Друк
13.03.2015
Каталіцкія ярархі Беларусі павіншавалі беларускіх грэка-католікаў з 25-годдзем аднаўленьня адкрытай дзейнасьці
 
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Аляксандар Кашкевіч ад імя каталіцкіх ярархаў Беларусі накіраваў на імя Апостальскага візітатара БГКЦ Віншавальны ліст з нагоды 25-годдзя аднаўленьня адкрытага душпастырства і літургічнага жыцьця Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, у якім выказаў падзяку ўсім, хто служыць для разьвіцьця Божай справы ў нашай краіне, і пажадаў, каб і далей паглыблялася супрацоўніцтва паміж католікамі ўсходняй і заходняй традыцыяў.
 
Каталіцкія ярархі Беларусі.
Дастойнаму Архімандрыту Сяргею Гаеку
Апостальскаму візітатару для грэка-католікаў Беларусі
 
Дастойны Архімандрыт Сяргeй!
 
Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прагну выказаць Вам, Шаноўным Cьвятарам і Bернікам Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі братэрскае прывітаньне і шчырыя віншаваньні з нагоды 25-годдзя аднаўленьня адкрытага душпастырства і літургічнага жыцьця.
 
Дата 11 сакавіка зьяўляецца вельмі важнай для Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Мы вельмі ўдзячныя а. Аляксандру Надсану, Апостальскаму візітатару для беларусаў замежжа, які 25 гадоў таму цэлебраваў беларускамоўную службу ў Менску. Гэты гістарычны момант даў пачатак адраджэньню Беларускай Уніяцкай Царквы ў нашай краіне.
 
Сардэчна i шчыра дзякую Вам за нястомную працу i вялiкi ўклад y адраджэннe Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, за Вашую адданую і шчырую паслугу.
 
Віншавальны ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Да словаў падзякі ўсім, хто прычыняецца да разьвіцьця Божай справы ў нашай краіне, хочацца дадаць пажаданьні, каб Вашыя душпастырскія высілкi, духавенства і вашых вернікаў прыносілі шчодры плён і служылі паглыбленьню супрацоўніцтва паміж католікамі ўсходняй і заходняй традыцый.
 
У духу малітвы i еднасьці ў Хрысьце
 
+ Біскуп Аляксандар Кашкевіч
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
 
Паводле Svjazep.org
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"