Друк

02.12.2011

 

Сустрэць агонь і несьці агонь

 

Падчас сьвяткаваньня ў Менску дня памяці Апостала Андрэя Першапакліканага новы Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці перадаў беларускім грэка-католікам прывітаньне і блаславеньне ад Сьвятога Айца Папы Бенядыкта XVI: “сустрэць агонь і несьці агонь” веры іншым, “не пераймацца тым, што... не такія шматлікія”, бо “моц агню не залежыць ад яго аб’ёму, ад велічыні полымя”, але залежыць ад моцы іскраў ад Госпада, якія здольныя запаліць усё вакол. Пасланьнік Папы таксама падкрэсьліў, што разнастайнасьць Цэркваў і традыцыяў у Паўсюднай Царкве – “гэта не фальклёрны сьпектакль”, гэта прыналежнасьць да даўняй традыцыі, якая мае глыбокія карані.

 

 

Ніжэй прапануем цалкам тэкст казаньня Апостальскага нунцыя ў Беларусі Высокадастойнага Архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцьці на Боскай Літургіі ў гонар сьв. Андрэя Апостала Першапакліканага ў грэка-каталіцкім душпастырскім цэнтры сьв. Язэпа ў Менску ў нядзелю, 27 лістапада 2011 году (гл.  фотарэпартаж на Catholic.by).
 
Апостальскі нунцый архібіскуп Клаўдыё Гуджароцьці
Дарагія Айцы, прысутныя тут,
як лацінскай, так і візантыйскай традыцыяў,
уключна з нашым дастойным Госьцем
з Апостальскай нунцыятуры ў Грузіі,
Азербайджане і Арменіі!

Шаноўныя Прадстаўнікі сьвецкіх уладаў!
Дарагія сябры гэтай грэка-каталіцкай Супольнасьці г. Менску!

 
1. Дазвольце мне гэтую сустрэчу з вамі пачаць з успаміну, які, у нейкім сэньсе, можа растлумачыць, чаму я сапраўды вельмі ўзрушаны тым, што магу сёньня быць тут, паміж вамі.
 
Перш, чым я ў 2001 г. быў прызначаны Апостальскім нунцыем і ў 2002 г. адбылася мая біскупская хіратонія, з 1985 г. я нёс служэньне ў Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў у Рыме. Апека ды спрыяньне разьвіцьцю Супольнасьцяў Усходніх Цэркваў, зьяднаных з Рымскай Царквой, было маёй працай на працягу многіх гадоў. Вельмі добра памятаю той дзень, калі ў 1993 г. айцец Сяргей (Гаек) быў прызначаны Кангрэгацыяй Візітатарам “ad referendum”. Ён атрымаў місію паехаць у Беларусь, паглядзець, усё убачыць і данесьці гэтыя зьвесткі да Апостальскай Сталіцы. І, канешне, калі а. Сяргей вярнуўся ў Рым і расказаў усё, што ён тут у вас бачыў, нам стала вядома пра існаваньне вашых Супольнасьцяў, іх колькасьць і дынаміку. У 1994 г. Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў выслала ў Беларусь а. Сяргея як свайго дэлегата – Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі.
 
Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў мела вялікае жаданьне забясьпечыць душпастырскую апеку грэка-каталіцкім вернікам ужо ў першыя гады пасьля падзеньня Савецкага Саюзу. Гэтая вашая Супольнасьць мела сваю даўнюю традыцыю. Нельга забывацца пра тое, што менавіта на гэтай зямлі знаходзіцца г. Берасьце, дзе 415 гадоў таму адбылося Злучэньне значнай часткі Ўсходняй Царквы на гэтых землях з Рымскай Апостальскай Сталіцай. Таму для мяне прыехаць сюды, каб вас адведаць, гэта тое самае, што адведаць санктуарый Еднасьці.
 
2. Як бачыце, я сёньня між вамі, апрануты ў лацінскую літургічную вопратку. Ведаеце чаму? 14 гадоў я быў дарадчыкам Офісу па справах цэлебрацыі літургіі Сьвятым Айцом. Мы вельмі доўга дыскутавалі аб тым, як Папа можа выказаць сваю пашану да Ўсходніх Цэркваў, у тым ліку і да рызаў. Дасьледаваўшы пытаньне, нам стала ясна, што Папа – біскуп Рыму, і, як біскуп Рыму, мае прывілей Прымату. Але Папа не зьяўляецца біскупам усіх Цэркваў, і таму апранаецца як біскуп Рыму ў рызы лацінскага абраду. Менавіта таму і яго Пасланьнік выбраў гэты варыянт, калі прыбыў у вашую краіну. Разнастайнасьць Цэркваў і традыцыяў у Еднасьці з адной Паўсюднай Царквой – гэта не фальклёрны сьпектакль. Гэта прыналежнасьць да даўняй традыцыі, якая мае глыбокія карані.
 
3. Калі заключалася Унія, адбыўся сам акт гэтай Еднасьці, усходнім католікам была дадзена права захаваць сваю літургічную традыцыю, сваё царкоўнае права. Але, на жаль, мы не адразу змаглі зразумець сэнс ды вартасьць гэтай традыцыі. (Паўстала нават тэорыя, згодна з якой, лацінскі абрад быў найбольш каталіцкім з усіх каталіцкіх). І толькі з цягам часу, дзякуючы Сьвятому Духу, пасьля ІІ Ватыканскага Сабору мы зразумелі, наколькі памылковымі былі тыя ўяўленьні.
 
