Друк
12.12.2016
У Маскве разьвіталіся з сьвятаром Віктарам Данілавым
 
10 сьнежня 2016 году ў рыма-каталіцкай катэдры Беззаганага Зачацьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі ў Маскве адбылася сьвятая Імша за супакой душы сьвятара Віктара Данілава, які спачыў 7 сьнежня на 90 годзе жыцьця ў яго родным горадзе Яраслаўлі. Пра гэта паведамляе Інфармацыйная служба Архіяпархіі Божай Маці ў Маскве.
 
Сьвятую Імшу за душу спачылага протапрасьвітара Віктара Данілава правіў Мітрапаліт рыма-каталіцкай архіяпархіі Божай Маці ў Маскве Архібіскуп Павел Пеццы, разам з якім саслужылі сьвятары лацінскага, візантыйскага і армянскага абрадаў.
 
У Маскву на адпяваньне былога дэкана Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы прыехала невялікая дэлегацыя сьвятароў і вернікаў з Беларусі на чале з Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў Беларусі Архімандрытам Сяргеем (Гаекам). З сьвятароў з ім прыехаў таксама духоўны вучань а. Віктара Данілава грэка-каталіцкі душпастыр з Полацку а. Аляксандар Шаўцоў і дыякан Вячаслаў Гарчакоў з Івацэвічаў. Айцец Віктар некалі вельмі моцна падтрымаў будучага сьвятара ў складанай жыцьцёвай сітуацыі і дапамог яму ў распазнаньні яго пакліканьня і жыцьцёвага выбару.
 
У сваім казаньні архібіскуп Павел Пеццы назваў жыцьцё айца Віктара жыцьцём апостала, чалавека, які прысьвяціўся зьвеставаньню Евангельля. «У тваім жыцьці споўніліся словы, з якіх мы пачалі гэтую памінальную Імшу: тваё жыцьцё насамрэч упрыгожылася сьвятым служэньнем. І тыя, хто сустракаўся з табой, маглі бачыць зьзяньне, радасьць, адданасьць гэтага служэньня». Архібіскуп узгадаў словы сьв. Яна Паўла II, які казаў, што ў служэньні дзеля Валадарства Нябеснага і пабудовы Царквы можна рабіць тры рэчы: маліцца, дзейнічаць і цярпець. «З гэтых трох самае эфектыўнае і плённае — гэта цярпеньне, калі яно аддадзена, прынесена ў ахвяру Хрысту. Гэтаму мы можам з карысьцю навучыцца, калі ўзгадаем жыцьцё сьвятара Віктара Данілава».
 
Кіраўнік беларускіх грэка-католікаў у сваім разьвітальным слове адзначыў важнасьць досьведу, перажытага а. Віктарам Данілавым ва ўмовах дыктатуры: «Прайшоўшы цярністы жыцьцёвы шлях, ён паказаў сапраўдны прыклад жыцьця згодна з верай. /.../ Гэтая вера — ня плён інтэлектуальнай працы розуму выдатнага чалавека, але вынік поўнай адкрытасьці Богу, на якую толькі быў здольны айцец Віктар, тады яшчэ проста студэнт тэхнічнай вучэбнай установы, які трапіў пад жорны пякельнай машыны сталінскіх рэпрэсіяў. Гэта вера, народжаная ва ўмовах выжываньня ў сталінскіх лагерах, лагерах сьмерці. /.../ Айцец Віктар, які здабыў веру ў лагеры, сам стаў для многіх сьведкам веры. Веры бескампраміснай і адкрытай, веры асьвячальнай, якая перамагае і трыюмфуе».
 
«Тваё імя Віктар паходзіць ад лацінскага слова victoria — перамога. Дзякуй табе за тое, што ты нястомна імкнуўся наблізіць да людзей поўную перамогу Ўваскрослага Хрыста – Victoria Christi», — сказаў Апостальскі Візітатар грэка-католікаў Беларусі.
 
«Айцец Віктар здабыў веру менавіта таму, што ён імкнуўся спазнаць праўду», — сказаў у сваім слове разьвітаньня а. Андрэй Зьвераў, які прыехаў ушанаваць памяць спачылага грэка-каталіцкага душпастыра як прадстаўнік Ардынарыя для католікаў візантыйскага абраду ў Расеі біскупа Ёзафа Верта. «Ён прагнуў праўды, ён яе шукаў, і той, хто шукае — знаходзіць. Госпад даў яму найвялікшы дар — дар веры, і пакліканьне да сьвятарства. І да апошніх гадоў, нават калі ён быў ужо вельмі хворы, ён імкнуўся прапаведаваць, сьведчыць, вёў перапіску ў інтэрнэце з сваімі духоўнымі дзецьмі, таму што яго душа была напоўненая Богам і ласкай пасхальнай таямніцы. Цяпер у айца Віктара новае служэньне: ён моліцца за нас на літургіі нябеснай. У яго асобе мы здабылі, як я спадзяюся, вельмі добрага заступніка і малітаўніка».
 
Пахаваньне протапрасьвітара Віктара Данілава адбылося ў нядзелю, 11 сьнежня 2016 году, на яго радзіме ў Яраслаўлі.
 
