Друк
14.03.2015
Кардынал Паралін: дыпламатыя Сьвятога Пасаду служыць шматлікім Абэлям, якіх працягваюць забіваць Каіны гэтага сьвету
 
Урачысты прыём у другую гадавіну абраньня Папы Францішка на Сьвяты Пасад адбыўся ў Менску 13 сакавіка 2015 году падчас візіту ў Беларусь Дзяржаўнага Сакратара Яго Сьвятасьці кардынала П’етра Параліна. У гэты дзень госьць з Ватыкану асьвяціў вуглавы камень новага будынка Апостальскай Нунцыятуры — паведамляе Catholic.by.
 
Урачысты прыём у Менску з нагоды другой гадавіны абраньня Папы Францішка на Сьвяты Пасад і прыезду ў Беларусь яго Дзяржаўнага Сакратара кардынала П’етра Параліна,13.03.2015.
На прыёме, арганізаваным Апостальскай Нунцыятурай у Менску, прысутнічалі высокія госьці — прэм’ер-міністар Рэспублікі Беларусь Андрэй Кабякоў, Міністар замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей, намесьнік Міністра замежных спраў Алена Купчына, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, сябры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел і іншыя важныя асобы.
 
Сабраных прывітаў Апостальскі Нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці. «Сёньня мы адзначаем другую гадавіну абраньня Рымскім Пантыфікам Яго Сьвятасці Папы Францішка. Ён як быццам знаходзіцца цяпер сярод нас дзякуючы прысутнасьці свайго Дзяржаўнага Сакратара Яго Эмінэнцыі кардынала П’етра Параліна, які з афіцыйным візітам наведвае Рэспубліку Беларусь», — сказаў Апостальскі Нунцый. Архібіскуп дадаў, што перад гэтым Дзяржаўны Сакратар асьвяціў вуглавы камень новага будынка Апостальскай Нунцыятуры — «той самай Нунцыятуры, якая імкнецца данесьці таксама ў гэтую краіну агульнапрызнаны маральны аўтарытэт Папства і Папы Францішка ў прыватнасьці».
 
Місію і задачы Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі архібіскуп Гуджэроцьці акрэсьліў так: «Папа просіць нас быць увасабленьнем нязмоўкнага закліку да міру ва ўсім сьвеце. Мэта нашых намаганьняў таксама ў тым, каб спрыяць поўнаму прызнаньню ўнёску Рэспублікі Беларусь з яе гісторыяй і культурай. Гэта ўнёсак, на які яна мае поўнае права. Для дасягненьня гэтай мэты неабходна весьці дыялог з іншымі народамі і культурамі, каб кожны чалавек мог узбагаціцца і атрымаць імпульс, што скіруе ягоныя крокі да міру, да адстойваньня штораз большай справядлівасьці і свабоды, а таксама да безумоўнай пашаны да годнасьці ўсіх партнёраў у гэтым працэсе».
 
Паводле словаў Уладыкі Клаўдзія, у гэтым дыялогу дзеля міру павінны ўдзельнічаць усе веравызнаньні, «таму што там, дзе ствараюцца падзелы, наносіцца абраза годнасьці Бога, якога ўшаноўваюць усе рэлігіі». Архібіскуп перакананы, што такія намаганьні неабходныя ўсім пасьлядоўнікам Ісуса Хрыста. «Падзеі ў блізкай і дарагой нам Украіне зрабілі гэтую агульную мэту пільнай патрэбай», — адзначыў архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці.
 
Паводле словаў Апостальскага Нунцыя, Каталіцкая Царква ў Беларусі «сьвядома і ў поўнай меры спрыяе гэтаму дыялогу дзеля міру», яна прысутнічае на гэтых землях на працягу многіх стагоддзяў і «з поўным правам лічыцца неад’емнай часткай мясцовага грамадзтва». Яе ўнёсак «зьяўляецца часткай нацыянальнай спадчыны Беларусі з усімі асаблівасьцямі яе гістарычнага шляху, да якой належаць і невымоўныя пакуты, падзеленыя католікамі з праваслаўнымі братамі і сёстрамі, а таксама з вернікамі іншых веравызнаньняў, перанесеныя з пакорай і маўчаньнем, уласьцівымі беларускай натуры». Нунцый таксама адзначыў, што Каталіцкая Царква ў Беларусі «спрычынілася і хоча надалей спрыяць шчасьцю кожнага беларуса паасобку і ўсяго беларускага народу ў цэлым».
 
