Друк
20.12.2016
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў з асьвячэньнем новай царквы ў Лондане
 
Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і ўсіх вернікаў лацінскага абраду ў краіне архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў кіраўніка Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане а. Сяргея Стасевіча і супольнасьць мясцовых вернікаў з асьвячэньнем новай сьвятыні ў сталіцы Вялікай Брытаніі.
 
У сваім пасланьні ўдзельнікам урачыстасьцяў у Лондане Старшыня ККББ напісаў:
 
18.12.2016. Кс. Сяргей Сурыновіч з Друі правіць лацінскую сьв. Імшу ў беларускай царкве ў Лондане.
Дарагі ойча Сяргей Стасевіч і ўся супольнасьць Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане, паважаныя прысутныя на ўрачыстасьці асьвячэньня царквы сьвятога Кірылы Тураўскага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу!
 
Ад імя ўсіх католікаў Беларусі рымскага абраду прагну шчыра павіншаваць усіх, хто прысутнічае на сьвяце, і ўсіх, хто меў дачыненьне да гэтай падзеі.
 
Гэта адзіная ў замежжы адмыслова пабудаваная беларуская грэка-каталіцкая царква і першая драўляная царква ў Лондане ад часоў Вялікага пажару 1666 году. Пабудаваная ў 30-ую гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС, яна таксама будзе храмам-помнікам усім ягоным ахвярам.
 
Беларуская каталіцкая місія ў Лондане верна працягвае справу сьветлых постацяў яе натхняльнікаў і кіраўнікоў. Да іх належыць, без сумненьня, біскуп Чэслаў Сіповіч, ураджэнец беларускай вёскі Дзядзінцы, адзін з айцоў Другога Ватыканскага Сабору і кіраўнік Кангрэгацыі Айцоў Марыянаў з 1963 па 1969 гады. Ён, як ніхто іншы, папулярызаваў веды пра Беларусь у брытанскім грамадзтве. Нельга не ўзгадаць таксама постаць айца Аляксандра Надсана, з дня сьмерці якога не прайшло яшчэ і двух гадоў. Айцец Аляксандар як нязломны пастыр выконваў служэньне Апостальскага Візітатара для беларусаў-католікаў у замежжы.
 
Пра што мог думаць айцец Надсан, калі 11 сакавіка 1990 году служыў Боскую Літургію ў візантыйскім абрадзе ў рымска-каталіцкім касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа на Кальварыі ў Менску? Напэўна, пра тое, што гэта Бог піша гісторыю на заблытаных сьцежках чалавечага жыцьця. Гэта Бог зьяўляецца крыніцай адзінства ўсіх католікаў, злучаных пад кіраўніцтвам Біскупа Рыму.
 
Як ваш брат у Хрысьце ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі жадаю, каб гэтая новая сьвятыня, пабудаваная малітвамі і цярпеньнямі многіх пакаленьняў, стала сымбалем вечнай перамогі Хрыста над грахом і нянавісьцю.
 
З малітвай і блаславеньнем,
 
архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Менска-Магілёўскі
старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Паводле Catholic.by.
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"