілася ва ўсёй яго дзейнасьці, і найбольш — у кнігавыдавецкай», — сказаў Алесь Жлутка.
 
Трэба адзначыць яшчэ, што пасьля выданьня кніг Бібліі ў Празе, у 20-х гадах XVI ст. першадрукар быў сакратаром Віленскага каталіцкага біскупа Яна. Таксама ў Вільні ён ажаніўся на Маргарыце Адвернік, мяркуючы па імені — каталічцы. Тут ён надрукаваў яшчэ два выданьні «Апостал» і «Малую падарожную кніжку», дзе ў акафістах услаўляецца Біскуп Рыму. У пазьнейшым праваслаўным перавыданьні акафістаў, гэта ўжо адсутнічае.
 
Пасьля змушанага растаньня з радзімаю ў 1532 годзе Скарына зноў апынуўся ў Празе, дзе быў у ролі каралеўскага садоўніка і займаўся заснаваньнем каралеўскага сада. З ім перабраліся ў Чэхію і ягоныя два сыны, якія потым служылі ў двух высокапастаўленых каталіцкіх ярархаў. Адзін з іх на імя Францішак, які згарэў падчас пажару ў 1541 году, быў чаляднікам у Яна з Пухава, пазьнейшага адміністратара Пражскай дыяцэзіі. Другі сын — Сымон — быў садоўнікам у Індржыхавым Градцы і лекарам пробашча ў Крумлаве, які стаў потым архіпрасьвітарам Бегінскага краю. Абодва ярархі былі заўзятымі абаронцамі каталіцкай веры.
 
«Такім чынам, усе гэтыя факты з жыцьця Францыска Скарыны: яго імя, навучаньне ў каталіцкіх універсітах, служба яго і сыноў у каталіцкіх ярархаў і манархаў, самі ягоныя творы сьведчаць на карысьць прыналежнасьці першадрукара да каталіцкай канфесіі», — лічыць дасьледчык Алесь Жлутка.
 
У любым выпадку, дасьледваньне біяграфіі і дзейнасьці першадрукара Алесь Жлутка працягне. Праца гэта значная не толькі ў навуковым плане, але і рэлігійным, у кантэксьце ініцыятывы па кананізацыі Францішка Скарыны.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"