Друк
14.03.2013
У Пецярбургу пачаліся набажэнствы на беларускай мове
 
У Санкт-Пецярбургу ў нядзелю, 10 сакавіка 2013 году, у рыма-каталіцкім касьцёле Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Дзевы Марыі пачаліся набажэнствы ў візантыйскім абрадзе на беларускай мове — паведамляе сайт “Беларусы Пецярбурга”.
 
Рэгулярныя беларускія набажэнствы ў паўночнай расейскай сталіцы аднавіліся пасьля значнага перапынку. Раней па-беларуску ў Санкт-Пецярбургу служылі рыма-каталіцкія сьвятары-беларусы, аднак з цягам часу ўсе яны зьехалі.
 
Цяпер зроблена новая спроба згуртаваць пецярбургскіх вернікаў-беларусаў, на гэты раз у малітве паводле візантыйскай традыцыі, якая блізкая таксама і праваслаўным. Гэта стала магчымым, дзякуючы высілкам некалькіх энтузіястаў-беларусаў і пры падтрымцы пецярбургскага грэка-каталіцкага сьвятара айца Кірылы Міронава. Як адзначае сайт “Беларусы Пецярбурга”, на першай грэка-каталіцкай багаслужбе па-беларуску прысутнічала 16 вернікаў, якія палымяна ўзносілі свае сэрцы ўгору да Госпада і з надзеяй прамаўлялі: “Госпадзі, зьмілуйся!”
 
Службу прыгожа аздобілі беларускія духоўныя гімны “Магутны Божа” і “Дай, добры Божа”, прасьпяваныя грамадой вернікаў на пачатку і напрыканцы Боскай Літургіі. Разам з вернікамі маліўся і сьпяваў беларускія гімны прафесійны оперны сьпявак Лявон Габрусёнак.
 
Літургічныя нядзельныя чытаньні ў гэты дзень былі пра ўспамін аб Страшным судзе. Менавіта таму падчас казаньня айцец Кірыла акцэнтаваў увагу на апошніх рэчах і апошніх часах, якія чакаюць кожнага чалавека.
 
Таксама, зьвяртаючыся да прысутных беларусаў, расейскі грэка-каталіцкі сьвятар адзначыў, што Царква павінна арганічна ўпісвацца ў той культурны і нацыянальны кантэкст, у якім знаходзіцца, і больш за тое — спрыяць разьвіцьцю і ўдасканаленьню нацыянальных каштоўнасьцяў народа, напаўняючы іх хрысьціянскім зьместам.
 
Пасьля сьв. Літургіі вернікі з сваім сьвятаром урачыста прасьпявалі яшчэ Акафіст Багародзіцы, таксама па-беларуску. Наступная беларуская багаслужба ў грэка-каталіцкай парафіі сьв. Кірылы і Мятода, па дамоўленасьці з душпастырам, адбудзецца ў сярэдзіне красавіка, падчас Вялікага посту (грэка-католікі ў Расеі жывуць паводле юльянскага календара).
 
Паводле словаў а. Кірылы Міронава сьв. Літургію па-беларуску ў грэка-каталіцкай парафіі сьв. Кірылы і Мятода ў Санкт-Пецярбургу ён будзе служыць раз на месяц.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"