Друк
08.04.2015
На Вялікдзень з грэка-католікамі Берасьця маліліся прадстаўнікі Генконсульства Ўкраіны
 
25-ыя ўгодкі аднаўленьня адкрытага літургічнага і душпастырскага служэньня БГКЦ і малітва за Ўкраіну сталі галоўнымі акцэнтамі велікодных сьвяткаваньняў у грэка-каталіцкай парафіі Берасьця.
 
Генконсул Украіны сп. Алег Мысык і грэка-каталіцкія сьвятары падчас велікоднай Літургіі ў Берасьці.
У нядзелю, 5 красавіка 2015 году, у сьвята Ўваскрасеньня Хрыстовага, пасьля велікоднай ютрані, велікодную Боскую Літургію ў берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ўзначаліў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек). Разам з ім і парахам парафіі а. Ігарам Кандрацьевым сьвяточную Літургію саслужыў таксама ераманах Антон (Нікалаеў),CSsR, які служыў вернікам яшчэ і ў спавядальні.
 
У гэты сьвяточны дзень паважанымі гасьцямі парафіі, якія разьдзялілі з берасьцейскімі вернікамі пасхальную радасьць, сталі Генеральны консул Украіны ў Берасьці сп. Алег Мысык і віцэ-консул сп. Раман Тэршоўчын. Як адзначыў парах берасьцейскай парафіі а. Ігар Кандрацьеў, беларусы, як
Прадстаўнікі Генконсульства Ўкраіны ў Берасьці з парахам берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі а. Ігарам Кандрацьевым.
суседзі Ўкраіны, ня могуць быць абыякавымі да вайны ва Ўкраіне, да тых цяжкасьцяў, якія перажывае сёньня брацкі народ, і таму асабліва ў грэка-катліцкіх парафіях заўжды памятаюць пра Ўкраіну ў сваіх малітвах.
 
Падчас велікоднай Літургіі ўрывак з Евангельля ад Яна часта чытаецца на розных мовах. У Берасьці традыцыйна ён гучыць на дзясятку розных моваў. Першым прагучаў урывак на заходнепалескай гаворцы, сярод іншых упершыню гэты евангельскі ўрывак чытаўся на іўрыце. А па-ўкраінску парах парафіі запрасіў прачытаць тэкст Евангельля ад Яна Генеральнага консула Ўкраіны ў Берасьці сп. Алега Мысыка, сам жа завершыў сьвяточнае чытаньне Слова Божага па-беларуску.
 
Сёлета грэка-католікі ў Беларусі адзначаюць 25-годдзе аднаўленьня літургічнага жыцьця і публічнага душпастырства. Сымбалічна, што галоўныя ўрачыстасьці з гэтай нагоды ва ўсіх парафіях БГКЦ адбываюцца менавіта ў сьветлыя і радасныя дні Ўваскрасеньня Хрыстова.
 
Як адзначыў у сваім казаньні Апостальскі Візітатар Архімандрыт Сяргей (Гаек), адраджэньне Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы на Бацькаўшчыне, стварэньне парафіяў і супольнасьцяў распачалі простыя вернікі, найперш моладзь і інтэлігенцыя, намаганьні і духоўны парыў якіх шчыра падтрымалі пазьней украінскія грэка-каталіцкія біскупы на чале з тагачасным Зьверхнікам УГКЦ Уладыкам Уладзімірам Стэрнюком.
Вернікі грэка-каталіцкай парафіі сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя на велікоднай Літургіі.
І сёлетнія сьвяткаваньні 25-годдзя выхаду нашай Царквы з падпольля — гэта падзяка ўсім тым, хто спрычыніўся да адраджэньня Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў розных мясцовасьцях Беларусі, у тым ліку і ў Берасьці.
 
Уніяцкі асяродак у Берасьці пачаў складвацца яшчэ ў 1990 годзе на хвалі агульнага зацікаўленьня беларусаў сваімі хрысьціянскімі каранямі. Студэнцкая моладзь актыўна распаўсюджвала тут часопіс «Унія», пашырала інфармацыю пра грэка-каталіцтва, зьбірала подпісы за прызначэньне ў Беларусь свайго грэка-каталіцкага біскупа. А 23 сакавіка 1993 году мясцовыя органы ўлады афіцыйна зарэгістравалі ў Берасьці грэка-каталіцкую парафію.
 
