Друк
21.09.2013
Першыя прадстаўнікі нашае Царквы ў Рыме (працяг)
 
З гісторыі беларуска-ўкраінскай грэка-каталіцкай царквы сьвятых Сяргея й Вакха ў Рыме, дзе заховаецца цудатворны абраз Маці Божай Жыровіцкай.
 
Прапануем чарговы ўрывак (пачатак гл. тут) з працы ўкраінскага гісторыка біскупа Івана Хомы «Нарис історії храму Жировицької Богоматері і свв. мучеників Сергія і Вакха в Риме» з кнігі а. доктара Івана Хомы «Київська митрополія в Берестейскім періоді», разьдзел V, с. 185-196, 218-225, Рым, 1979.
 
Аднаўленьне царквы сьвятых Сяргея й Вакха
 
Айцец І. Кульчынскі падае, што заступнік вікарыя Рыму ў дзень 15 чэрвеня 1639 г. увёў айца Піліпа Баравіка й ягонага сябра айца Язафата Ісаковіча да царквы сьвятых Сяргея й Вакха. Айцец Баравік прыйшоў да Рыму як сьвятар, маючы 27 гадоў, і студыяваў у Грэцкай калегіі з 2 траўня 1633 да 8 верасьня 1638 г. У той час ён быў пракуратарам.
 
Грэка-каталіцкая царква сьвятых Сяргея і Вакха ў Рыме
Гэтыя сьвятары знайшлі царкву занядбанай, бо прыбыткі, дамы й сховы перадалі перад гэтым царкве-базыліцы сьвятой Марыі Маджорэ, а царкоўнае аздабленьне забралі айцы францішканы да новае парафіі, хоць гэта не адпавядала намерам ахвярадаўцаў, якія далі ахвяры на царкву, а не на парафію. Праз некалькі месяцаў прыехаў у Рым мітрапаліт Рафаіл Корсак і прывёз з сабой усе шаты, літургічныя кніжкі й сам правіў архірэйскія сьвятыя Літургіі ды пачаў аднаўленьне царквы.
 
Пасьля сьмерці мітрапаліта Корсака царквой апекаваўся кардынал Антоні Барбэрыні. Ён нарадзіўся ў Фларэнцыі ў 1569 годзе, а ў 1592 уступіў у закон капуцынаў. Калі ягоны брат Мафэй у 1623 г. стаў Папам — Урбанам VIII, ён быў тады старэйшым аднаго манастыра каля Фларэнцыі. Папа паклікаў яго да Рыму. Ён прыйшоў пешкі, хоць без энтузіязму, і 7 кастрычніка 1624 г. стаў кардыналам сьвятога Анупрэя. У 1625-1629 быў біскупам Сэнігаліі, а потым, на заклік Папы, зноў прыйшоў да Рыму й зрокся сваёй дыяцэзіі. У Рымскай курыі ён быў чальцом розных Кангрэгацыяў, Правікарыем, прэфектам Пэнітэнцыярыі й бібліятэкарам. Быў вялікім апекуном манастыроў і аднаўляльнікам ды заснавальнікам цэркваў. Дзякуючы ягоным намаганьням і фундацыі, быў закончаны галоўны алтар, адноўлена звонку нашая царква, столь ды павялічаны галоўны ўваход. Ён купіў у францішканаў суседні дом і перабудаваў яго, павялічыў пакоі для манахаў. Даў значныя грошы на бэатыфікацыйны працэс сьвятога Язафата, а калі гэты працэс пасьпяхова закончыўся, дык наладзіў першае вялікае сьвята Вялебнаму ў царкве Ісуса (езуіцкая царква, называная «Эль Джэзу»).
 
Кардынал А. Барбэрыні памёр у 1646 г. і пахаваны ў царкве капуцынаў, а на ягонай труне ёсьць звычайная эпітафія: «Тут ляжыць пыл, попел і нішто». Перад сьмерцю легат запісаў на царкву сьвятых Сяргея й Вакха 100 скудаў у год і аднаразова 200 скудаў на абнову царквы. 3 таго часу ёсьць надпіс над уваходам у царкву: «Ф. Ант. Барбэрыні, кард. сьв. Анупрэя ў гонар сьв. Сяргея й Вакха».
 
