Друк
28.07.2017
Адшуканы новыя дакументы з сьледчай справы а. Фабіяна Абрантовіча
 
Беларускі пісьменьнік і журналіст Уладзіслаў Ахроменка адшукаў унікальныя дакументы ў архіве Службы Бясьпекі Ўкраіны з сьледчай справы каталіцкага сьвятара візантыйскага абраду Архімандрыта Фабіяна Абрантовіча, распачатай супраць яго восеньню 1939 году ў Львове.
 
Фабіян Абрантовіч (1884–1946) — адзін з найбольш выдатных беларускіх каталіцкіх сьвятароў свайго часу. Ён быў сярод пачынальнікаў беларускага хрысьціянскага руху ў XX ст. Шмат намаганьняў гэты выдатны беларускі сьвятар і грамадзкі дзяяч прыклаў для пашырэньня ідэяў хрысьціянскай еднасьці і адраджэньня Уніі.
 
Сёньня вядома, што архім. Фабіян Абрантовіч загінуў як мужны вызнаўца веры 2 студзеня 1946 году ў Бутырскай турме ў Маскве. Месца яго пахаваньня застаецца невядомае.
 
У траўні 2003 году ў Маскве намаганьнямі Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча быў распачаты беатыфікацыйны працэс Слугі Божага архім. Фабіяна Абрантовіча.
 
Нягледзячы на тое, што ён шчыра прагнуў служыць для беларусаў і сярод беларусаў, у 1928 годзе Апостальскі Пасад у Рыме, не без уплыву польскіх уладаў, накіраваў айца Фабіяна Абрантовіча з кляштару марыянаў у Друі на Далёкі Ўсход у Харбін, для місійнай працы сярод шматлікіх там расейскіх эмігрантаў. Для гэтага была сьпецыяльна створаная новая грэка-каталіцкая япархія — Апостальскі экзархат з цэнтрам у Харбіне, а. Фабіян Абрантовіч быў прызначаны кіраўніком (Апостальскім адміністратарам) для расейскіх католікаў візантыйскага абраду.
 
Перад пачаткам ІІ Сусьветнай вайны, у чэрвені 1939 году, Архімандрыт Фабіян, як Апостальскі Адміністратар Усходняй місіі ў Харбіне, склаў у Рыме справаздачу аб сваёй працы і затым наведаў сваю радзіму ў Заходняй Беларусі. На зваротным шляху ён пабываў у Львове ў свайго сябра мітрапаліта Грэка-Каталіцкай Царквы Андрэя Шаптыцкага, дзе яго і застала вайна. Больш за месяц ён правёў у Львове. Уласна ў гэты час мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, прыняў рашэньне заснаваць новыя грэка-каталіцкія экзархаты, у тым ліку і для Беларусі. Мітрапаліт Шаптыцкі нават бачыў Фабіяна Абрантовіча адным з магчымых кандыдатаў на беларускага біскупа і кіраўніка Беларускага экзрахату ГКЦ.
 
Замарстынаўская турма ў Львове. Фота да 1939 г.
22 кастрычніка 1939 году пры спробе пакінуць СССР ля гораду Рава-Руская архім. Фабіян Абрантовіч быў затрыманы нямецкімі памежнікамі і вернуты на тэрыторыю СССР, дзе адразу трапіў у Замарстынаўскую турму НКВД у Львове.
 
Пра гэтыя драматычныя старонкі з жыцьця а. Фабіяна Абрантовіча, зьвязаныя з яго арыштам у Львове ў 1939 годзе, распавёў для Радыё Рацыя беларускі пісьменьнік і журналіст Уладзіслаў Ахроменка. Ён адшукаў у архіве СБУ Ўкраіны невядомы раней дакумент пра Фабіяна Абрантовіча, рассакрэчаны ў 2013 годзе — звышсакрэтны даклад з Кіева ад 26 сьнежня 1939 году ў Маскву, наркаму унутраных справаў СССР камісару дзяржбясьпекі Л. Берыю, ад наркама унутраных справаў УССР камісара дзяржбясьпекі Сярова. Ніжэй падаем гэты матэрыял.
 
 
* * *
 
Слова «Ватыкан» і ўсё з ім зьвязанае, выклікала ў савецкае ўлады самую зацятую нянавісьць на мяжы з істэрыкай. Вось толькі некаторыя загалоўкі савецкіх газет 1920—1930-х гадоў: «Каталіцкая рэакцыя на службе сусьветнага імперыялізму», «Рымскія папы — распальнікі вайны!», «Антысавецкая дзейнасьць белапольска-фашысцкіх ксяндзоў».
 