Сёньня мы разумеем, што Ўсходнія Цэрквы маюць вялікую літургічную традыцыю, ня меншую за лацінскую. Скажу больш, Усходнія Цэрквы маюць магчымасьць засьведчыць для Паўсюднай Царквы гэтае багацьце ўсяго Ўсходу, застаючыся пры гэтым у поўнай Еднасьці з Ёй.
 
Вы, Дарагія Браты і Сёстры, зьяўляецеся знакам гонару Каталіцкай Царквы, таму што вы паказваеце, як быць прыкладам разнастайнасьці ў Каталіцкай Царкве.

Гэта знак для нашых Гасьцей, для прадстаўнікоў сьвецкіх уладаў, што для Каталіцкай Царквы няма розьніцы паміж яе дзецьмі, і незалежна ад таго, якім чынам яны выказваюць сваю веру ў адзінага Госпада, яны заўсёды аднолькава каштоўныя.
 
Гэта ўсё павінна адбывацца ў атмасферы вялікага братэрства з Праваслаўнай Царквой. Бо спасьцігаючы і прымаючы розьніцы і перашкоды, якія ёсьць на дарозе да поўнай Еднасьці паміж намі, першае, што зьяўляецца сапраўды важным – гэта хрысьціянская любоў.
 
4. Я вельмі шчасьлівы, таму што мая тытульная япархія знаходзіцца ў мясьцовасьці Равэла ў Італіі. Гэта месца знаходзіцца за 3 кіламетры ад г. Амальфі, дзе спачываюць мошчы сьв. Апостала Андрэя. Сёньня, сьвяткуючы памяць сьв. Андрэя, пачуваю сябе тут, як дома.
 
Як навучае нас усходняя традыцыя, сьв. Апостал Андрэй – Першапакліканы. Гімны, песьні, прысьвечаныя гэтаму сьвятому, маюць асаблівае багацьце. (Вельмі рады, што прысутнічае тут Мансіньёр Філіп – прадстаўнік Апостальскай нунцыятуры ў Грузіі, якую, паводле традыцыі, евангелізаваў сьв. Апостал Андрэй). Што мы знаходзім у гэтай багатай гімнаграфіі ўсходняй традыцыі? Хачу асаблівым чынам падкрэсьліць адносіны сьв. Апостала Андрэя да сьв. Яна Хрысьціцеля. Андрэй – адзін з пасьлядоўнікаў Яна Хрысьціцеля, якія пачулі: “Вось Ягнё Божае, Які бярэ на Сябе грахі сьвету”. Убачыўшы Ісуса, Андрэй адчуў сябе здольным адказаць Яму на гэта пакліканьне: “Ідзі за Мной!”. І ён ня толькі ідзе за Ім, але адразу ідзе да свайго брата Пятра і кажа: “Я знайшоў Госпада”.
 
Андрэй – першы евангелізатар. Які ж будзе ягоны лёс як прапаведніка? Ісьці за Ісусам і насьледаваць Яго, прыняўшы такую ж сьмерць, як і Госпад, – вось ягоны лёс. Паводле традыцыі сьв. Андрэй быў укрыжаваны на крыжы у форме літары “Х”.
 
5. Дарагія браты і сёстры! Калі мы сустрэнем Хрыста, мы ня зможам Яго не прапаведаваць. Але прапаведуючы Хрыста, ці зьяўляемся мы сапраўды вестунамі Добрай Навіны, з якой сустрэліся, і якая завалодала намі, ці мы проста, перадаем інфармацыю, як кнігі? Але ніхто не аддасьць жыцьцё дзеля кнігі, але толькі дзеля любові да асобы.

Я упэўнены, што гэты час на беларускай зямлі зьяўляецца вельмі важным, гэта павінен быць час прапаведваньння Слова любові. Пакліканьне апостала Андрэя вучыць нас, што трэба сапраўды сустрэцца з Хрыстом, Які нас кліча, і адначасова абавязкова занесьці гэтую Навіну іншаму чалавеку.
 
6. Хачу вам усім перадаць словы прывітаньня і блаславеньня ад Сьвятога Айца Папы Бенядыкта XVI, а менавіта: сустрэць агонь і несьці агонь. Не пераймацца тым, што, можа, мы не такія шматлікія. Бо моц агню не залежыць ад яго аб’ёму, ад велічыні полымя. Не залежыць ад велічы вогненага слупа, але ад моцы іскраў.
 
Няхай сьвяты Апостал Андрэй спадарожнічае вам і дапаможа вам запаліць гэтую іскру ад Госпада, у Яго гарачыні і бляску, ды зразумець, што гэтая іскра – вялікая сіла, здольная запаліць усё навокал.Уся Каталіцкая Царква будзе вам ўдзячна, калі вы, атрымаўшы гэтую іскру, захаваеце яе жывой.
 
У гэты час майго знаходжаньня тут, у Беларусі, спадзяюся яшчэ ня раз сустрэцца з вамі, і менавіта ад вас запаліцца іскрай жывога агню веры ды любові дзеля служэньня вашай зямлі.
 
Найлепшыя пажаданьні ўсім вам, каб Сьвяты Дух дапамог нам споўніць усе задуманае. Амін.
 
Паводле Svjazep.org

 

 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"