Друк

14.05.2012

Захоўваць ідэал Еднасьці, абвяшчаць моц маленькіх, прыніжаных і непрызнаных
 
“У сьвеце вялікіх і моцных мы пакліканы разам з Марыяй, Маці Божай, абвяшчаць моц маленькіх, прыніжаных, непрызнаных”, – сказаў 8 тарўня 2012 году Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў архібіскуп Кірыла Васіль падчас архірэйскай Боскай Літургіі, якую ён адслужыў па-беларуску ў дзень парафіяльнага сьвята івацэвіцкай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Жыровіцкай. Уладыка прамовіў таксама і казаньне па-беларуску.
 
Разважаючы пра тое, што ёсьць памяць і вечнасьць для людзей і для Бога, ватыканскі ярарх на прыкладах мучаніцкага шляху Экзарха Антона Неманцэвіча – яго сабрата па манаскай супольнасьці айцоў-езуітаў, а таксама служэньня настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода, паказаў веліч іх пасланства і місіі. Уладыка нагадаў словы Госпада пра тое, што Ён “скінуў моцных з пасадаў і ўзьнёс пакорных”, ды заклікаў таксама і вернікаў маленькай Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы не губляючы надзеі несьці яе іншым, не зважаючы на непатрэбнасьць, марнасьць і нязначнасьць сваёй місіі ў вачах гэтага сьвету захоўваць вернасьць Богу і служыць Еднасьці.
  
Ніжэй прапануем тэкст казаньня Ўладыкі Кірылы ў Івацэвічах. (Тэкст з сайту Svjazep.org, у ім таксама выпраўлены некаторыя моўныя памылкі).

 

К А З А Н Ь Н Е
Высокадастойнага Архібіскупа Кірылы (ВАСІЛЯ)
падчас Боскай Літургіі ў Івацэвічах 8 траўня 2012 году

 
Хрыстос уваскрос!
 
Ваша Эксцэленцыя Апостальскі Нунцый, мансеньёр Гуджэроцьці, дастойны Апостальскі Візітатар Архімандрыт Сяргей (Гаек), дарагія сьвятары, браты і сёстры, асабліва вернікі парафіяў Івацэвічы і Баранавічы, паважаныя прадстаўнікі сьвецкіх уладаў, дарагія вернікі і пілігрымы абодвух абрадаў.

Мы сабраліся тут сёньня, каб успомніць падзеі і асобы мінулага, але кожны ўспамін стаецца таксама магчымасьцю лепш зразумець наш цяперашні час і каб планаваць нашую будучыню.

Непасрэдная нагода (гэтай сустрэчы) – успамін сьведчаньня веры Апостальскага Экзарха Беларусі, айца Антона Неманцэвіча (Таварыства Ісусава), які 70 гадоў таму, арыштаваны гестапаўцамі, стаў на шлях мучаніцтва, шлях найвышэйшага сьведчаньня вернасьці Госпаду і народу Божаму, на служэньне якому паклаў усё сваё жыцьцё. Ягоны крыжовы шлях быў зьяднаны з крыжовым шляхам ягонага народу, асуджанага на перасьледаваньне, на цярпеньне, на зьнішчэньне. Успамін айца Антона Неманцэвіча нагадвае нам пра шматлікія іншыя ахвяры вайны, з блізкага тут Палесься, Слоніма, але таксама і з іншых рэгіёнаў гэтай любай краіны Беларусі, урэшце ўсіх ахвяраў 2-ой Сусьветнай вайны, усіх нявінных ахвяраў усіх войнаў у гісторыі чалавецтва. Кожная вайна ёсьць вайна братазабойчая, бо брат забівае брата, а мы ж усе маем Адзінага Айца, Бога, у якім мы ўсе — браты. Калі войны ад часоў Каіна аж да сёньня, на жаль, яшчэ існуюць, гэта магчыма толькі таму, што мы забываем гэту вялікую праўду, таму што хочам выштурхнуць Бога з нашага жыцьця, з сьвету нашых каштоўнасьцяў, і нашых рашэньняў. Калі, наадварот, мы жадаем сапраўды жыць у сьвеце бяз войнаў, мусім зрабіць усё, каб паставіць Бога на першае месца ў сэрцы людзей і, такім чынам, гледзячы на Яго, на вобраз Ягонага Адзінароднага Сына, зможам вызнаваць, што ў Хрысьце кожны чалавек ёсьць маім братам.

