Друк
27.01.2015
Еднасьць хрысьціянаў ня стане вынікам тэарэтычных дыскусіяў
 
Увечары 25 студзеня 2015 году, на завяршэньне Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў, Папа Францішак узначаліў урачыстую вячэрню ў рымскай базыліцы сьв. Паўла за мурамі. Важным момантам набажэнства стала экуменічная малітва ля магілы сьв. Паўла — апостала язычнікаў, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі іншых Цэркваў і царкоўных супольнасьцяў.
 
Малітвы падчас гэтага экуменічнага набажэнства прачыталі праваслаўны мітрапаліт Генадзіяс (Лімурыс), прадстаўнік Канстанцінопальскага Патрыярхату, і архібіскуп Дэвід Моксан з Англіканскай Царквы,
Экуменічная малітва ярархаў розных Цэркваў ля магілы сьв. апостала Паўла.
асабісты прадстаўнік у Рыме Архібіскупа Кентэрберыйскага. Таксама прадстаўнікі розных Цэркваў і супольнасьцяў чыталі фрагменты Сьвятога Пісаньня. У вячэрняй экуменічнай малітве разам з вернікамі розных канфесіяў, якія жывуць на тэрыторыі япархіі Рыму, бралі таксама ўдзел удзельнікі экуменічнага кангрэсу манахаў і манахіняў з розных Цэркваў, які праходзіў у Рыме.
 
Урачыстая працэсія падчас экуменічнай вячэрні ў базыліцы сьв. Паўла за мурамі ў Рыме, 25.01.2015.
У сваёй прамове, зьвяртаючыся да прысутных, Сьвяты Айцец падкрэсьліў, што «многія рознагалосьсі паміж хрысьціянамі, успадкаваныя з мінулага, можна пераадолець, адкладаючы ў бок палеміку ці апалагетыку і спрабуючы разам зразумець, што ў сутнасьці нас аб’ядноўвае, гэта значыць заклікае да ўдзелу ў таямніцы любові Айца, якая аб’яўлена нам праз Сына за пасярэдніцтвам Сьвятога Духа». Францішак спаслаўся на хрост, у якім «праз Сьвятога Духа мы сталі адным з Хрыстом, сынамі ў Сыне, сапраўднымі прыхільнікамі Айца». Менавіта таямніца любові зьяўляецца самым глыбокім матывам еднасьці — лічыць Папа, бо яна аб’ядноўвае ўсіх хрысьціянаў і зьяўляецца нашмат большай за ўсе падзелы,
Урачыстая працэсія падчас экуменічнай вячэрні ў базыліцы сьв. Паўла за мурамі ў Рыме, 25.01.2015.
якія мелі месца на працягу гісторыі. Ён адзначыў, што наколькі пакорліва мы набліжаемся да Бога, настолькі мы набліжаемся адзін да аднаго.
 
«Еднасьць хрысьціянаў ня стане вынікам мудрагелістых тэарэтычных дыскусіяў, у якіх кожны будзе імкнуцца пераканаць іншага ў правільнасьці ўласных поглядаў, — адзначыў Рымскі Архірэй. — Наступіць другое прышэсьце Сына Чалавечага і засьпее нас яшчэ ў спрэчках! Мы павінны прызнаць, што для дасягненьня глыбіняў тайны Бога мы маем патрэбу адзін у адным, мы павінны сустракацца і абменьвацца думкамі пад кіраваньнем Сьвятога Духа, Які прыводзіць да гармоніі разнастайнасьць і пераадольвае канфлікты».
 
Папа Францішак нагадаў, што Ісус, праходзячы з Юдэі ў Галілею, не сумняваўся ў тым, каб папытаць вады ў Самаранкі. Гэта была ня толькі фізічная смага, але і прагненьне сустрэчы, каб даць ёй магчымасьць устаць на шлях духоўнага навяртаньня. Ён зьвярнуў таксама ўвагу, што сустрэча з Ісусам перамяніла Самаранку ў місіянерку і вярнула ёй сэнс і радасьць жыцьця. І менавіта таму яна прагнула падзяліцца гэтай радасьцю з іншымі.
Экуменічная вячэрня ў базыліцы сьв. Паўла за мурамі ў Рыме, 25.01.2015.
Сьвяты Айцец адзначыў, што ў нашыя дні «ёсьць мноства стомленых і змучаных смагай людзей, якія просяць нас, хрысьціянаў, даць ім піць». Гэта просьба, ад якой «ніхто ня можа схавацца»: «У пакліканьні да евангелізацыі ўсе Цэрквы і царкоўныя супольнасьці знойдуць значную прастору для больш цеснага супрацоўніцтва. Для таго, каб пасьпяхова выконваць гэтую задачу, неабходна пазьбягаць замкнёнасьці ў сваіх асаблівасьцях і выключнасьці, роўна як і навязваньня аднастайнасьці ў імя выключна чалавечых планаў».
 
Агульны абавязак абвяшчаць Евангельле дазваляе пераадолець усе формы празелітызму і спакусы канкурэнцыі. «Усе мы служым аднаму і таму ж Евангельлю!» — падкрэсьліў Францішак. Папа нагадаў таксама, што праз сваё сьведчаньне пра Ісуса Хрыста многія хрысьціяне сёньня церпяць і, будучы перасьледаваныя, нярэдка аддаюць і ўласнае жыцьцё. Пры гэтым тыя, што чыняць перасьлед, не выбіраюць паміж веравызнаньнямі. Іх перасьледуюць за тое, што яны — хрысьціяне. І гэта ёсьць экуменізм крыві, адзначыў Сьвяты Айцец.
 
Менавіта таму «пошук хрысьціянскай еднасьці ня можа быць прэрагатывай пэўных асобаў ці рэлігійных супольнасьцяў, асабліва адчувальных да гэтага пытаньня» — лічыць Рымскі Архірэй. На яго думку,
Рымскі Архірэй вітае прадстаўнікоў Усходніх Цэркваў, якія бралі ўдзел у экуменічнай малітве ў базыліцы сьв. Паўла за мурамі ў Рыме.
узаемнае спазнаньне розных традыцыяў і плённы абмен досьведам можа быць карысным для розных Цэркваў і царкоўных супольнасьцяў.
 
Старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў кардынал Курт Кох у сваёй прамове ў адказ адзначыў, што «вада хрышчэньня пачынае струменіць з нас крыніцаю, што цячэ да нашых братоў, каб спатоліць іх смагу». На яго думку «гэты досьвед патрабуе ад усіх хрысьціянаў супольнага сьведчаньня ў сучасным сьвеце, які адзначаецца эгаізмам і сквапнасьцю, канфліктамі і нянавісьцю, гвалтам і агрэсіяй».
 
Паводле матэрыялаў расейскай, беларускай і польскай службаў Радыё Ватыкану.

 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"