Друк
09.12.2016
Памёр былы дэкан Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы
 
У ноч на 7 сьнежня 2016 году, на 90-м годзе жыцьця, у Яраслаўлі (Расея) адышоў да Госпада вядомы душпастыр беларускіх грэка-католікаў, протапрасьвітар Віктар Данілаў.
 
Айцец Віктар Данілаў — грэка-каталіцкі сьвятар-місіянер, чалавек незвычайнага лёсу. Яму давялося прайсьці праз пекла ГУЛАГу, дзе ён знайшоў свой шлях да Бога і сваё пакліканьне.

Протапрасьвітар Віктар Данілаў.
Ён нарадзіўся 20 ліпеня 1927 году ў Яраслаўлі. У 1948 годзе будучы сьвятар, а тады студэнт 1-га курсу Яраслаўскага педагагічнага інстытуту, за свае крытычныя заўвагі адносна Сталіна быў абвінавачаны ў антысавецкай агітацыі. Згодна з гэтым абвінавачваньнем ён быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі і накіраваны ў лагер для асабліва небясьпечных палітычных злачынцаў. Знаходзіўся ў лагеры ў Інце (Комі АССР) да 1955 году. Вызвалены быў па амністыі, пасьля сьмерці Сталіна, праз сем з паловай гадоў. Пазьней будучы сьвятар быў поўнасьцю рэабілітаваны.

Жыцьцё і навука не даваліся яму проста, бо падчас студыяў ён знаходзіўся пад тайным наглядам КГБ. На яго пісалі даносы, па палітычных матывах яму забаранілі паступаць у асьпірантуру; не давалі магчымасьці ўладкавацца на працу. Супрацоўнікі КГБ некалькі разоў праводзілі ў яго кватэры вобыск. Але, нягледзячы на ўсе гэтыя цяжкасьці, Віктар Данілаў цьвёрда трымаўся сваёй жыцьцёвай лініі і ва ўмовах заканадаўчых абмежаваньняў на рэлігійную дзейнасьць, што існавалі ў той час у Савецкім Саюзе, працягваў займацца хрысьціянскай місіянерскай дзейнасьцю.

Ня маючы нармальнай магчымасьці працаваць па сваёй сьпецыяльнасьці ды матэрыяльна забясьпечваць сям’ю ў расейскай глыбінцы ў Яраслаўлі, Віктар Данілаў наважыўся пераехаць у каталіцкія раёны СССР, дзе было вальней. У 1960 годзе ён пераехаў у Вільню, пазьней, пазнаёміўшыся з гарадзенскім каталіцкім духавенствам, у 1967 годзе ён пераехаў жыць у Горадню. Там ён уладкаваўся інжынерам-эканамістам і пачаў прапаведаваць каталіцтва.

У той час Віктар Данілаў наладзіў кантакты з іншымі актыўнымі прапаведнікамі хрысьціянства ў бязбожнай краіне: студэнтам праваслаўнай духоўнай Акадэміі, будучым сьвятаром Дзьмітрыем Дудко, які жыў у Маскве, з якім некалі разам сядзеў у адным канцлагеры, праваслаўным сьвятаром-праваабаронцам Глебам Якуніным і іншымі. Частыя дыскусіі з а. Дзьмітрыем Дудко пра Царкву і каталіцтва прывялі да знаёмства з а. Аляксандрам Менем, якога а. Дудко ахарактарызаваў «у душы католікам». Сяброўскія стасункі Віктара Данілава з айцом Аляксандрам Менем працягваліся некалькі гадоў.

У 1970-ыя гады Віктар Данілаў патаемна атрымліваў багаслоўскую адукацыю ў падпольных структурах Грэка-Каталіцкай Царквы. Ён атрымаў у падпольлі сьвятарскія сьвячаньні ў 1976 годзе ў Львове ад мітрапаліта Грэка-Каталіцкай Царквы Ўладзіміра Стэрнюка.

Дэкан БГКЦ а. Віктар Данілаў на прыватнай аўдыенцыі ў Сьвятога Айца Яна Паўла II з Апостальскім Візітатарам беларускіх грэка-католікаў архім. Сяргеем Гаекам.
На пачатку 1990-х у Горадні а. Віктар Данілаў адрадзіў грэка-каталіцкую парафію Маці Божай Фацімскай. З 1999 году і да свайго выхаду на заслужаны адпачынак па ўзросьце ў 2003 годзе ён зьяўляўся дэканам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. У 2000 годзе ён быў узьведзены ў сан протапрасьвітара.

Айцец Віктар Данілаў зьяўляецца аўтарам шматлікіх тэалагічных прац і перакладаў кніг на рэлігійную тэматыку. З аўтарскіх прац найбольш вядомая — «Мой шлях да Бога і да Каталіцкай Царквы», якая мела два выданьні.

У 2004 годзе рэдакцыя газеты «Царква» сумесна з Грэка-каталіцкай рэлігійнай грамадой г. Полацка падрыхтавалі і перавыдалі па-беларуску дапоўнены варыянт яго аўтабіяграфічнай кнігі «Мой шлях да Бога і да Каталіцкай Царквы».

У 2000 годзе а. Віктар Данілаў пабываў у Рыме, дзе меў асабістую сустрэчу з Папам Янам Паўлам II. Сьвятар быў адзначаны за сваё служэньне Крыжам «За заслугі перад Царквою і Папам».
 
У апошнія гады жыцьця а. Віктар Данілаў жыў у родным Яраслаўлі ў сям’і дачкі, дзе дапамагаў па меры сілаў у душпастырскай апецы вернікаў у рыма-каталіцкай парафіі Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа. Працягваў пісаць працы на рэлігійныя тэмы і прапаведаваў у сацыяльных сетках.
 
Сваё асабістае спачуваньне з нагоды сьмерці а. Віктара Данілава выказаў Архібіскуп Павел Пеццы, Мітрапаліт Архіяпархіі Божай Маці ў Маскве. Разьвітальнае Слова на пахаваньне протапрасьвітара Віктара Данілава даслаў і Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек). На разьвітаньне з спачылым сьвятаром выехала дэлегацыя сьвятароў і вернікаў БГКЦ на чале з Архімандрытам Сяргеем (Гаекам).
 
Адпяваньне памерлага протапрасьвітара Віктара Данілава адбудзецца 10 сьнежня, у 13.15 гадз. у рыма-каталіцкім катэдральным саборы Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі ў Маскве.
 
Пахаваньне сьвятой памяці спачылага сьвятара Віктара Данілава пройдзе ў Яраслаўлі ў нядзелю, 11 сьнежня 2016 году.
 
Дзякуем айцу Віктару за яго адважнае абвяшчэньне Слова Божага ў часы ваяўнічага атэізму, за сьвятарскае і місіянерскае служэньне ў Беларусі дзеля справы еднасьці Царквы. Вечная памяць!
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"