Друк
20.12.2016
Беларускі храм у Лондане будзе важным сымбалем беларускай культурнай прысутнасьці ў сьвеце
 
З нагоды асьвячэньня 17 сьнежня 2016 году ў Лондане новай беларускай царквы ў гонар сьв. Кірылы, біскупа Тураўскага і Ўсіх Сьвятых заступнікаў Беларускага народу Старшыня Рады БНР накіравала беларусам Вялікай Брытаніі адмысловае віншаваньне.
 
Беларуская царква ў Лондане ў памяць пра ахвяры Чарнобыля. Фота: Dezeen.com.
«Новы беларускі храм будзе важным сымбалем беларускай культурнай прысутнасьці ў адным з найбольш важных гарадоў сьвету і месцам, дзе беларусы змогуць надалей маліцца Богу на мове сваіх продкаў. Cёньня вялікае сьвята для ўсіх беларусаў незалежна ад веравызнаньня і ад таго, у якой частцы сьвету яны жывуць», — напісала Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла ў сваім звароце, накіраваным на адрас кіраўніка Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане а. Сяргея Стасевіча.
 
Зварот цалкам:
 
Дарагі айцец Сяргей, дарагія суродзічы-беларусы ў Вялікай Брытаніі!
 
Вестка пра высьвячэньне беларускага храму ў Лондане напоўніла сэрца радасьцю, і я вельмі шкадую, што не магу асабіста прысутнічаць на гэтай падзеі. На жаль, штораз цяжэй пералятаць праз акіян.
 
Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і ад сябе асабіста шчыра віншую вас, дарагі айцец Сяргей, і ўсіх, хто спрычыніўся да пабудовы сьвятыні — і перадусім бліскучага архітэктара Рафаэля Цзыўай Со. Пабудавалі Вы ня толькі першую драўляную сьвятыню ў Лондане ад Вялікага пажару XVII стагоддзя, але і першую беларускую сьвятыню ў Заходняй Еўропе. Даказалі Вы гэтым і сваім, і чужым, што “жывая яшчэ душа ў народзе гэтым”.
 
Беларускі асяродак у паўночным Лондане заўсёды быў асабліва мілым месцам для мяне і многіх беларусаў з усяго сьвету. З ім зьвязаныя імёны такіх слаўных людзей, як біскуп Чэслаў Сіповіч, як а. Леў Гарошка і, канечне ж, а. Аляксандар Надсан, які пакінуў нас зусім нядаўна. Гэтыя людзі, будучы дзесяцігоддзямі адарваныя ад Беларусі, штодзённа маліліся за яе, дбалі пра беларускую культуру і беларускую спадчыну на чужыне, каб, пранесшы яе праз ліхалецьце, перадаць адроджанай вольнай Бацькаўшчыне.
 
Асабіста Вам удзячная, што прысьвяцілі храм ахвярам Чарнобылю. Дай Божа, каб бяда гэтая ніколі больш не паўтаралася на нашай зямлі.
 
Адкрыцьцё беларускае царквы — гэта падзея ня толькі рэлігійная. Новы беларускі храм будзе важным сымбалем беларускай культурнай прысутнасьці ў адным з найбольш важных гарадоў сьвету і месцам, дзе беларусы змогуць надалей маліцца Богу на мове сваіх продкаў. Cёньня вялікае сьвята для ўсіх беларусаў незалежна ад веравызнаньня і ад таго, у якой частцы сьвету яны жывуць.
 
Івонка Сурвіла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"