Нават шэраговыя сьвятары падазраваліся саветамі ў тэрарызьме, арганізацыі замахаў на савецкіх правадыроў і, натуральна, у шпіянажы на карысьць Папы Рымскага і белапольскага фашыста Пілсудзкага. А ўжо калі такі сьвятар незаконна пераходзіў савецкую мяжу, лёс яго быў прадвызначаны...
 
У ноч з 24 на 25 верасьня 1939 году савецкі памежны нарад, які абыходзіў мяжу ў раёне мястэчка Рава-Руская, што на Галічыне, затрымаў чарговага парушальніка. Памежнікі не зьдзівіліся: пасьля падзелу Польшчы Савецкім Саюзам і Трэцім Рэйхам, уцекачы пераходзілі тую мяжу тысячамі. Пераважна гэта былі палякі, у якіх на Валыні заставаліся сваякі, а таксама габрэі, якія ўцякалі ад перасьледу нацыстаў. Усе яны ўцякалі ў СССР.
 
Але гэты парушальнік быў незвычайны хаця б тым, што ўцякаў ня ў СССР, а з СССР.
 
«СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО
НАРОДНОМУ КОММИСАРУ ВНУТРЕННИХ ДЕЛ СОЮЗА ССР
КОМИССАРУ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ 1 РАНГА
тов. Берия Л. П.
 
(…) На следствии задержанный показал о себе следующее.
 
Абрантович, 1884 года рождения, уроженец Новогрудского района — БССР, по национальности белорусс, владеющий русским, украинским, польским, немецким, французским, итальянским, китайским, чешским и белорусским языками.
 
С 1901 по 1914 г. Абрантович учился и закончил Петроградскую духовную семинарию, а затем академию и факультет философии Бельгийского университета в гор. Лувны. (маецца на ўвазе г. Лёвэн — Рэд. «Царквы»).
 
С 1914 по 1918 г. был преподавателем в б. духовной гимназии г. Петрограда, потом бежал через немецкий фронт в гор. Новогрудок, где и остался на жительстве, приняв польское подданство.
 
В 1928 г. по предложению бывшего папы Пия-11-го выехал как миссионер духовного ордена Марьянов в Китай, гор. Харбин, где и находился по 1939 г., исполняя обязанности руководителя главного католического дома марьянов.
 
Замарстынаўская турма ў Львове. Фота да 1939 г.
Весной 1939 г. Абрантович был вызван папой Пием-12-м в Рим на доклад о проделанной им работе в Китае, после чего выезжал якобы для лечения во Францию, а затем в Литву, Латвию, Варшаву и Западную Белоруссию повидаться со своими родными и знакомыми. (…)»
 
Біяграфічныя зьвесткі, пададзеныя ў энкавэдэшнай справаздачы, не адлюстроўваюць маштаб асобы Фабіяна Абрантовіча — рэлігійнага філосафа еўрапейскага узроўню і аднаго з людзей, якія стаялі каля вытокаў адраджэньня беларускай дзяржаўнасьці ў 1918 годзе. Дый біяграфічныя зьвесткі відавочна няпоўныя. У свой час Абрантовіч друкаваўся ў рэлігійных часопісах «Крыніца» і «Хрысьціянская думка», дзе перакаўанча даводзіў, што ўсе набажэнствы ў Беларусі мусяць быць толькі па-беларуску, чым нажыў сабе багата ворагаў у польскім Касьцёле. Потым уваходзіў у Раду БНР; меркавалася, што ў будучым Міністэрстве замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі ён стане кіраўніком беларускай Місіі ў Ватыкане.
 
Арышт сьвятара-нацыяналіста такога калібру стаў сапраўдным падарункам для НКВД, які адразу абвясьціў яго «шпегуном Ватыкану» і нават «ідэолагам нацыяналістычна-паўстанцкіх рухаў».
 
ИЗ ДОНЕСЕНИЯ НАРОДНОМУ КОММИСАРУ ВНУТРЕННИХ ДЕЛ СОЮЗА ССР
КОМИССАРУ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ 1 РАНГА ТОВ. БЕРИЯ Л. П.
 
(...) Абрантович является членом миссионерского капитанства — конгрегации попов и миссионеров, связанной с «Интележинс сервис», по заданию которой он был направлен в Харбин (...)
 
Находясь в Риме, Абрантович докладывал папе Пию-12-му о проделанной им работе в Китае, в присутствии Ледом Юзефа, руководителя международной организации борьбы с ІІІ-м Интернационалом в гор. Риме.
 
Тогда же Абрантович получил указания выехать в Западную Украину и в Западную Белоруссию – организовать группу миссионеров-попов для посылки их на Кавказ и Крым с целью проведения там к[онтр]-р[еврлюционной] работы за отторжение Кавказа и Крыма от СССР.
 