+ + +
Протапрасьвітар Віктар Данілаў — каталіцкі місіянер, першы грэка-каталіцкі сьвятар, які стала жыў у пасьляваеннай Беларусі. З 1999 па 2003 год зьяўляўся дэканам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Нарадзіўся ён 20 ліпеня 1927 году ў сям’і лекараў у Яраслаўлі (Расея). У 1947 годзе паступіў у Яраслаўскі педагагічны інстытут.
 
У 1948 годзе падчас навучаньня ў інстытуце быў арыштаваны органамі дзяржбясьпекі за крытычныя выказваньні на адрас Сталіна, абвінавачаны ў антысавецкай агітацыі і быў асуджаны па артыкулах 58-10 і 58-11 УК РСФСР на 10 гадоў ППЛ. Тэрмін адбываў у Мінлагу ў г. Інта (Комі АССР), які быў прызначаны для асабліва небясьпечных палітычных злачынцаў. У лагеры ў выніку сустрэчаў са зьняволенымі сьвятарамі прыйшоў да перакананьня ў існаваньні Бога і прыняў каталіцтва. Знаходзіўся ў зьняволеньні сем з паловай гадоў. Пасьля вызваленьня ў 1955 годзе па амністыі сумяшчаў працу з нелегальнай місіянерскай дзейнасьцю. Пазьней быў цалкам рэабілітаваны.
 
З сьнежня 1955 году працягнуў навучаньне на гістарычным факультэце Яраслаўскага педагагічнага інстытуту. Аднак пасьля яго заканчэньня дыплом гісторыка-педагога яму спачатку не хацелі выдаваць па той прычыне, што ён быў актыўным каталіком, пра што адміністрацыі педінстытуту стала вядома з даносу. Толькі настойлівасьць Віктара Данілава, яго афіцыйныя звароты ў дзяржаўныя ўстановы з заявамі аб рэлігійнай дыскрымінацыі дазволілі ўрэшце адстаяць свае правы і атрымаць дыплом. Аднак уладкавацца па атрыманай сьпецыяльнасьці Віктар Данілаў ня змог, таму з 1959 году працаваў электрамантажнікам.

У 1960 годзе Віктар Данілаў пераехаў у Вільню. У 1963 годзе ён скончыў Маскоўскі фінансава-эканамічны тэхнікум і атрымаў сьпецыяльнасьць «эканаміст-фінансіст». Пазнаёміўшыся з гарадзенскім каталіцкім духавенствам, у 1967 годзе Віктар Данілаў пераехаў жыць у Горадню. Там ён уладкаваўся інжынерам-эканамістам і пачаў прапаведаваць каталіцтва. Некалькі разоў падвяргаўся ператрусам і допытам.
 
На пачатку 1970-ых гг. патрымаў прапанову вучыцца на грэка-каталіцкага сьвятара. У чэрвені 1976 году ў Львове мітрапалітам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Ўладзімірам Стэрнюком быў таемна высьвячаны на сьвятара і пачаў служэньне ва ўмовах падпольля. З Горадні шматразова выязджаў у розныя раёны СССР аж да Сібіры і Каўказу, дзе нелегальна займаўся місіянерскай дзейнасьцю.
 
Са зьяўленьнем свабоды для рэлігійнай дзейнасьці стварыў у кастрычніку 1992 годзе грэка-каталіцкую супольнасьць у Горадні і стаў яе душпастырам. Выкладаў асновы рэлігіі ў гарадзенскіх дзяржаўных навучальных установах і багаслоўскія дысцыпліны ў каталіцкім катэхетычным інстытуце. Працаваў у Гарадзенскім абласным таварыстве «Веды» лектарам па рэлігійнай тэматыцы, выступаў на абласным радыё з лекцыямі на рэлігійныя тэмы.
 
У 1999 годзе быў прызначаны дэканам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, а ў 2000 годзе ўзьведзены ў протапрасьвітары. За сваё шматгадовае місіянерскае служэньне Папам Янам Паўлам II адзначаны царкоўнай узнагародай — залатым Крыжам «Pro Ecclesia et Pontifice (За заслугі перад Царквой і Папам)». У апошнія гады жыцьця жыў у родным Яраслаўлі, дзе па меры сілаў дапамагаў у душпастырскай апецы вернікаў рыма-каталіцкай парафіі Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа. Працягваў пісаць працы на рэлігійныя тэмы і прапаведаваў у сацыяльных сетках.
 
Протапрасьвітар Віктар Данілаў — аўтар шматлікіх прац на апалагетычныя і багаслоўскія тэмы, а таксама аўтабіяграфічнай кнігі «Мой шлях да Бога і да Каталіцкай Царквы», якая мела два выданьні.
 
Памёр 7 сьнежня 2016 году на сваёй радзіме ў Яраслаўлі. У а. Віктара Данілава засталася жонка — Эльвіра Юр’еўна, дачка Алена і ўнукі — Маргарыта і Станіслаў.
 
Фота Натальлі Гілевай, Рымска-каталіцкая Архіяпархія Божай Маці ў Маскве.
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"