У нашай візантыйскай літургіі, успамінаючы памерлых, звычайна сьпяваем ім “Вечная памяць”. Але ў пасхальным часе, у якім мы знаходзімся, гэты сьпеў замяняецца іншым: “Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў”.
 
Абодва гэтыя сьпевы маюць моцны духоўны і эмацыйны зарад і глыбокае пасланьне. Кардынал Тамаш Шпідлік, вялікі знаўца ўсходняй хрысьціянскай духоўнасьці, на сваіх лекцыях у Папскім Усходнім інстытуце (у месцы, дзе вучыўся таксама наш айцец Антон Неманцэвіч) так тлумачыў словы “Вечная памяць”. Ці рэальна для нас, людзей, абмежаваных часам, зычыць “вечную” рэч. Ці мы здольныя гарантаваць вечную памяць? Калі будзем шчырымі, мусім вызнаць, што чалавечая памяць мала-памалу слабее, памяць нашых блізкіх – наколькі пра нас могуць памятаць дзеці, унукі і іншыя нашчадкі - пачынае марнець. Асобу могуць памятаць праз доўгі час, магчыма нават сто гадоў, магчыма нават тысячу гадоў, але пазьней ідзецца з большага пра ўспамін сымбалічны, пасланьне, успамін духоўнае спадчыны, але часта пазбаўлены ўжо той цеплыні і чалавечага вымярэньня, якім ахінаем нашых блізкіх, якіх мы ведалі непасрэдна. І хто можа гарантаваць, што сапраўды чалавека будуць памятаць – хто з нас можа гарантаваць будучыню?
 
Вось жа, што азначае жадаць некаму “Вечная памяць”? Вечны ёсьць толькі Бог. У Ім прысутныя і жывыя ўсе часы, усе падзеі, усе асобы. У Ім, Які ёсьць найвышэйшым дабром, спаўняецца і ацэньваецца кожнае дабро, зробленае намі ў жыцьці. Гэтае дабро нашых учынкаў ня будзе змарнавана нашай чалавечай немаччу, нашай няўдачай, ня будзе змарнавана ў плыні часу, ня будзе змарнавана грахом, ня будзе зьнішчана нават сьмерцю. Памяць Божая – гэта месца, дзе зьбярэжаныя і захаваныя ўсе нашыя ўчынкі. Таму жадаць “Вечную памяць”, азначае выказваць веру і жаданьне, каб жыцьцё нашых блізкіх было сапраўды “вечным”, паколькі яно зьяднана з Богам. Толькі Ён можа гарантаваць вечнасьць.
 
Чалавечая гісторыя бачыла, як мінаюць імперыі, сістэмы і рэжымы, якія абвяшчаліся “вечнымі”, і ад якіх сёньня засталіся толькі згадкі ў кнігах па гісторыі. Фараоны пабудавалі піраміды, каб іх памяталі, і іхнія імёны ведаюць сёньня толькі сьпецыялісты. Войскі вандалаў, гунаў, авараў перасяклі цэлую Еўропу – але іх імя захавалася толькі як сінонім зьнішчэньня. Нацысцкі “Трэці Рэйх” абвяшчаў сябе “тысячалетнім” і на працягу 12 гадоў свайго існаваньня прынёс кроў і зьнішчэньне вялікай частцы сьвету, але ўрэшце ён упаў, насьледуючы лёс усіх рэжымаў, што хацелі паставіць на месца Бога чалавека, расу, або ідэю.
 
