Друк
19.11.2016
У Вільні прадстаўнікі БГКЦ ушанавалі памяць сьв. Язафата і продкаў
 
У старажытнай базыльянскай царкве Сьвятой Тройцы ў Вільні 12 лістапада 2016 году адбылася архірэйская Боская Літургія з нагоды сьвяткаваньня дня памяці сьвятамучаніка Язафата і 400-годдзя стварэньня базыльянскага закону.
 
На ўрачыстасьць у базыльянскі манастыр Сьвятой Тройцы ў Вільні, дзе распачынаў свой манаскі і сьвятарскі шлях сьвятамучанік Язафат і дзе пры яго ўдзеле быў створаны амаль 400 гадоў таму ўніяцкі манаскі закон айцоў-базыльянаў, сабраліся сьвятары і вернікі візантыйскага і лацінскага абрадаў з некалькіх краінаў, у тым ліку і прадстаўнікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. З Беларусі на ўрачыстасьці ў Вільню прыехалі канцлер Курыі Апостальскай візітатуры БГКЦ а. Яўген Усошын з Менску і душпастыр парафіі сьвятамучаніка Язафата ў Полацку а. Аляксандар Шаўцоў.
 
Урачыстую Боскую Літургію ўзначаліў Найдастойны Ўладыка Ірынэй Білык, ЧСВВ, канонік папскай базылікі Санта Марыя Маджорэ ў Рыме.
 
Як паведамляе сайт айцоў-базыльянаў Osbm.in.ua, з ім саслужылі архібіскуп Пэдра Лопес Квінтана, Апостальскі нунцый у Літве, архібіскуп Гінтарас Грушас, Мітрапаліт Віленскі РКЦ у Літве, а. Ян Школык, ЧСВВ, Протаігумен правінцыі Найсьвяцейшага Збаўцы ва Ўкраіне, новы ігумен Віленскага манастыра базыльянаў а. Вінкенці Пэліх, а таксама іншыя сьвятары, якія разам з вернікамі прыбылі з Украіны, Беларусі, Польшчы, Славакіі, Казахстану і Партугаліі.
 
Літургію сьпевам упрыгожылі браты-студэнты Базыльянскага інстытуту філасофска-багаслоўскіх студыяў імя Язэпа Вельяміна Руцкага ў Брухавічах пад Львовам.
 
На пачатку сьвяткаваньняў базыльянін Уладыка Ірынэй (Білык) урачыста абвясьціў пра пачатак Юбілейнага году 400-х угодкаў Базыльянскага Чыну Сьвятога Язафата.
 
У казаньні Ўладыка падкрэсьліў неабходнасьць імкнуцца да еднасьці, да якой заклікаў і за якую аддаў сваё жыцьцё сьвятамучанік Язафат, і якая так патрэбная сёньня Ўкраіне і ўсім хрысьціянам у сьвеце.
 
Напрыканцы да парафіянаў і гасьцей сьвята з словамі пра важнасьць гэтай падзеі і яе значнасьць для кожнага верніка і ўсёй Царквы зьвярнуліся ярархі, якія бралі ўдзелі ва ўрачыстасьці. Слова таксама мелі першы кіраўнік адноўленай незалежнай Літвы праф. Вітаўтас Ландсбергіс, Пасол Украіны ў Літве Ўладзімір Яцанкоўскі, дырэктар Дэпартаменту культурнай спадчыны Літвы Дыяна Варнайтэ.
 
Усе прысутныя на Архірэйскай Літургіі мелі магчымасьць атрымаць поўны водпуст.
 
Пасьля сьвяткаваньняў у грэка-каталіцкай царкве Сьвятой Тройцы прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці Вільні з сьвятаром накіраваліся на могілкі Росы, каб ушанаваць памяць адыйшоўшых продкаў.
 
На Росах протапрасьвітар БГКЦ а. Яўген Усошын адслужыў паніхіду за ўсіх беларусаў, што спачываюць у Літве.
 
Пасьля паніхіды грамада наведала магілы беларускіх дзеячаў, запаліла на іх зьнічы, усклала кветкі.
 
14 літапада ў Вастрабрамскай капліцы ў Вільні адбылася архірэйская Боская Літургія з нагоды водпусту Маці Божай Міласэрнасьці. Яе адслужыў базыльянін Уладыка Ірынэй (Білык) у саслужэньні з іншымі грэка-каталіцкімі сьвятарамі.
 
А 16 лістапада ў Вільні, у Музеі сакральнай спадчыны адбылася прэзентацыя кнігі на літоўскай мове «Сымбалічныя выявы жыцьця і сьмерці блаславёнага мучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага» (паводле назвы твора XVII ст.).
 
Варта таксама адзначыць, што напярэдадні 12 лістапада — сьвята ў гонар сьвятамучаніка Язафата, з нагоды сьвяткаваньня 25-годдзя адраджэньня малітоўнага жыцьця ў старажытным грэка-каталіцкім храме Сьвятой Тройцы ў Вільні, які збудаваў яшчэ Канстанцін Астрожскі ў гонар перамогі пад Воршай у 1514 г., і з нагоды абвяшчэньня Юбілейнага году ў 400-ыя ўгодкі Базыльянскага Чыну сьв. Язафата ў чатырох галоўных гарадах Літвы — Вільні, Каўнасе, Клайпедзе і Шаўляі — на маніторах у грамадзкім транспарце на працягу трох дзён дэманстраваўся відэасюжэт пра галоўны храм грэка-католікаў Літвы.
 
Фота: а. Іпаці Вашчышын, ЧСВВ, Osbm.in.ua;
а таксама Сяргея Гаўрыленкі і Алеся Адамковіча, Westki.info.
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"