Царква ад пачатку была большая, піша айцец Кульчынскі, мела тры нефы, гэта відаць у крыпце, але невядома калі яе зьменшылі. 3 паведамленьняў візітацыяў у 1656 і 1661 гг. вядома, што царква была прыгожа ўбрана. Нейкія дабудовы (даху й пакояў) зроблены ў 1662 г. і ў 1673 (даху й вокнаў). У 1691 г. месца вакол царквы й дома абкладзена камянямі, а ў 1707 годзе дабудавана частка дома на тры паверхі. Скардзіўся на гэта айцец Кульчынскі, што ягоныя папярэднікі за трыццаць гадоў, слухаючы архітэктараў і муляроў, на пазычаныя грошы разбудавалі дом і залезьлі ў яшчэ большыя даўгі, бо ўсе прыбыткі йшлі на выплату працэнтаў. Значны рамонт галоўнага муру давершаны ў 1729 годзе. Працай кіраваў Філіп Барыджоні, ён і зрабіў новы праект галоўнага прастолу. Царкву аднаўлялі й у 1741 годзе пад наглядам архітэктара Францішка Фэрары, а выдаткі пакрылі шанавальнікі абраза Жыровіцкай Божай Маці. Цяперашні зьнешні выгляд царквы зьбярог тую традыцыйную архітэктуру, якую надаў ёй архітэктар Эторэ Банолі ў 1896 г, гэта значыць год перад тым, калі Папа Леў XIII стварыў там «Русінскую калегію» (яе стварэньне даручаў яшчэ ў 1641 годзе папа Урбан VIII).
 
Звонку над уваходам у інтэрнат бачны традыцыйны герб Галіцкай дзяржавы з XIV ст. — леў, які зьвернуты ў правы бок і стаіць на задніх лапах. Калі ён зьмешчаны на гэтым месцы — невядома.
 
 
Стан дому й царквы сьвятых Сяргея й Вакха ў 1650-60-ых гг.
 
3 паведамленьняў візітацыі згаданай царквы, якую правёў 19 жніўня 1656 г. айцец Віргілі Спада, выходзіць, што царква была прыгожа ўбрана й мела тры алтары, з якіх адзін, найбольшы, прысьвечаны сьвятому Міколу, адзін Усячыстай Дзеве Марыі, а яшчэ адзін вялебнаму Язафату. У царкве быў на халсьціне абраз Усячыстай Дзевы Марыі, і ён вісеў на сьцяне недалёка ад дзьвярэй. Былі перад тым у царкве залатая чаша й грэцкія шаты, падарунак мітрапаліта Корсака, вартасьцю 700 эскудаў. У 1656 г. не было ні чашаў, ні стыхароў, толькі чатыры лацінскія й чатыры грэцкія фелоні. Ілітонаў1, ручнікоў і т.п. было дастаткова. Падчас сьвятой Літургіі ўжывалі чашу, якую прынёс з Грэцкай калегіі адзін з навучэнцаў.
 
У доме было няшмат рэчаў. Напрыклад, бібліятэку, якая была вартая больш за 300 эскудаў, прадалі задарма, і толькі засталося каля 80 кніжак малой вартасыці. Будынак быў здвоены, адзін новы, што складаўся з 7 пакояў, а другі стары й няўтульны, з 5 пакоямі.
 
Пра досьлед тае візітацыі напісала Кангрэгацыя да Полацкага архібіскупа Гаўрылы Каляды ў лісьце ад 1 кастрычніка 1658 г., адзначаючы, што стан царквы й калегіі сьвятых Сяргея й Вакха пагоршыўся. Прычына ліха была ў тым, пісала Кангрэгацыя, што наглядчыкамі былі недасьведчаныя студэнты-тэолагі з Грэцкае калегіі, што пры царкве сьвятых Сяргея й Вакха жылі звычайна толькі два манахі, якія павінны былі сьведчыць прыкладам манаскага жыцьця. У сувязі з гэтым трэба абіраць старэйшымі дасьведчаных, паважаных, узорных і адданых сваёй нацыі асобаў, каб маглі мець вялікія посьпехі, прыхільнасьць і добрую славу. У той самы дзень (1 кастрычніка 1658 г.) Кангрэгацыя напісала й да Холмскага біскупа Якуба Сушы ды прыклала выпіс вышэйзгаданага ліста.
 