Нашыя браты і сёстры – ахвяры вайны, перасьледаваньня, зьнішчэньня – нягледзячы на фізічную сьмерць, учыненую ім, часта ў жорсткі і бесчалавечны спосаб, ёсьць жывыя. Ёсьць жывыя ня толькі таму, што жывыя ў нашай памяці, у памяці іхніх пераемнікаў і нашчадкаў, але таму што жывыя ў памяці Божай, з якой не прападае нічога.
 
Вось гэты сымбаль паразы і зьнішчэньня – сьмерць – робіцца сымбалем перамогі. Не дзеля заслугаў або дзеля чалавечае сілы, але сілаю гістарычнае падзеі, якая перамяніла гісторыю чалавецтва – дзякуючы Ўваскрасеньню Хрыстоваму. “Хрістос воскресе із мертвых смертію смерть поправ і сушчім во гробех жівот даровал”. Хрыстос перамог сьмерць Сваёй уласнай сьмерцю. Крыж, знак паразы, стаў знакам перамогі. Інструмент сьмерці стаў інструментам жыцьця.
 
Успамінаючы жыцьцё і дзейнасьць айца Антона Неманцэвіча, нехта можа сказаць, што ідэя ягонага пасланьніцтва, здаецца, не разьвіваецца. Здаецца, што ягонае жаданьне вярнуць Еднасьць Царкве, таксама ў Беларусі, у сэрцы беларускага народу, не дало чаканых пладоў. Здаецца, што ідэя, якую ён і шматлікія падобныя да яго “ідэалісты”, як ён, прадстаўлялі і прапагандавалі, сёньня адкінутая, забытая, нераспаўсюджаная. Як мы павінны рэагаваць на гэтую канстатацыю гэтае відавочнасьці, як не згубіць энтузіязму і надзеі?
 
Каб не згубіць адвагі і энтузіязму мусім павярнуцца зноў да гісторыі. Праз некалькі дзён мы будзем сьвяткаваць памяць сьвятых апосталаў славянскіх Кірылы і Мятода. У парафіі Баранавічаў гэты ўспамін сьвяткуецца як парафіяльнае сьвята. Гэтыя сьвятыя браты пакінулі багацьце сваёй сям’і, пакінулі жыцьцё сярод бляску візантыйскага імператарскага двору – усё гэта, каб служыць Богу, каб абвяшчаць славянскім народам Хрыста. Іхняя місія суправаджалася нечаканымі посьпехамі і цяжкімі паразамі. У сьвеце, падзеленым паміж сферамі ўплыву дзьвюх вялікіх імперыяў – Франка-Германскай, спадкаемцай старажытнага Рыму, і Візантыйскай, Новага Рыму, Канстанцінопалю, – яны былі аднолькава блізкія да абодвух гэтых сталіц, даючы жыцьцё эксьперыменту, які адкрыў кругагляд славянскім народам. Яны далі славянам, нашым продкам, пісьменнасьць, культуру, закон. Яны паказалі шлях як стаць народамі моцнымі, незалежнымі, якія могуць адчуваць сябе на роўных з сваімі суседзямі – без этнічных або культурных комплексаў. З духоўнага пункту погляду яны жадалі зьяднаць гэтыя народы з Рымскім Пасадам, захоўваючы аднак духоўную і літургічную сувязь з Канстанцінопалем. Які вялікі ідэал, якія вялікія персьпектывы! Але як шмат ім давялося пацярпець, каб зрушыць яго наперад. Сьвяты Мятод, прызначаны Папам у якасьці папскага легата для славянскіх народаў, быў увязьнены сваімі сабратамі, франкскімі біскупамі. Вучні Мятода пасьля ягонай сьмерці былі выгнаныя з Вялікай Маравіі, і ў гэтых землях упрадоўж цэлых стагоддзяў імя Кірылы і Мятода было амаль забытае. Ідэал аднолькавай годнасьці ўсіх народаў на працягу стагоддзяў быў зьняважаны, падпарадкоўваючы адзін народ другому, дазваляючы аднаму народу гаспадарыць над іншым. Ідэал духоўнай еднасьці, сапрычасьця ўсіх хрысьціянаў у Царкве “адзінай, сьвятой, паўсюднай і апостальскай”, пад кіраўніцтвам намесьніка Пятра, як найвышэйшага гаранта сапрычасьця ў веры – таксама і гэты ідэал цяжка цярпеў праз падзелы, якія на працягу другога тысячагоддзя ранілі Царкву па віне людзей з усіх бакоў.
 
