Друк
11.12.2016
Слова на разьвітаньне з спачылым а. Віктарам Данілавым Апостальскага Візітатара БГКЦ
 
7 сьнежня 2016 году, на 90-м годзе жыцьця, у Яраслаўлі адышоў да Госпада вядомы хрысьціянскі місіянер, душпастыр гарадзенскіх грэка-католікаў і былы дэкан БГКЦ, протапрасьвітар Віктар Данілаў.
 
З гэтай нагоды Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) накіраваў сваё пастырскае Слова на пахаваньне протапрасьвітара Віктара Данілава, якое будзе зачытана 10 сьнежня ў рыма-каталіцкай катэдры ў Маскве на літургіі за супакой сьвятара і 11 сьнежня ў Яраслаўлі, дзе будзе пахаваны а. Віктар Данілаў.
 
Узьнёслымі словамі «Christus vincit, Christus regnat, Christus imperat!» («Хрыстос перамагае, Хрыстос валадарыць, Хрыстос кіруе!» з лацінскага гімну, якія сьведчаць пра пасхальную перамогу Хрыста над сьмерцю распачаў сваё пасланьне Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі, зьвяртаючыся да Высокадастойнага Ўладыкі Паўла (Пеццы), Мітрапаліта рыма-каталіцкай архіяпархіі Маці Божай у Маскве, духавенства, вернікаў і родных спачылага сьвятара Віктар Данілава.
 
Далей Архімандрыт Сяргей (Гаек) у сваім разьвітальным Слове адзначыў тое галоўнае, на што яму хацелася б зьвярнуць увагу падчас разьвітаньня з сьвятаром: яшчэ раз засьведчыць пра галоўны цуд у жыцьці айца Віктара – цуд яго веры.
 
«Не хацелася б казаць ніякіх агульных словаў, якія можа прамовіць кожны прапаведнік, праводзячы спачылага Сабрата ў дом Нябеснага Айца. Асабліва гэтак заслужанага, як айцец Віктар. Лёгка і прыемна пералічыць яго шматлікія турботы на карысьць Сьвятой Хрыстовай Царквы. Яго кнігі і пераклады, выпакутаваныя на цярністым шляху жыцьця, вядомыя многім. Яго духоўны запал і актыўная місіянерская пазіцыя прызнаныя многімі.
 
Яшчэ шмат шчырых і цудоўных словаў будзе прамоўлена аб протапрасьвітары Віктары. Аб яго сустрэчах з айцом Аляксандрам Менем, аб яго таемных пастырскіх паездках па прасторах СССР. Аб адважным апалагеце каталіцкага навучаньня. Ёсьць, аднак, вялікае жаданьне засьведчыць аб галоўным цудзе ў жыцьці айца Віктара — цудзе яго веры.
 
«Праведнік вераю жывы будзе». Гэтыя словы Сьвятога Пісаньня мы маглі бачыць рэалізаванымі ў жыцьці нашага дарагога айца Віктара. Прайшоўшы цярністы жыцьцёвы шлях, ён паказаў сапраўдны прыклад жыцьця згодна з верай. У яго кнізе «Мой шлях да Бога і да Каталіцкай Царквы» ён сам апісвае свой цяжкі, часам поўны памылак шлях ад нявер’я і атэізму да веры. Гэтая вера — ня плён інтэлектуальнай працы розуму выдатнага чалавека, але вынік поўнай адкрытасьці Богу, на якую толькі быў здольны айцец Віктар, тады яшчэ проста студэнт тэхнічнай вучэбнай установы, які трапіў пад жорны пякельнай машыны сталінскіх рэпрэсіяў. Гэта вера, народжаная ва ўмовах выжываньня ў сталінскіх лагерах, лагерах сьмерці.
 
Расейскі пісьменьнік Варлам Шаламаў назваў сістэму сталінскіх лагераў «сістэмай сьмерці душы». «Бо тут калечаць раней душу, садзячы цела пад замок». І сам пісьменьнік і паэт Шаламаў, хоць і перакананы атэіст, дзівіўся, адкуль у веруючых людзей сіла, якая дазваляе ім не апусьціцца да стану злобнай жывёлы, хоць, здаецца, уся сістэма зьняволеньня накіраваная на зьнішчэньне ў чалавеку чалавечнага.
 