Годам пазьней (6 траўня 1659 г.) Кангрэгацыя напісала й да Апостальскага нунцыя ў Польшчы: «Тут, у Рыме, як Вам, можа, вядома, ёсьць дом для Русінаў з царквой, прысьвечанай сьвятым Сяргею й Вакху. Іх аддалі гэтай Нацыі з тытулам калегіі». Звычайна там жыве два няўмелыя маладзёны, пісала Кангрэгацыя, і ў мінулым былі праз гэтае пагаршэньні. Хоць Кангрэгацыя ня мела нагляду за домам і царквой, толькі выплочвала на іх штогод 100 эскудаў з фонду кардынала Барбэрыні, апошні раз забясьпечыла іхні побыт. Тут ёсьць два магчымыя рашэньні: здаць дом у арэнду, а прыбыткамі й 100 эскудамі кардынала Барбэрыні ўтрымліваць яшчэ 3-х навучэнцаў Грэцкай калегіі, акрамя чатырох, што маюць там стыпендыю, пакуль прыбыткі царквы й дому сьвятых Сяргея й Вакха ня будуць дастатковымі на ўтрыманьне ўласнае калегіі. Тыя самыя студэнты ў сьвята хадзілі б з Грэцкае калегіі да царквы сьвятых Сяргея й Вакха на службы, каб царква не заняпала.
 
Другое рашэньне маецца такое, як дадзена ў Дэкрэце, каб даручыць інтэрнат гротафэрацкім базыльянам. Аднак мітрапаліт Каляда ня быў рады ні першаму, ні другому рашэньню. Першаму — таму, што ня будуць мець пракуратара. Урэшце прыбыткі ня будуць такімі вялікімі, каб можна было ўтрымліваць трох новых навучэнцаў. Другому — з гротафэрацкімі базыльянамі маглі б узьнікнуць цяжкасьці ў супольным жыцьці. Замест гэтага мітрапаліт абяцаў прыслаць узорных асобаў, каб не было незадавальненьняў.
 
Біскуп Я. Суша 3 лістапада 1663 г., ад імя іншых уладыкаў, даслаў ліст да Кангрэгацыі, у якім напісана: «Уладыкі біскупы надта жадаюць, каб Калегія сьвятых Сяргея й Вакха ў Рыме, якую стварыў Папа Урбан VIII і Антоні Барбэрыні, кардынал сьвятога Анупрэя, была захаваная для сьвятой Уніі, бо добра ведама, як карысна гэтае месца ўсёй Уніі й якое зьдзіўленьне выклікае яно сярод незьяднаных. Хоць нашыя студэнты ўчынілі там ліха, дык няхай Апостальскі Пасад, як маці, усё забудзе. У іншым выпадку, калі б гэтае месца ў нас забралі, дык ня толькі да нашых хатніх бедаў прыйшло б яшчэ адно вялікае ліха, але нашыя ворагі кпілі б таксама, маўляў, нас выгналі з Рыму».
 
Праз пяць гадоў, 18 траўня 1661 г., зноў адбылася візітацыя і быў дадзены вопіс царквы й дому сьвятых Сяргея й Вакха. Царква мае адны вялікія дзьверы, што выходзяць на вуліцу, іх адчыняюць падчас Службаў Божых і двух сьвятаў: сьвятых Сяргея й Вакха ды вялебнага мучаніка Язафата. Тады ўрачыста сьпяваюць па-славянску сьвятую Літургію й Вячэрню. Ёсьць другі, меншы ўваход, праз які ўваходзяць з жылой часткі, праз закрыстыю, у сьвяцілішча. Царква невялікая, але прыгожая, столь новая з прыгожым росьпісам і абраз сьвятых Сяргея й Вакха, намаляваны добрай рукой. Ёсьць тры алтары: вялікі — Найсьвяцейшых Тайнаў, другі — Усячыстай Дзевы Марыі й сьвятых Сяргея й Вакха, а трэці — вялебнага мучаніка Язафата.
 
Вялікі алтар аддзелены ад рэшты царквы іканастасам, на прастоле ёсьць драўляны залачоны ківот, у ківоце ёсьць залачоная з срэбра даразахоўніца.
 
Акрамя гэтага, былі два падсьвечнікі з дрэва, пакрытыя срэбрам, амаль новыя; масянжовы крыж; два залачоныя з дрэва, анёлы. Прастол накрыты трыма абрусамі. Над ківотам нібы зьвісаў маленькі сьцяжок, а насупраць на муры — абраз біскупа сьвятога Міколы на каленях. На мурах, побач з гэтым алтаром, намаляваныя грэцкія сьвятыя, калі адпраўляюць архірэйскую сьвятую Літургію. Іканастас выглядае новым, пасярэдзіне Хрыстос у славе з сьцягам у рукох, ніжэй дванаццаць апосталаў, з бакоў царскіх брамаў Хрыстос і Ўсячыстая Дзева Марыя, на дыяканскіх дзьвярах ёсьць анёл Рафаіл і анёл Ахоўнік, што вядзе хлопца. Праз драўляныя залачоныя царскія брамы бачны прастол і ківот.
 