Нехта можа сказаць, што місія сьвятых Кірылы і Мятода перажыла правал, няўдачу. Таксама як ідэя еднасьці Цэркваў – ідэя, якая знайшла сваю гістарычную форму і выяўленьне ўласна на беларускіх землях больш чым чатыры стагоддзі таму. Але Госпад ёсьць Госпадам гісторыі. Ён не вымярае час нашымі чалавечымі меркамі. Крытэры, якія ён выбірае, каб штурхаць наперад гісторыю, не адпавядаюць чалавечым крытэрам. Сёньня сьвятыя Кірыла і Мятод вызнаюцца прасьветнікамі, носьбітамі культуры і годнасьці. Яны, праз доўгія стагоддзі забытыя ў заходнім сьвеце, сёньня ўшаноўваюцца як патроны Еўропы. Іхні ідэал успамінаецца сёньня як яскравы прыклад для экуменічнага руху, які імкнецца загаіць раны разьдзяленьня. Беларуская Грэка- Каталіцкая Царква з гонарам можа адчуваць сябе моцна зьвязанай з гэтым іх пасланьніцтвам і гэтым іх ідэалам. І нават калі адчувае сябе невялікай, магчыма, як тая, якую мала бяруць да ўвагі, мала каштоўнай, або і наўпрост забытай і недаацэненай, жыве сваёй верай з даверам, уласьцівым сьвятым Кірылу і Мятоду, шматлікім мучанікам і вызнаўцам веры мінулых стагоддзяў – айцу Антону Неманцэвічу і шматлікім іншым беларусам, што ахвяравалі свае жыцьці ў надзеі пабачыць у сьвеце, пазначаным войнамі, перамогу міра, у разьдзеленым хрысьціянстве – еднасьць паміж хрысьціянамі, у чалавецтве, падзеленым праз шматлікія прычыны – мірнае суіснаваньне паміж усімі людзьмі.

Беларуская Царква, асабліва Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква ёсьць невялікая і пакорная. Але ўласна праз гэта яна можа прысвоіць сабе словы Марыі ў ейным сьпеве “Магніфікат”: “Госпад глянуў на пакорнасьць служкі сваёй” ды “...скінуў моцных з пасадаў і ўзьнёс пакорных”.
 
У сьвеце вялікіх і моцных мы пакліканы разам з Марыяй, Маці Божай, абвяшчаць моц маленькіх, прыніжаных, непрызнаных. “Усе пакаленьні” называюць блаславёнай гэтую малую служку Госпада. Маці Божая ўзьвялічваецца і называецца блаславёнай таксама на гэтых землях, са шматлікімі тытуламі, пад рознымі імёнамі, што памятаюць і прыклікаюць Яе як Заступніцу. Асабліва ўспамінаем Яе як Маці Божую Жыровіцкую, праз Ейную ікону так глыбока шанаваную ў беларускім народзе.
 
Маці Божая ў сваёй пакорнасьці нясе сьвету збаўленьне, Свайго Сына – Сына Божага.
 
Беларуская Царква ў сваёй нязначнасьці і пакорнасьці паклікана споўніць тую самую вялікую справу: данесьці да гэтага сьвету, да людзей, спрагненых надзеі, да людзей прыгнечаных і пакінутых вялікімі сістэмамі і вялікімі ідэалогіямі, голас Сына Божага, голас надзеі.
 
Адкуль маем такую пэўнасьць? Адкуль паходзіць наша надзея перад абліччам зьнешняй паразы, перад абліччам мучаніцтва, перад абліччам пакінутасьці? Яна паходзіць з глыбокай праўды, якую абвяшчаем штораз нашым сьпевам: “Хрыстос ўваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым, што ў магілах жыцьцё дараваў”.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"