Друк
22.05.2016
Папу Францішку падаравалі дыск з сьпевамі візантыйскай літургіі па-беларуску
 
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архім. Сяргей Гаек 18 траўня 2016 году, напрыканцы агульнай аўдыенцыі на плошчы сьв. Пятра, падарыў Сьвятому Айцу Францішку дыск «Сьпевы Боскай Літургіі сьвятога Яна Залатавуснага», запісаны на беларускай мове, паведамляе сайт Svjazep.org.
 
«Гэта дар вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, асабліва моладзі, якія на роднай мове моляцца за Папу, за Каталіцкую Царквы ды за сваю Бацькаўшчыну Беларусь, асабліва ў гэтыя дні», — сказаў Архімандрыт Сяргей (Гаек) Сьвятому Айцу.
 
Папа Францішак перадаў сваё блаславеньне беларускім грэка-католікам.

Падчас гэтай агульнай аўдыенцыі Папа Францішак таксама асьвяціў абраз сьв. Яна Паўла ІІ для рыма-каталіцкай парафіі ў Менску, якая носіць яго імя.

Над падрыхтоўкай рэпертуару для дыску «Сьпевы Боскай Літургіі сьвятога Яна Залатавуснага», рэдагаваньнем і нотавым запісам, некалькі гадоў працаваў Сяргей Раюнец. Запіс і выданьне зьдзейсьніла студыя Зьмітра Папко (вядомага як Vinsent).
 
Традыцыйныя напевы і творы вядомага беларускага кампазітара Міколы Равенскага былі запісаныя паводле музычных выданьняў «Царкоўны сьпеўнік» і «Сьпевы Боскай Літургіі», якія былі выдадзеныя ў Лондане пад рэдакцыяй Гая дэ Пікарда (1931—2007) — музыказнаўцы з Вялікабрытаніі з французскімі каранямі, дасьледчыка беларускай культуры, а абыходны напеў — паводле «Палескага зборніка» (1929).
 
Літургічныя сьпевы, запісаныя на дыску, выканалі Наста Казаровец (альт), Андрэй Гайдукевіч і Сяргей Раюнец (тэнары) ды Арцём Сітнікаў (бас, чытальнік), а сьвятарскія часткі — а. Яўген Усошын.
 
З 18 траўня 2016 году Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей Гаек знаходзіўся ў Рыме. У складзе вялікай экуменічнай дэлегацыі з Беларусі, якую складалі католікі на чале з мітрапалітам Менска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам, праваслаўны хор на чале з сьвятаром а. Фёдарам Поўным ды супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музею Беларусі, ён прысутнічаў на ўрачыстым адкрыцьці ў Ватыканскіх музеях выставы «Іканапіс Беларусі XVII—XXI стагоддзяў». Гэтая культурная ініцыятыва экуменічнага характару прысьвечана Юбілейнаму Году Міласэрнасьці, які адбываецца ў Каталіцкай Царкве.

Фота: L’Osservatore Romano.
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"