Друк
19.02.2014
Папа паслаў на місіі 28 сьвятароў “Неакатэхуменальнага шляху”
 
Папа Францішак і адзін з заснавальнікаў “Неакатэхуменальнага шляху”, сьпявак і іканапісец Кіка Аргуэльё.
14 лютага 2014 году Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Доме сьв. Марты заснавальнікаў і лідараў каталіцкага руху “Неакатэхуменальны шлях” Кіка Аргуэльё, Кармэн Эрнандэс і а. Марыё Пеццы. Як паведамляе Ватыканскае радыё, падчас сустрэчы Сьвяты Айцец перадаў блаславеньне 28 сьвятарам, якія будуць адказныя за евангелізацыйныя місіі у 11 краінах Еўропы і ЗША.
 
Паводле словаў Кіка Аргуэльё, Рымскі Архірэй выказаў сваё задавальненьне дзейнасьцю руха, заклікаў з адвагай ісьці наперад і запэўніў у сваёй малітве за іх. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё заснавальнік “Неакатэхуменальнага шляху” расказаў, што ўяўляе сабой евангелізацыйная ініцыятыва “Missio ad gentes”, удзельнікаў якой блаславіў Папа.
Малітва супольнасьці каталіцкага руху “Неакатэхуменальны шлях”.
 
Як адзначыў Кіка Аргуэльё, кожная місійная група, якая складаецца з чатырох шматдзетных сем’яў і сьвятара, адпраўляецца ў невядомае для іх месца, дзе прысутнасьць Царквы незаўважная, для працы сярод людзей, якія жывуць ва ўмовах моцнай секулярызацыі, каб уласным прыкладам сьведчыць пра прыгажосьць жыцьця Евангельлем. Людзі “застаюцца глыбока ўражаныя гэтымі сем’ямі з шматлікімі дзецьмі, звышнатуральнымі адносінамі, якія ёсьць паміж імі, і Сьвятым Духам”, сказаў Кіка Аргуэльё і дадаў, што гэтае сьведчаньне “па-сапрашўднаму моцна кранае сьвет”.
Сьпявак і іканапісец Кіка Аргуэльё.
Паводле яго, такі стыль прапаведваньня адпавядае закліку Хрыста да вучняў: любіць адно аднаго і жыць у еднасьці, для больш пераканаўчага сьведчаньня.
 
Раней, 1 лютага 2014 году, Папа Францішак сустракаўся з вялікай дэлегацыяй прадстаўнікоў розных
Прадстаўнікі каталіцкага руху “Неакатэхуменальны шлях” падчас сустрэчы з Сьвятым Айцом Францішкам.
супольнасьцяў “Неакатэхуменальнага шляху”. Тады ён таксама блаславіў евангелізацыйныя групы, якія накіраваліся ў краіны Азіі: Кітай, Індыю, В’етнам і Манголію.
 
Мэтай каталіцкага руху “Неакатэхуменальны шлях” зьяўляецца спрыяньне абнаўленьню парафіяльнага жыцьця ў духу рашэньняў II Ватыканскага сабору праз адкрыцьцё і ўзначаленьне ў япархіях і парафіях хрысьціянскага ўтаямнічаньня на ўзор катэхуменату раньняй Царквы.
 
У Беларусі супольнасьць “Неакатэхуменальнага шляху” дзейнічае ў Гомелі.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"