Друк
07.03.2017
Былы Апостальскі нунцый у Беларусі ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны
 
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі, архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці — Апостальскі нунцый ва Ўкраіне, былы Апостальскі нунцый у Беларусі ў 2011—2015 гг., а таксама дырэктар Музеяў Ватыкану Антоніа Паалучы ўзнагароджаныя ордэнам Францыска Скарыны «за значны асабісты ўклад у разьвіцьцё культурнага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Ватыканам».
 
Адпаведны ўказ кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў 7 сакавіка 2017 году.
 
Гэтыя асобы непасрэдна спрычыніліся да арганізацыі і правядзеньня выставы беларускага сакральнага мастацтва ў Ватыкане «Іканапіс Беларусі XVII—XXI стагоддзяў», якая праходзіла з 19 траўня да 25 ліпеня 2016 году і стала першай у гісторыі такога роду ініцыятывай з Усходняй Еўропы ў Ватыканскіх музеях. Увазе наведвальнікаў былі прадстаўленыя найбольш значныя творы беларускай іканапіснай традыцыі розных часоў. Усяго ў экспазіцыю ўвайшлі 33 іконы — каталіцкія, уніяцкія і праваслаўныя.
 
Архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці. (Фота А. Шчыглінскай).
У сьнежні 2015 году, прымаючы Клаўдыё Гуджэроцьці з нагоды завяршэньня яго дыпламатычнай місіі ў Беларусі, Аляксандар Лукашэнка назваў яго «лепшым з паслоў Ватыкану» — адзначае БелаПАН. «Вы нас заўсёды падтрымлівалі. Мы з вамі шмат зрабілі для ўстанаўленьня добрых сувязяў, і ў персьпектыве, я думаю, мы зробім усё для таго, каб адбыліся мае сустрэчы з Папам Рымскім на самым высокім узроўні. <...> Ваша місія была сумленнай, адкрытай, прынцыповай, часам нават не дыпламатычнай, а агульначалавечай. Вы да некаторых пытаньняў узаемаадносінаў Беларусі ня толькі з Ватыканам, але і з іншымі дзяржавамі падыходзілі, зыходзячы з інтарэсаў Беларусі, нашага народу. І вось за гэта перш за ўсё я вам удзячны», — сказаў кіраўнік Беларусі.
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"