Друк
06.07.2016
У Будславе папскі пасланьнік перадаў грэка-католікам Беларусі рэліквію сьв. Язафата
 
Падчас урачыстай сьв. Імшы ў Будславе, у ноч з 1 на 2 ліпеня 2016 году, кардынал Крыстаф Шэнбарн, Архібіскуп Венскі і Ардынарый для католікаў візантыйскага абраду ў Аўстрыі, у прысутнасьці 30 тысячаў пілігрымаў з усёй Беларусі ўрачыста перадаў беларускім грэка-католікам біскупскі набедранік сьвятамучаніка Язафата Кунцэвіча.
 
Раней гэтая рэлікія захоўвалася ў грэка-каталіцкай царкве сьвятой велікамучаніцы Барбары ў Вене.
 
Папа Рымскі Францішак дэлегаваў кардынала Крыстафа Шэнбарна як свайго легата на ўрачыстасьці ў нацыянальны санктуарыюм у Будславе, дзе сёлета адзначалі 25-годдзе заснаваньня Менска-Магілёўскай рыма-каталіцкай мітраполіі. Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва Венскай архіяпархіі, паездка кардынала Шэнбарна ў Беларусь была ня толькі праявай еднасьці Апостальскага Пасаду з вернікамі Менска-Магілёўскай архіяпархіі, але таксама «падтрымкай для грэка-католікаў Беларусі».
 
«Атрымаць каштоўную рэліквію, набедранік — знак архіпастырскага служэння сьв. Язафата — для нас духоўнае ўмацаваньне ў нашай веры і вернасьці Рымскаму Апостальскаму Пасаду, заахвочваньне да руплівага сьведчаньня Евангельля», — адзначыў у інтэрв’ю Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей (Гаек).
 
Падчас урачыстасьцяў у нацыянальным санктуарыюме ў Будславе 33 асобы — сьвятары, манахіні ды сьвецкія вернікі — прадстаўнікі ўсіх рыма-каталіцкіх япархіяў Беларусі, а таксама Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы атрымалі з рук папскага пасланьніка кардынала Крыстафа Шэнбарна ганаровыя граматы за ўклад у станаўленьне і разьвіцьцё Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Сярод узнагароджаных — 5 прадстаўнікоў БГКЦ: айцец Андрэй Абламейка, душпастыр у Менску і Івацэвічах, Сьвятлана Канапацкая і Антаніна Залеская з парафіі ў Лідзе, Інэса Грышан з парафіі ў Віцебску і Юры Юрко з Мар’інай Горкі.
 
Прывезеная з Вены і перададзеная грэка-католікам Беларусі рэліквія сьв. Язафата будзе цяпер захоўвацца ў парафіі Праведнага Язэпа ў Менску. Біскупскі набедранік сьвятамучаніка будзе выстаўлены ў капліцы Цэнтру сьв. Язэпа для ўшанаваньня, «дзе грэка-католікі Беларусі будуць маліцца за свайго будучага ярарха — наступніка сьвятога Язафата, Архібіскупа Полацкага», адзначае афіцыйны сайт Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
Лёс мошчаў сьв. Язафата, якія ад пачатку захоўваліся ў яго катэдры сьв. Сафіі ў Полацку, быў няпросты — у часы войнаў і ліхалецьцяў на тэрыторыі Беларусі іх шмат разоў даводзілася таемна перавозіць, каб уратаваць ад зьнішчэньня. Доўгі час яны захоўваліся ў розных месцах і ўрэшце знайшліся ў капліцы ў рэзідэнцыі Радзівілаў у Белай Падляшскай. У час 1-й сусьветнай вайны, роўна сто гадоў таму, вырашана было перанесьці сьвятыя мошчы Полацкага архібіскупа ў сталіцу Аўстра-Вугорскай імперыі Вену, а менавіта — у грэка-каталіцкую царкву сьвятой велікамучаніцы Барбары. 15 верасьня 1916 году была праведзеная эксьпертыза дзеля вызначэньня аўтэнтычнасьці мошчаў сьв. Язафата. 30 жніўня 1917 году ў Вене мітрпаліт ГКЦ Андрэй Шаптыцкі і архібіскуп Венскі кардынал Піфль урачыста паведамілі пра кананічнае пацьвяярджэньне аўтэнтычнасьці дастаўленых з Белай Падляшскай мошчаў сьвятога Язафата.
 
У 1923 годзе пры царкве сьв. Барбары ў Вене была пабудавана капліца сьв. Язафата. Яе праект зрабіў архітэктар Карл Голей, які быў адказным за рэстаўрацыю галоўнай аўстрыйскай сьвятыні — катэдры сьв. Стэфана. У 1949 годзе, калі царква сьв. Барбары ў Вене патрапіла ў зону кантролю савецкіх войск, зважаючы на новую магчымую пагрозу зьнішчэньня, мошчы сьвятамучаніка былі таемна дастаўленыя ў Рым. У 1963 годзе яны былі ўрачыста пакладзеныя ў адным з бакавых алтароў у базыліцы сьв. Пятра для ўсеагульнага ўшанаваньня. Тым часам у Вене, у грэка-каталіцкай царкве сьв. Барбары застаўся стары саркафаг і біскупскія шаты сьв. Язафата. У лістападзе 2016 году аўстрыйскія грэка-католікі рохных нацыянальнасьцяў будуць урачыста адзначаць 100-годдзе перанясеньня мошчаў сьв. Язафата ў Вену. З гэтай нагоды кардынал Шэнбарн запрасіў узначаліць сьвяткаваньні Першаярарха УГКЦ Вярхоўнага Архібіскупа Сьвятаслава (Шаўчука).

Фота Міколы Новікава, Catholic.by.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"