По тем же данным, Абрантович был направлен также папой Пием-12-м в Прибалтийские страны, для организации и проведения там антикоминтерновской-националистической работы.
 
Проживая одно время в городе Белостоке, Абрантович находился в близких взаимоотношениях с ксендзом католиком Бухту, который, по данным аг.[ента] «Давыдов», — бывшего сотрудника 2-го отдела польского генштаба, являлся агентом «Интелижанс-сервис».
 
(...) О связях Абрантовича по Белостоку ориентировал НКВД БССР (...)
 
Сярод шматлікіх заданняў, якія ватыканскі шпегун Фабіян Абрантовіч выконваў на загад Рымскага папы, было і сяброўства з украінскімі нацыяналістамі.
 
ИЗ ДОНЕСЕНИЯ НАРОДНОМУ КОММИСАРУ ВНУТРЕННИХ ДЕЛ СОЮЗА ССР
КОМИССАРУ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ 1 РАНГА ТОВ. БЕРИЯ Л. П.
 
(...) Находясь в Западной Украине, незадолго до ареста Абрантович был в г. Львове, где встречался с митрополитом Шептицким — видным украинским националистом, руководителем униацкой церкви.
 
Грэка-католікі, што ўкраінскія, што беларускія, былі для савецкай улады нават страшнейшым ліхам за рыма-католікаў. А Галіцкі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі характарызаваўся саветамі выключна як «махровы рэакцыянер, клерыкал і агент Ватыкану»...
 
Фабіяна Абрантовіча кінулі ў Львоўскую турму НКВД.
 
ИЗ ДОНЕСЕНИЯ НАРОДНОМУ КОММИСАРУ ВНУТРЕННИХ ДЕЛ СОЮЗА ССР
КОМИССАРУ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ 1 РАНГА ТОВ. БЕРИЯ Л. П.
 
(…) Учитывая, что Абрантович подозрителен по шпионажу, он был обеспечен проработкой проверенной камерной агентурой, по материалам которой устанавливается.
 
Мэта чэкістаў была відавочнай: атрымаць ад Абрантовіча сьведчаньні пра сваю шпегунскую дзейнасьць, а таксама максімальную колькасьць імёнаў саўдзельнікаў па контрарэвалюцыйнай арганізацыі.
 
Але ж арыштант катэгарычна адмовіўся даваць нейкія сьведчаньні. Адзінае, у чым ён прызнаўся — у нелюбові да савецкай атэістычнай улады.
 
У 1962 годзе ў Мюнхене выйшла кніжка а. Язэпа Германовіча «Кітай-Сібір-Масква», дзе пададзеныя сьведчаньні пра львоўскую турэмную эпапею а. Фабіяна.
 
«На сьледзтве бальшавікі ўжывалі да айца найвышэйшы нумар сваёй інквізіцыі — аж да іголак пад пазногці і ўліваньне вады ў лёгкія, каб прызнаўся да закідаў, якія ім былі патрэбныя. Але а. Фабіян Абрантовіч не паддаўся — яго зламілі толькі фізічна.(...)
 
Напрыканцы 1939 г. ці напачатку 1940 г. Фабіяна Абрантовіча этапавалі ў Маскву, у Бутырскую турму. Надалей яго сьляды губляюцца. Паводле вартых даверу сьведкаў, у 1943 годзе ён яшчэ быў жывы. Магчыма, а. Фабіяна закатавалі на допытах, магчыма, ён памёр ад хваробаў».
 
Месца пахаваньня Фабіяна Абрантовіча невядомае. Невядомыя і некаторыя асьпекты дзейнасьці а. Фабіяна. Так, у дакументах НКВД згадваецца «беларускае каталіцкае антысавецкае падпольле ў Беластоку», да стварэньня якога нібыта быў датычны сьвятар. Але ніякіх зьвестак пра гэтае падпольле не прыводзіцца. Няма такіх зьвестак ані ў беларускіх, ані ў польскіх крыніцах. Невядомыя таксама акалічнасьці кантактаў Фабіяна Абрантовіча і Галіцкага мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага.
 
Усё гэта можны было б высьвятліць па «літарных справах» на турэмную агентуру Бутыркі, а таксама па сьледчай справе на самаго Абрантовіча. Але гэтыя дакументы знаходзяцца ва ўлікова-архіўнай службе ФСБ, доступ да якіх наглуха закрыты.
 
Радыё Рацыя дзякуе Цэнтральны галіновы архіў СБУ Украіны, г. Кіеў, за прадастаўленыя матэрыялы, архіўную справу — Фонд 16, вопіс 1, адзінка захаваньня 381.
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"