Друк
02.12.2016
Дэлегацыя з Ватыкану перадала пасланьне Папы Царкве Канстанцінопаля
 
З нагоды сьвята сьвятога апостала Андрэя Першапакліканага, нябеснага апекуна Канстанцінопальскага патрыяршага пасаду, дэлегацыя Сьвятога Пасаду ў Рыме, узначаленая Старшынём Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў кардыналам Куртам Кохам, прыняла ўдзел ва ўрачыстых сьвяткаваньнях, якія адбыліся ў Стамбуле 30 лістапада 2016 году.
 
Кожны год 30 лістапада, у дзень успаміну сьвятога Апостала Андрэя, дэлегацыя Сьвятога Пасаду наведвае Стамбул і перадае Патрыярху Канстанцінопальскаму сьпецыяльнае пасланьне ад Папы. У сваю чаргу, праваслаўная дэлегацыя з Канстанцінопальскага Патрыярхату прыязджае ў Рым 29 чэрвеня, у сьвята сьвятых апосталаў Пятра і Паўла.
 
Нагадаем, што Канстанцінопальская Царква, як і большасьць праваслаўных Цэркваў, адзначае нерухомыя сьвяты паводле новага каляндарнага стылю.
 
Ватыканская дэлегацыя, якая складалася з кіраўніцтва Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў і Апостальскага нунцыя ў Турцыі, узяла ўдзел у Боскай Літургіі ў патрыяршым саборы сьвятога Георгія на Фанары, якую ўзначаліў Патрыярх Барталамей І. Напрыканцы ўрачыстага набажэнства ў памяць сьв. Апостала Андрэя Першапакліканага кардынал Курт Кох зачытаў вітальнае пасланьне ад Папы Францішка і перадаў падарунак. Акрамя таго, адбылася сустрэча з Патрыярхам і размова з сінадальнай камісіяй, адказнай за стасункі з Каталіцкай Царквой — паведамляе Радыё Ватыкану.
 
У пасланьні да Патрыярха Канстанцінопальскага Барталамея І з нагоды сьвята сьв. Андрэя Апостала, апекуна хрысьціянскага Ўсходу, Папа Рымскі Францішак адзначыў, што толькі малітва, сумесныя добрыя справы і дыялог здольныя пераадолець падзел і наблізіць хрысьціянаў адно да аднаго.
 
Першаярарх Каталіцкай Царквы падкрэсьліў важнасьць гэтага традыцыйнага абмену дэлегацыямі, што зьяўляецца «бачным знакам глыбокіх сувязяў», якія ўжо яднаюць дзьве Царквы. Сьвяты Айцец зноў выказаў сваё «прагненьне яшчэ больш глыбокай сулучнасьці» і спадзяваньне на тое, што стане магчымым сьведчыць узаемную любоў, «разьдзяліўшы адну і тую ж еўхарыстычную трапезу».
 
Біскуп Рыму таксама ўхвальна адгукнуўся пра ініцыятывы Патрыярха Барталамея на карысьць сустрэчы і дыялогу, усьведамляючы таксама і цяжкасьці, якія існуюць на шляху да еднасьці. «Гісторыя адносінаў паміж хрысьціянамі была, на жаль, адзначана канфліктамі, якія пакінулі глыбокі сьлед у памяці вернікаў», — адзначыў ён, але «на шляху да аднаўленьня еўхарыстычнай сулучнасьці паміж намі падтрымлівае нас заступніцтва нашых сьвятых заступнікаў, а таксама мноства мучанікаў усіх стагоддзяў».
 
Папа Францішак адзначыў важнасьць рашэньняў Сьвятога і Вялікага Сабору Праваслаўнай Царквы, што адбыўся ў чэрвені гэтага году на Крыце, які пацьвердзіў агульнае імкненьне да аднаўленьня еднасьці хрысьціянаў. Сьвяты Айцец падкрэсьліў вялікую ролю дыялогу, дзякуючы якому ў апошнія дзесяцігоддзі католікі і праваслаўныя пачалі бліжэй пазнаваць адзін аднаго і разумець, што супрацоўніцтва і супольнае абвяшчэньне Евангельля служыць усяму чалавецтву, дапамагаючы адстойваць мір, чалавечую годнасьць і сямейныя каштоўнасьці.
 