Другі алтар прысьвечаны сьвятым Сяргею й Вакху, чыё імя носіць царква. Яны намаляваныя на дрэве, сёе-тое прымітыўна. Мітрапаліт Корсак прывёз да Рыму старажытны цудатворны абраз Усячыстай Дзевы Марыі з дзіцяткам на руках, намаляваны «а ля Рутэна» невядома на якім матэрыяле, аздоблены каштоўнымі камянямі, і таму алтар называецца таксама алтаром Божае Маці.
Грэка-каталіцкая царква сьвятых Сяргея і Вакха ў Рыме
 
Кажуць, што гэты абраз перад тым прывёз з Масквы ў Вільню маскоўскі патрыярх Ігнат. Абраз зьмешчаны ў верхняй частцы алтара так, што выглядае, быццам сьвятыя Сяргей і Вакх яго падтрымліваюць. Вакол ёсьць розныя аздобы: анёлы, якія падтрымліваюць карону і т.п.
 
Гэты алтар выглядае прыгожа разам з трэцім, што стаіць насупраць. Яны зробленыя нядаўна з дарагога мармуру, размаляваныя пілястры, над імі дзьве драўляныя калоны, унізе іх падмуркі, а ўверсе капітэлі. Усё тое залачонае, на самым версе ёсьць рамы й дзьве аркі, над якімі ёсьць вазы з каштоўнага мармуру адценьня чырвонае фарбы. Пасярэдзіне маецца крыж, пад крыжам ёсьць прыгожы абраз трох анёлаў за сталом, можа, тых, што былі ў Лота. Каля алтара вялебнага Язафата ёсьць Хрыстос і два вучні з Эмаўса, за сталом. Трэці алтар, прысьвечаны вялебнаму Язафату, прыгожы, як і другі. Ягоны абраз новы, на халсьціне.
 
На сьценах царквы вісела чатыры абразы: два вялікія на халсьце бяз рамаў, адзін блізка да іканастасу — сьвяты Ян Залатавусны з анёламі, намаляваны як патрыярх, насупраць, падобна, сьвяты Васіль. Два меншыя віселі ў глыбіні царквы, за алтарамі: адзін — гэта Ўцелаўленьне, на халсьце з белай драўлянай рамай, другі, крыху большы, з боку алтара вялебнага Язафата, паказваў Маці Божую з Монтэ Сэрата.
 
Пры дзьвярах былі дзьве драўляныя спавядальніцы й 4 лаўкі. У закрыстыі была чаша з дадаткамі (як у лаціньнікаў) і срэбная зорка «а ля грэка». Былі ілітоны, а ў ілітоне губка, якой высыпалі часьцінкі з дыскасу ў чашу. У адной шафе была мітра, якую носяць русінскія архібіскупы, хоць старая, але прыгожая, з чырвонага сукна, якую накрыж падзялялі залататканыя стужкі; аздобленая штучнымі пярлінамі й дыяментамі ды каштоўнымі камянямі. На чатырох баках мітры вышыты 4 грэцкія настаўнікі Царквы. Над той шафай была яшчэ адна з абразамі двух грэцкіх сьвятых біскупаў на дзьвярах і вялебны мучанік Язафат, у шафе быў толькі абраз сьвятога Гераніма.
 
Мелася адна каплічка з двума рэліквіярамі2. Акрамя таго — вялікі й прыгожы рэліквіяр з мошчамі сьвятых Сяргея й Вакха, а яшчэ адзін рэліквіяр меншы, з мошчамі вялебнага Язафата. Было 5 фелоняў «а ля грэка а рутэна»: зялёная, чырвоная, фіялетавая, залататканая, чорная. 3 лацінскіх шатаў была толькі адна фіялетавая фелонь.
 
Кнігі былі такія: Евангельле (па-славянску), абшытае чырвоным сукном, Службоўнік, абшыты скурай, з даўнімі малюнкамі, Трыёдзь, Паракліс, Актоіх, Ірмалагіён, Трэфалагіён, Трэбнік, рукапісны Службоўнік царкоўнаславянскі і адзін рымскі Імшал.
 
У закрыстыі вісеў абраз вялебнага мучаніка Язафата на халсьце, абраз Маці Божай з Дзіцяткам і сьвятым Янам, а над ім Збаўца.
 
1 Ілітон — хустка чырвонага колеру, якая кладзецца на прастол пад антымінс і служыць абгорткаю для апошняга.
2 Рэліквіяр — гэта скрынка, у якой захоўваюцца часткі сьвятых мошчаў.
 
Пераклад з украінскае мовы Ўладзіміра Губскага (Полацак)
 
“Царква”, № 3 (26), 2000, с. 12-13.
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"