Друк
08.07.2013
Сьвята апосталаў Пятра і Паўла зноў прайшло пад знакам экуменізму
 
У Рыме і сёлета была захавана традыцыя экуменічнага сьвяткаваньня ўрачыстасьці Вярхоўных апосталаў Пятра і Паўла: на сьвята прыбыла праваслаўная дэлегацыя ад Канстанцінопальскага Патрыярхату на чале з мітрапалітам Пергамскім Янам Зізіуласам, сустаршынём Зьмяшанай міжнароднай камісіі па багаслоўскім дыялогу паміж Каталіцкай і Праваслаўнай Цэрквамі.
 
Візіт праходзіў у рамках традыцыйнага абмену паміж дзьвюма дэлегацыямі Цэркваў з нагоды сьвятаў сьвятых заступнікаў: апосталаў Пятра і Паўла — 29 чэрвеня і апостала Андрэя — 30 лістапада, калі ў Стамбул адпраўляецца дэлегацыя ад Сьвятога Пасаду.
 
Як паведамляе Расейская служба Радыё Ватыкану, 28 чэрвеня 2013 году прадстаўнікі Канстанцінопальскага Патрыярхату былі прынятыя на аўдыенцыі Папам Францішкам. Затым адбыліся калоквіюмы праваслаўных дэлегатаў з сябрамі Папскай Рады па спрыяньні хрысьціянскай еднасьці. А 29 чэрвеня прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы прысутнічалі на ўрачыстай Сьвятой Імшы ў гонар сьвятых вярхоўных апосталаў Пятра і Паўла, якую ўзначальваў Рымскі Архірэй.
 
З сьвятам сьв. Апосталаў Пятра і Паўла зьвязана яшчэ адна традыцыя, якая ўсталявалася з мінулага году, калі ў Рым прыязджаў англіканскі хор Вэстмінстарскага абацтва, які выступаў разам з Папскай музычнай Сікстынскай капэлай: абодва калектывы сьпявалі на Сьвятой Імшы 29 чэрвеня. Сёлета ў Ватыкан прыехаў лютаранскі хор — знакаміты лейпцыгскі Таманэрхор, якім у свой час кіраваў Ёган Себасьцян Бах. Напачатку чэрвеня 2013 году Сікстынская капэла наведала Лейпцыг для сумесных рэпетыцыяў, а 29 чэрвеня, ва ўрачыстасьць сьв. Пятра і Паўла, увечары абодва хоры выступілі ў Сікстынскай капліцы ў Ватыкане з шырокім рэпертуарам: былі выкананы творы Баха і Палестрыны, а таксама цяперашняга кіраўніка Таманэрхора Хрыстафа Білера, сучаснага грэцкага кампазітара Дзімітрыя Тэрзакіса і сучаснага польскага кампазітара Кшыштафа Пендэрэцкага.
 
Таманэрхор і хор Папскай музычнай капэлы ўпрыгожылі сваімі сьпевамі і ўрачыстую літургію сьв. Пятра і Паўла, якую адслужыў 29 чэрвеня Папа Францішак. Такім чынам, і сёлета католікі і пратэстанты адзначаць сьвята сьвятых заступнікаў Рыму, аб’яднаўшыся ў сьпеве і малітве.
 
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"