Архімандрыт Сяргей Гаек нагадаў важныя этапы адраджэньня БГКЦ у Беларусі. 12 лістапада 1989 году група моладзі і інтэлігэнцыі з Менску прыехала ў Баруны, дзе тады ў былым базыльянскім храме, у рыма-каталіцкай парафіі і ў лацінскім абрадзе, служыў грэка-каталіцкі сьвятар а. Ян Матусевіч. Яны прасілі яго атуліць іх сваёй духоўнай апекай. Пазьней ён ахрысьціў шмат маладых людзей. Праз некаторы час айцец Ян пераехаў у Менск і распачаў там сваё душпастырскае служэньне.
 
А ў сакавіку 1990 году ў Беларусь прыехаў з Лондану Апостальскі Візітатар для беларусаў-католікаў замежжа а. Аляксандр Надсан. Дзень 11 сакавіка 1990 году, калі ён адслужыў у Менску ў храме на Кальварыі па-беларуску Боскую Літургію ў візантыйскім абрадзе, лічыцца пачаткам аднаўленьня адкрытага літургічнага жыцьця Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.
 
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архім. Сяргей Гаек у царкве сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці.
Архімандрыт Сяргей падкрэсьліў каштоўны для нашай Царквы плён нястомнай перакладчыцкай працы а. Аляксандра Надсана. Дзякуючы яму мы атрымалі беларускамоўныя тэксты набажэнстваў візантыйскай традыцыі і можам шчодра карміцца духовым багацьцем нашай літургічнай спадчыны.
 
Таксама Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі зьвярнуў увагу, што сёлета адзначаюцца 1200-ыя ўгодкі з дня нараджэньня сьв. Мятода Салунскага. Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі не паўстала на пустым месцы, яна корміцца візантыйска-славянскай духовай спадчынай, якая склалася яшчэ ў час да падзелу паміж Рымам і Канстанцінопалем, адзначыў а. Сяргей Гаек. Таму асабліва каштоўная для нас духоўная спадчына сьвятых Кірылы і Мятода, Апосталаў славянаў. Памяць і пашана да іх місійнай працы яднае многія славянскія народы, у тым ліку беларускі і ўкраінскі. (Дарэчы, сьвятыя Кірыла і Мятод ушанаваныя ў выглядзе іконы ў грэка-каталіцкай царкве ў Берасьці разам з апекунамі парафіі сьв. братамі-апосталамі Пятром і Андрэем у насьценным росьпісе храму.)
 
Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква за 25 гадоў прайшла пэўны шлях. Магчыма, заўважыў Апостальскі Візітатар БГКЦ, ня ўсё атрымалася так, як марылася тады, у 1990-ыя, напэўна, былі на гэтым шляху недалікі і пэўныя памылкі — як у сьвятароў, так і ў вернікаў. Але мы павінны дзякаваць за гэты шлях і крочыць далей. Мы павінны несьці сьвятло Ўваскрасеньня Хрыстова ўсім, хто навокал нас, нашым блізкім, сябрам і знаёмым. На гэтым шляху, безумоўна, наша Царква павінна быць верная сваёй традыцыі і спаўняць сваю важную місію ў пашырэньні беларускай хрысьціянскай культуры.
 
Велікодныя набажэнствы ў берасьцейскай грэка-катліцкай парафіі завершыліся сьпевам-малітвай за Беларусь і за Ўкраіну. Спачатку ўсе вернікі прасьпявалі гімн «Магутны Божа»,
Велікоднае вітаньне ўкраінскага віцэ-консула сп. Рамана Тэршоўчына і беларускага грэка-каталіцкага сьвятара а. Ігара Кандрацьева.
а затым удзельнікі хору выканалі песьню «Малітва за Беларусь», якая была перастворана паводле шырокавядомай у храмах розных канфесіяў Украіны песьні «Малітва за Ўкраіну». Гэтая песьня прагучала ў берасьцейскім храме таксама і па-ўкраінску.
 
Затым у душпастырскім цэнтры грэка-каталіцкай парафіі ўсіх удзельнікаў сьвяточных урачыстасьцяў чакаў велікодны абед, за якім сьвятары і вернікі маглі ў нефармальнай абстаноўцы паразмаўляць між сабой і гасьцямі парафіі з Генеральнага консульства Ўкраіны ў Берасьці.

Фота Валерыя Гаўруты і Алены Грынкевіч.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"