Друк
01.05.2014
Зьверхнік УГКЦ: сьвята кананізацыі двух папаў дае нам надзею
 
27 красавіка 2014 году Першаярарх УГКЦ Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук) прыняў удзел у кананізацыі двух выдатных Біскупаў Рыму мінулага стагоддзя: Папы Яна XXIII і Папы Яна Паўла II. З Сьвятым Айцом Францішкам саслужылі зьверхнікі розных Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, 150 кардыналаў і больш 700 біскупаў — паведамляе Дэпартамент інфармацыі УГКЦ.
 
Каментуючы гэтую гістарычную падзею, на якой прысутнічалі шматлікія пілігрымы ў тым ліку з Беларусі і Ўкраіны, Вярхоўны Архібіскуп УГКЦ адзначыў, што кананізацыя гэтых двух папаў зьяўляецца для ўсяго сьвету асаблівай падзеяй, яна стала таксама сапраўдным сьвятам і для Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, для Ўкраіны. Першаярарх выказаў спадзяваньне, што, маючы сёньня такіх заступнікаў, і сьвет, і Ўкраіна, выпрасяць у Госпада дар міру і свабоды.
 
Першаярарх УГКЦ адзначыў, што гэтыя два кананізаваныя сьвятыя Каталіцкай Царквы адкрылі новую старонку ў гісторыі чалавецтва: «Папа Ян XXIII вядомы як "добры Папа". Ён, паводле словаў Папы Францішка, будучы кіраваны Духам Сьвятым, склікаў II Ватыканскі Сабор. А яшчэ ён вядомы як Папа-міратворац, які здолеў прымірыць бакі падчас Карыбскага крызісу, калі чалавецтва стаяла на мяжы атамнай вайны. Дзякуючы ўласьцівай яму харызьме, дару Духа Сьвятога, ён здолеў перашкодзіць разьвіцьцю гэтага канфлікту.
 
Папа Ян Павел II стаў для Ўкраіны вельмі блізкім і добра вядомым, таму што ён наведаў Украіну ў 2001 годзе і наогул заўсёды меў яе ў сваім сэрцы. У сьвеце Яна Паўла II называюць тым, што "паваліў Берлінскую сьцяну і даў сілу свайму народу выстаяць перад таталітарным камуністычным рэжымам. Гэты папа ўвайшоў у гісторыю як той, што зьнішчыў камунізм, у прыватнасьці ва Ўсходняй Еўропе. Таксама ён прынёс свой стыль душпастырства ў Царкве. Падчас урачыстасьцяў у Ватыкане Папа Францішак назваў яго Папам сям’і. Ён стаў тым, хто найбольш разьвіў багаслоўе сям’і і мараль сужэнскага сужыцьця.
 
Зьверхнік УГКЦ лічыць вельмі сымбалічным тое, што кананізацыя абодвух папаў адбылася ў адзін дзень. Гэтыя выдатныя постаці блізкія сэрцам многіх людзей і дагэтуль. Сьведчаньнем гэтаму амаль мільён пілігрымаў з розных куткоў сьвету, што прыехалі ў Рым, каб ушанаваць памяць гэтых вялікіх папаў.
 
«І сёньня сьвет стаіць на мяжы сусьветнага супрацьстаяньня. Магчыма, як у часы Папы Яна ХХІІІ. Эпіцэнтрам гэтага супрацьстаяньня сёньня зьяўляецца Ўкраіна, — адзначыў украінскі першаярарх. — Таму я сёньня прасіў сьвятога Папу Яна XXIII, каб ён, перад пасадам Уваскрослага Хрыста, заступаўся за мір ва Ўкраіне, за недапушчэньне вайсковай агрэсіі супраць Украіны. /.../ Таксама я сёньня прасіў і ў Папы Яна Паўла II, каб ён маліўся перад пасадам Усявышняга за Ўкраіну. Ён, які назваў Кіеў другім Ерусалімам, а Дняпро — украінскім Ярданам, ён ёсьць тым, хто, мабыць сапраўды, сёньня, з нябёсаў пераймаецца і жыве ўсімі тымі болямі і страхамі, якімі жыве сёньня ўкраінскі народ. /.../ Гэтае сьвята дае нам надзею, што маючы сёньня такіх двух вялікіх сьвятых заступнікаў, і сьвет, і Ўкраіна выпрасяць у Госпада Бога дар міру, дар захаваньня пашаны чалавечай годнасьці, дар свабоды, якія адкрыюць нам дарогу ў будучыню».
 
Зьверхнік УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук) таксама заўважыў, што Папа Ян Павел II увёў чалавецтва ў Трэцяе тысячагоддзе і выказаў спадзяваньне, што сёньня ён адкрые дзьверы надзеі ў новы перыяд гісторыі для Ўкраіны і ўкраінскага народу.
 
 
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"