Рымскі Архірэй адзначыў, што таксама і тэалагічны дыялог унёс значны ўклад у справу ўзаемаразуменьня паміж хрысьцінамі. Ён узгадаў дзейнасьць Міжнароднай зьмяшанай камісіі, плёнам працы якой сёлета стаў дакумент «Сінадальнасьць і першынство ў першым тысячагоддзі». І хоць яшчэ застаюцца адкрытыя пытаньні, аднак, на думку Папы, «сумесныя разважаньні над ўзаемаадносінамі паміж сінадальнасьцю і першынством» могуць стаць штуршком для распазнаваньня спосабаў таго, якім чынам зьдзяйсьняць першынство ў Царкве, «калі ўсе хрысьціяне Ўсходу і Захаду нарэшце прымірацца».
 
Падсумоўваючы, Папа ўзгадаў сустрэчу ў верасьні 2016 году ў Асізі з прадстаўнікамі розных Цэркваў і рэлігіяў дзеля сумеснага закліку да міру, якая стала «радаснай магчымасьцю» для паглыбленьня прыязьні, «праяваю якой зьяўляецца таксама супольнае бачаньне таго, што датычыць значных пытаньняў, якія закранаюць жыцьцё Царквы і ўсяго грамадзтва».
 
Адказваючы на пасланьне Рымскага Архірэя, Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей I найперш шчыра падзякаваў за прысутнасьць на ўрачыстасьцях у патрыяршай рэзідэнцыі на Фанары ватыканскай дэлегацыі і перадаў свае «шчырыя пажаданьні нашаму брату і сябру Папу Францішку».
 
«Разам з Яго Сьвятасьцю Францішкам, Папам Рымскім, падзяляем тыя самыя клопаты, мэты і навучаньне, адказваючы на грамадзкі і гуманітарны крызіс нашага часу», — сказаў Патрыярх Канстанцінопальскі, вітаючы дэлегацыю з Рымскага Апостальскага Пасаду. Прысутнасьць дэлегацыі ад Папы на ўрачыстасьцях у гонар сьв. Апостала Андрэя, паводле словаў праваслаўнага першаярарха, «зьяўляецца ўкладам у шлях дыялогу паміж нашымі Цэрквамі, які быў і застаецца дыялогам любові ў ісьціне і дыялогам ісьціны ў любові».
 
«Нашая нядаўняя сустрэча з Папам Францішкам ў Асізі, — дадаў Барталамей І, — і наша супольная малітва за мір яшчэ раз пацьвердзілі, што нашыя Цэрквы павінны ўзмацніць свае намаганьні, накіраваныя на пераадоленьне фанатызму, несправядлівасьці і насільля, але таксама на пашырэньне культуры салідарнасьці».
 
«Мы можам жыць, не руйнуючы навакольнае асяроддзе. Мы можам жыць без нянавісьці. Мы можам суіснаваць у любові і згодзе. Служэньне зьяўляецца сутнасьцю сапраўднай свабоды. Мы згодныя ў неабходнасьці асаблівага клопату ў дачыненьні нашай моладзі. На жаль, сёньня, мноства дзяцей і пакутуюць ня толькі ад недахопу харчаваньня, недаяданьня і голаду, але і з-за адсутнасьці сэнсу жыцьця, бо сучаснае грамадзтва арыентаванае на матэрыялістычны зьмест эканомікі і таму ня ў стане забясьпечыць духоўную ежу, якая б здаволіла іх духоўныя патрэбы. Прапанаваць адказ на ​​гэты выклік нашай моладзі зьяўляецца адным з найважнейшых абавязкаў».
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"