Друк
02.05.2014
Папа Францішак пра тры рысы хрысьціянскай супольнасьці
 
Кожная хрысьціянская супольнасьць павінна параўноўваць сваё жыцьцё з Царквой першых стагоддзяў, гэта значыць, павінна праверыць сваю здольнасьць жыць у згодзе, сьведчыць пра ўваскрасеньне Ісуса Хрыста і дапамагаць бедным, адзначыў Папа Францішак 29 красавіка 2014 году падчас сьв. Імшы ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.
 
Сьвяты Айцец Францішак спаслаўся на ўступныя радкі 1-га Пасланьня сьв. Яна і вылучыў тры характэрныя рысы Царквы першых стагоддзяў: здольнасьць да ўнутранай згоды, сьведчаньне пра Хрыста па-за сваімі межамі, клопат, каб ніхто з членаў не цярпеў нястачы. Гэта ёсьць тры рысы людзей, народжаных да новага жыцьця, падкрэсьліў Папа падчас сваёй гаміліі ў Доме сьв. Марты — паведамляе Радыё Ватыкану.
 
Гаворачы пра мір і згоду ў раньняй Царкве, Рымскі Архірэй падкрэсьліў: “Гэта азначае, што ў гэтай супольнасьці не было месца для плётак, зайздрасьці, паклёпу, зьнеслаўленьня. Бо быў мір і прабачэньне: «Любоў пакрывала ўсё»”. Папа дадаў, што перад хрысьціянамі заўсёды стаіць заданьне быць сьціплымі, пакорнымі, пазьбягаць канфліктаў дзеля ўлады і спрэчак, выкліканых зайздрасьцю, супрацьстаяць д’яблу, які хоча падзелаў. Таму хрысьціянская супольнасьць павінна ўвесь час ацэньваць свой стан.
 
Пры гэтым Сьвяты Айцец адзначыў, што нават у супольнасьці першых хрысьціянаў здараліся ўнутраныя спрэчкі на тэму веравучэньня, зьяўлялася імкненьне да ўлады. Тым ня менш, атрымлівалася вырашаць праблемы, бо ад самага пачатку гэта была супольнасьць, якая ўвесь час ажыўлялася Сьвятым Духам, яны “мелі адно сэрца і адну душу”, а ў цэнтры жыцьця іх была вера ва ўваскрасеньне Ісуса і сьведчаньне пра гэта сьвету. Таму прыкладам для кожнай сучаснай супольнасьці мае быць ўнутраная згода і сьведчаньне веры тых першых хрысьціянаў.
 
Яшчэ адной асаблівасьцю, якая ёсьць важнай рысай жыцьця хрысьціянскай супольнасьці, зьяўляецца яе стаўленьне да бедных, адзначыў Папа Францішак. Ён дадаў, што гаворка ідзе як пра асабістае стаўленьне кожнага хрысьціяніна да тых, хто ў нястачы, так і пра ўбогасьць самой супольнасьці. “Ці можа яна назваць сябе ўбогай духам? Або яна спадзяецца на сваё багацьце і ўладу? Згода, сьведчаньне, убогасьць і клопат пра бедных — вось пра што гаварыў Ісус Нікадыму, і ўласна гэта азначае нарадзіцца звыш. І адзіны, хто можа гэта ўчыніць, ёсьць Сьвяты Дух. Ён гэта робіць. Гэта Сьвяты Дух будуе Царкву, Ён дае еднасьць. Ён заахвочвае, каб пачыналі сьведчыць. Сьвяты Дух робіць цябе ўбогім, бо Ён Сам зьяўляецца багацьцем, і гэта Ён натхняе кожнага клапаціцца пра самых бедных”, — адзначыў Папа Францішак.
 
“Няхай дапамагае нам Дух Сьвяты ісьці дарогаю людзей, народжаных моцай сьв. Хросту”, — сказаў Сьвяты Айцец на заканчэньне сваёй гаміліі.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"