Зьвяртаючыся да Дзяржсакратара Сьвятога Пасаду кардынала П’етра Параліна, Апостальскі Нунцый Клаўдыё Гуджэроцьці сардэчна прывітаў яго «на гэтай зямлі сьведкаў Хрыстовых пакутаў» і падзякаваў яму за тое, што «згадзіўся быць пілігрымам любові на гэтай зямлі, прасякнутай крывёю на працягу стагоддзяў, але якая прагне паўнаты супакою, што бярэ свой пачатак ва ўшанаваньні годнасьці кожнага чалавека і ў мірнай будучыні». Ён таксама пажадаў госьцю з Ватыкану посьпехаў у выкананьні яго місіі ў Беларусі і папрасіў перадаць Рымскаму Архірэю падзяку і запэўненьне ў гатоўнасьці супрацоўніцтва, а таксама абяцаньне маліцца за яго і за добры плён ягонага служэньня.
 
Дзяржаўны Сакратар Папы, вітаючы прысутных, выказаў сваю радасьць з магчымасьці быць госьцем на беларускай зямлі і падзякаваў прадстаўнікам дзяржаўнай улады за запрашэньне ў Беларусь. Кардынал перадаў прысутным сардэчнае вітаньне і блаславеньне Сьвятога Айца Францішка.
 
Кажучы пра асьвячэньне вуглавога каменя новага будынка Апостальскай Нунцыятуры ў Менску, ярарх сказаў: «Калі мы будуем дом, мы тым самым праяўляем намер пасяліцца на гэтай зямлі, сярод гэтага народу. Менавіта гэта Сьвяты Пасад хацеў бы выказаць сёньня: прыязнасьць у адносінах да беларускага народу, блізкасьць, удзел у яго гісторыі, напоўненай чалавечай доблесьцю і верай, салідарнасьць у цярпеньнях мінулага і падтрымку ў яго спадзяваньні на мірную і добрую будучыню, асабліва для моладзі».
 
Кардынал П’етра Паралін асьвячае вуглаву камень будынка Апостальскай Нунцыятуры ў Менску, 13.03.2015.
«Зямля — ​​гэта ня толькі тэрыторыя, глеба, нежывая матэрыя. Зямля — ​​гэта таксама нешта сьвятое, — падкрэсьліў ватыканскі ярарх, — менавіта так з спрадвечных часоў успрымаюць яе славянскія народы. Глыбока ўкараніцца на гэтай зямлі азначае яшчэ больш старанна служыць гэтаму народу ў духу, што ўласьцівы Сьвятому Пасаду, і дыпламатыі, зьвязанай з Біскупам Рыму і яго служэньнем чалавечаму роду». Як адзначыў Дзяржаўны Сакратар Ватыкану, гэтае служэньне «без прэтэнзіяў на панаваньне або на сьвецкую значнасьць, яно заснавана на сіле, што зыходзіць ад Бога, Які ўцелавіўся ў Ісусе Хрысьце». «Такім чынам, гэта форма служэньня асабістай годнасьці чалавека, годнасьці кожнага мужчыны і кожнай жанчыны, якое зьяўляецца сьвятым у вачах Бога», — падсумаваў кардынал.
 
«Дыпламатыя Сьвятога Пасаду служыць усім тым шматлікім Абэлям, якіх працягваюць забіваць разнастайныя Каіны гэтага сьвету. Яна нагадвае кожнаму пра тое, што Бог на баку Абэля і што клопат пра іншых — гэта наш абавязак. Вуглавы камень будынку Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі зьяўляецца сымбалем гэтага абавязку», — адзначыў Дзяржаўны Сакратар Папы кардынал П’етра Паралін. Паводле словаў Дзяржаўнага Сакратара, гэты вуглавы камень сымбалізуе таксама салідарнасьць 1,2 млрд. католікаў ва ўсім сьвеце, якая выказваецца праз голас Біскупа Рыму і яго прадстаўнікоў, якія служаць ня толькі католікам, але ўсім людзям добрай волі.
 
Вітальнае слова прамаўляе Дзяржсакратар Ватыкану кардынал П’етра Паралін.
Кардынал Паралін узгадаў шматпакутны гістарычны шлях Беларусі, які адгукаецца «стогнам крыві Абэля і мільёнаў Абэляў, забітых тут за ўсю гісторыю», і заклікаў любіць і паважаць сваіх братоў і сёстраў як асобаў і як народ.
 