Айцец Віктар, які здабыў веру ў лагеры, сам стаў для многіх сьведкам веры. Веры бескампраміснай і адкрытай, веры асьвячальнай, якая перамагае і трыюмфуе. Трыюмфуе і ў сталінскіх лагерах, і ў далейшым жыцьці, прысьвечаным пропаведзі Слова Божага сярод цемры савецкай атэістычнай ідэалогіі.
 
«Місіянерскія нататнікі» айца Віктара — маленькія нататнікі, сьпісаныя роўным почыркам, якія тлумачаць у форме пытаньняў і адказаў асновы Ісьціны хрысьціянскай веры, — яскравае сьведчаньне выдатнага інтэлекту, накіраванага на пропаведзь веры ў сітуацыі інфармацыйнага вакууму.
 
Зараз, калі любую багаслоўскую кнігу можна замовіць праз інтэрнэт, цяжка зразумець, як выжывалі людзі, якія жылі з Богам у сітуацыі, калі нават Божае Слова можна было набыць толькі нелегальна. Калі ўсе інтэлектуальныя скарбы Каталіцкай Царквы былі проста недаступныя, а спроба набыць якую-небудзь інфармацыю аб навучаньні Царквы можа каштаваць свабоды ці нават жыцьця. Як знаходзіць у сабе сілы, жыць і змагацца?
 
У тым і справа, што сілы знаходзілі ў Богу, Які ўмацоўваў вернікаў. Сапраўдная асьвячальная вера жыве і разьвіваецца насуперак любым перашкодам. Айцец Віктар пакінуў нам сьведчанне той самай жывой веры, якая разбурыла сілу зла, што ўяўлялася нязломнай, як жывая травінка здольная ўзламаць камень.
 
Ён напоўніў сваё жыцьцё служэньнем Богу, Якога палюбіў. Ён прысьвяціў сябе служэньню Каталіцкай Царкве. Айцец Віктар, як сапраўдны вучань Боскага Пастыра, імкнуўся ахапіць пастырскай апекай усіх католікаў, нават усіх хрысьціянаў.
 
Бог падарыў яму пакліканьне да сьвятарства ва ўсходнім абрадзе. Але яго сэрца было адкрыта для ўсіх. Доблесны пастыр, які выхаваў некалькі пакліканьняў да сьвятарства і манаства, які абуджаў у маладых людзях жаданьне вывучаць багаслоўе і ісьці цяжкім шляхам каталіцкага сьвятара ўсходняга абраду.
 
Заўсёды быў адкрыты на дыялог. Нават у глыбокай старасьці быў здольны знаходзіць супольную мову з усімі людзьмі, асабліва з людзьмі, якія шукаюць Бога і пакутуюць ад духоўнага распаду грамадзтва вакол сябе і ў сваім жыцьці.
 
Як сам айцец Віктар неаднойчы казаў, «супрацьпастаўце “імперыі граху” вакол вас, “імперыю Бога” унутры вас». Яму асабліва падабалася вымаўляць «imperium Dei» па-лацінску. Панаваньне Бога ў нашым жыцьці, якое магчыма толькі па веры», — напісаў у сваім Слове Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
«Дарагія Браты і Сёстры, дарагія Сябры, памінаючы сёньня айца Віктара, пастараемся быць настолькі ж веруючымі і любячымі Бога людзьмі, як і ён сам», — заклікаў напрыканцы свайго разьвітальнага Слова Архімандрыт Сяргей (Гаек). — «Пачэсны Айцец Протапрасьвітар Віктар, клір і вернікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы шчыра дзякуюць Госпаду за Цябе, за тваё жыцьцё і служэньне.
Тваё імя — Victor — паходзіць ад слова Victoria. Дзякуй Табе, што Ты нястомна стараўся наблізіць людзям поўную Перамогу Ўваскрослага Хрыста — Victoria Christi».
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"