Друк
14.09.2016
Сымбалічныя падарункі новаму сьвятару БГКЦ
 
На прыміцыйных урачыстасьцях у Берасьці новаму беларускаму грэка-каталіцкаму сьвятару Віталю Быстрову падаравалі літургічныя шаты ў нацыянальным стылі, старажытную чашу і крыж.
 
11 верасьня 2016 году высьвячаны ў Полацку 21 жніўня новы беларускі грэка-каталіцкі сьвятар а. Віталь Быстроў служыў сваю ўрачыстую прыміцыйную службу ў грэка-каталіцкай парафіі сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці.
 
Берасьце — гэта родная парафія для новага прасьвітара Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Віталя Быстрова, які ў апошнія гады жыве і служыць у Івацэвічах, у парафіі Маці Божай Жыровіцкай. Віталь Быстроў, будучы маладым хлопцам з Камянца, у Берасьці пачаў наведваць набажэнствы, а ў 2004 годзе стаў грэка-католікам. Тут адбывалася яго станаўленьне як хрысьціяніна, зьявілася жаданьне служыць Царкве ў сьвятарскім стане, тут ён знайшоў сабе і жонку.
 
Перад пачаткам прыміцыйнай Боскай Літургіі а. Ігар Кандрацьеў ад імя ўсёй берасьцейскай парафіі павіншаваў свайго былога парафіяніна і выхаванца і падараваў новаму сьвятару БГКЦ камплект літургічнай вопраткі, аздоблены арнаментам у нацыянальным стылі. Менавіта ў ёй а. Віталь Быстроў і адслужыў сваю ўрачыстую Боскую Літургію. Таксама а. Ігар Кандрацьеў перадаў айцу Віталю як своеасаблівы знак лучнасьці і пераемнасьці старажытны сьвятарскі крыж 19 стагоддзя. З гэтым сьвятарскім крыжам а. Ігар сам пачынаў сваё сьвятарскае служэньне ў Берасьці, а потым з ім пэўны час служыў іншы грэка-каталіцкі сьвятар, які паходзіць з парафіі ў Берасьці — а. Андрэй Крот.
 
На ўрачыстую прыміцыйную багаслужбу а. Віталя Быстрова ў грэка-каталіцкай царкве ў Берасьці прыйшоў таксама рыма-каталіцкі дэкан Берасьцейскага дэканату кс. Павел Халяўкін з парафіі Сьвятой Тройцы ў Чарнаўчыцах, які саслужыў сьв. Літургію з новапрасьвітарам БГКЦ і парахам берасьцейскіх грэка-католікаў а. Ігарам Кандрацьевым.
 
Пакуль з 2005 году Віталь Быстроў вучыўся ў семінарыі ва Ўкраіне, праходзіў сваю сьвятарскую фармацыю ў Польшчы і тры гады нёс дыяканскае служэньне ў Івацэвічах, кс. Павел Халяўкін увесь час памятаў яго ў сваіх малітвах і маліўся за яго сьвятарства. Ужо даўно кс. Павел падрыхтаваў для будучага беларускага грэка-каталіцкага сьвятара з берасьцейскай парафіі сымбалічны падарунак — чашу для адпраўленьня сьв. Літургіі, якая паходзіць з старажытнага Берасьця.
 
Рыма-каталіцкаму сьвятару з Чарнаўчыцаў гэтую чашу некалі перадаў праваслаўны сьвятар з Берасьця. Ён палічыў старажытную сярэбраную чашу (падобна, яна з 19 ст.) не зусім уласьцівай для праваслаўнай традыцыі. На яго думку яна была каталіцкая або, хутчэй, уніяцкая. Ксёндз Павел Халяўкін адзначыў, што паводле словаў таго праваслаўнага сьвятара, чашу знайшлі ў зямлі ў сутарэньнях царквы ў крэпасьці, якая, як вядома, пабудавана на месцы старажытнага Берасьця, дзе была абвешчана царкоўная унія ў 1596 годзе. Магчыма, чаша туды трапіла з аднаго з зачыненых уніяцкіх храмаў.
 
Гэтую чашу кс. Павел Халяўкін адрэстаўраваў і пазалаціў, каб падарыць яе новаму сьвятару БГКЦ, які будзе маліцца за еднасьць. І вось, у дзень прыміцыйнай літургіі ў Берасьці, з радасьцю і падзякай Богу за новага грэка-каталіцкага сьвятара ды пажаданьнем, каб Бог вёў і падтрымліваў на сьвятарскім шляху і ў служэньні справе еднасьці Царквы, кс. Павел Халяўкін перадаў гэтую старажытную чашу а. Віталю Быстрову.
 
Пасьля прыміцыйнай Боскай Літургіі, якую адслужыў а. Віталь Быстроў, і блаславеньня вернікаў усіх удзельнікаў урачыстасьцяў у Берасьці чакаў смачны братэрскі пачастунак з пловам.
 
 
Новы сьвятар БГКЦ Віталь Быстроў нарадзіўся 24 сьнежня 1982 году ў г. Камянцы Берасьцейскай вобл., дзе скончыў гімназію з срэбным медалём. У 2002 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, скончыў факультэт філасофіі і сацыяльных навук у 2006 годзе і атрымаў ступень бакалаўра філасофіі. З 2005 па 2008 год навучаўся ва Ўкраіне ў грэка-каталіцкай Івана-Франкоўскай тэалагічнай акадэміі. У 2008-2009 гг. заканчваў сваю духоўную фармацыю ў Польшчы ў Драгічынскай рыма-каталіцкай вышэйшай духоўнай семінарыі. Магістар тэалогіі. Цяпер жыве ў Івацэвічах. Мае жонку Вольгу і трох дзетак — Ірыну, Міхася і Паўліка.
 
З 2010 па 2012 год працаваў выхавацелем у Івацэвіцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасьці, затым — сьпецыялістам па сацыяльнай рабоце Івацэвіцкага тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва. Цяпер — у СВК «Косава».
 
9 сакавіка 2013 году ў грэка-каталіцкім храме Раства Хрыстова г. Івана-Франкоўска (Украіна) Ўладыка Ўладзімір (Війтышын), архібіскуп і мітрапаліт Івана-Франкоўскай архіяпархіі Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, на просьбу царкоўнага кіраўніцтва Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы высьвяціў Віталя Быстрова на дыякана. У Полацку, 21 жніўня 2016 году, дапаможны біскуп Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі Ўладыка Ніл (Лушчык) з Украіны, у царкве сьв. Параскевы Полацкай, удзяліў дыякану Віталю Быстрову сьвятарскія сьвячаньні.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"