«Сьвяты Пасад будзе і ў далейшым прыкладаць усе намаганьні, каб забясьпечыць павагу і гарантыю годнасьці, свабоды і сапраўдных правоў кожнага асобнага чалавека і ўсяго народа ў гэтай краіне і за яе межамі», — падкрэсьліў Дзяржсакратар Ватыкану. — У пэўным сэньсе мы таксама лічым сябе пасламі беларускага народу, бо мы хочам быць голасам, які патрабуе павагі да справядлівасьці і любові, узаемнасьці і надатыкальнасьці чалавека, створанага паводле вобраза Божага».
 
Дзяржаўны Сакратар адзначыў, што Каталіцкая Царква ўнесла і працягвае ўносіць ня толькі тэарэтычны, але і канкрэтны ўклад, дзень за днём ажыцьцяўляючы служэньне беларускаму народу і дапамагаючы яму будаваць сваю будучыню. Паводле яго словаў Царква «чакае таго дня, калі сваім шматвяковым досьведам і сваімі структурамі ў сферы адукацыі, аховы здароўя і дапамогі церпячым і бяздольным зможа больш эфектыўна супрацоўнічаць з дзяржавай у працы, якую яна ўжо праводзіць».
 
«Папа выказвае, у прыватнасьці і гэтым маім візітам, сваю велізарную ўдзячнасьць каталіцкай супольнасьці за яе ролю ў гісторыі, у маральным і грамадзянскім узрастаньні беларускага народу», — сказаў кардынал.
 
Дзяржаўны Сакратар зьвярнуў таксама ўвагу на сёньняшнія пакуты суседняй Украіны, якая моцна зьвязана роднаснымі і гістарычнымі сувязямі з беларускім народам: «гэта наглядны напамін пра жахі вайны і пра тое, што калі мір зьвесьці толькі да крохкай раўнавагі матэрыяльных інтарэсаў, гэта можа раптоўна прывесьці да найбольш жорсткага і бесчалавечнага насільля». «Сьвяты Пасад высока ацэньвае намаганьні беларускіх уладаў пакласьці канец гэтаму канфлікту, каб прадухіліць яшчэ больш трагічныя наступствы», — падкрэсьліў ватыканскі ярарх.
 
Дзяржаўны Сакратар Папы адзначыў прынцыповую пазіцыю Сьвятога Пасаду: «Мы зьяўляемся прыхільнікамі ўсеагульнага міру: міру паміж ўсімі і для ўсіх, міру ва ўсім сьвеце і міру ў кожным чалавечым сэрцы». Аднак дыпламатыя церпіць паразу, калі заклік да законнасьці і дыялогу адкідаюцца і заканчваюцца ўзброеным супрацьстаяньнем, адзначыў ён. «Міру спрыяе дыялог, накіраваны на сяброўскія стасункі, а не халоднае непрыязнае маўчаньне. Дэмакратыю ўмацоўваюць кантакты, спачуваньне, дыялог, а не адчужанасьць», — сказаў ярарх з Ватыкану.
 
Праз усіх прысутных на ўрачыстым прыёме кардынал П’етра Паралін перадаў свае найлепшыя пажаданьні Беларусі і запэўніў у малітве, а таксама выказаў спадзяваньне, што «ўвесь сьвет, пакліканы ўзбагаціцца культурным, маральным і духоўным здабыткам гэтай краіны, падтрымае яе ўпэўненыя намаганьні, накіраваныя на ўмацаваньне годнасьці кожнай чалавечай асобы і ўсяго народу ў цэлым».
 
Прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў ад імя ўраду Рэспублікі Беларусь і ад сябе асабіста прывітаў усіх прысутных з нагоды другой гадавіны Пантыфікату Папы Францішка і візіту ў Беларусь кардынала П’етра Параліна. «Плённая дзейнасьць Сьвятога Пасаду, якая накіравана на распаўсюджваньне ідэалу хрысьціянства, ідэй чалавекалюбства, справядлівасьці, дабра і міласэрнасьці ва ўсім сьвеце, зьяўляецца найлепшым прыкладам самаадданага служэньня людзям», — сказаў прэм’ер-міністар.
 
Кіраўнік беларускага ўраду выказаў таксама спадзяваньне на пашырэньне супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Сьвятым Пасадам ва ўсіх сферах і перадаў Папу Францішку пажаданьні моцнага здароўя і далейшых посьпехаў у выкананьні адказнай апостальскай місіі.

Фота Віталя Палінеўскага, Catholic.by.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"