Друк

10.05.2012

Ватыканскі ярарх разам з грэка-католікамі памаліўся за Менск і за ахвяры вайны
 
Малебен за горад Менск, усіх яго жыхароў і тых, хто аддаў сваё жыцьцё за вызваленьне Беларусі падчас ІІ Сусьветнай вайны, адбыўся ў Грэка-каталіцкім душпастырскім цэнтры сьв. Язэпа ў Менску 7 траўня 2012 году. У малітве, якая адбывалася ў дзень літургічнага ўспаміну Маці Божай Жыровіцкай, прыняў удзел Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў славацкі грэка-каталіцкі архібіскуп Цырыл Васіль, SJ. Уладыка ўзначаліў малебен за жыхароў Менску, а таксама за ахвяраў ІІ Сусьветнай вайны.
  
Разам з ватыканскім ярархам маліліся Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей Гаек, Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці, рыма-каталіцкі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Віцебскі Ўладзіслаў Блін, сьвятары і вернікі візантыйскага і лацінскага абрадаў. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі ўлады.
 
Падчас малітоўнай сустрэчы ў цэнтры сьв. Язэпа Ўладыка Кірыла (Васіль) асьвяціў ікону Ісуса Хрыста, якая будзе знакам памяці пра яго візіт у Беларусь. Мэта ж візіту ватыканскага ярарха — знаёмства з жыцьцём грэка-каталіцкай супольнасьці ў Беларусі, а таксама сумесная малітва за Беларусь разам з каталіцкімі вернікамі абодвух абрадаў у асабліва памятныя для беларусаў дні: з нагоды сьвята Маці Божай Жыровіцкай, Апякункі Беларусі, які адзначаецца 7 траўня, і ў дзень 9 траўня — Дзень памяці па ахвярах вайны. Гэтыя сьвяты — добрая нагода для ўшанаваньня мучаніцкага подзьвігу беларускага грэка-каталіцкага Экзарха Антона Неманцэвіча і ягонай паствы.
 
Молячыся за супакой у нашай краіне і ў грамадзтве, архібіскуп Кірыла (Васіль) нагадаў, што Царква і сёньня перасьледуецца, але “Царква служыць і насьледуе Хрыста, Які таксама быў перасьледаваны”. “Моц Царквы ў тым, што адна супольнасьць дапамагае іншай, і разам радуюцца”, — дадаў ватыканскі госьць.
 
Прадстаўнік ватыканскага ведамства адзначыў медалямі Сьвятога Айца за заслугі перад Царквой грэка-каталіцкіх вернікаў Івана Антанюка і Паўла Абламейку, якія шмат зрабілі для разьвіцьця грэка-каталіцкай супольнасьці ў Менску.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"