Друк
26.03.2017
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі занепакоены разьвіцьцём сітуацыі ў краіне
 
З нагоды падзеяў 25-26 сакавіка 2017 году ў Менску і іншых гарадах Беларусі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, у адмысловай заяве выказаў сваю вялікую занепакоенасьць разьвіцьцём сітуацыі ў краіне і клопат пра лёс затрыманых людзей.
 
АМАП ў Менску затрымлівае 80-гадовага Яна Грыба падчас несанкцыянаванай уладамі акцыі ў Дзень Волі — 25 сакавіка. Фота: Svaboda.org.
Каталіцкі ярарх выказаў надзею на гуманныя і справядлівыя адносіны да затрыманых і спадзяваньне на хутчэйшае вяртаньне іх дадому. Пры гэтым Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў «дзяржаўную ўладу і яе апанентаў, а таксама грамадзкія арганізацыі і людзей розных поглядаў да канструктыўнага дыялогу з мэтай вырашэньня існуючых праблемаў для дабра нашага народу і кансалідацыі грамадзтва».
 
Ніжэй падаем поўны тэкст Звароту, які быў зьмешчаны на афіцыйным сайце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Catholic.by.
 
Заява Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча —
Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі —
адносна падзей 25-26 сакавіка 2017 г.
 
АМАП ў Менску затрымлівае 80-гадовага Яна Грыба падчас несанкцыянаванай уладамі акцыі ў Дзень Волі — 25 сакавіка. Фота: Svaboda.org.
Аэрапорт г. Франкфурт-на-Майне,
26 сакавіка 2017 г.
 
Знаходзячыся ў аэрапорце Франкфурту, па дарозе са Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусь, з вялікай занепакоенасьцю я ўспрыняў сітуацыю, якая ўзьнікла у Менску і іншых гарадах падчас учарашніх і сёньняшніх падзеяў.
 
Недахоп часу не дазваляе цалкам асэнсаваць становішча, якое ўзьнікла, але яно нагадвае пра складанасьць выклікаў, якія сёньня паўсталі перад нашай Бацькаўшчынай.
 
Гісторыя беларускага народу сьведчыць аб тым, што ён заўсёды вылучаўся сваёй разважлівасьцю і знаходзіў мірныя шляхі для вырашэньня ўзьнікаючых праблемаў.
 
25 сакавіка Каталіцкі Касьцёл адзначаў урачыстасьць Зьвеставаньня Пана, калі мы разважалі над тым, што Бог выбраў Марыю быць Маці Збаўцы. Яна прыняла Божую волю, і пад яе Беззаганным Сэрцам пачало біцца Сэрца Езуса — Валадара спакою, падчас нараджэньня якога анёльскія хоры сьпявалі: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі мір людзям добрай волі».
 
Таксама і нам, дарагія суайчыньнікі, неабходна перадусім прыняць заклік Бога да ўзаемнага прымірэньня, пакуль ня зойдзе сонца, як кажа Сьвятое Пісаньне, каб не наступіла ноч супрацьстаяньня.
 
У сувязі з гэтым заклікаю дзяржаўную ўладу і яе апанентаў, а таксама грамадзкія арганізацыі і людзей розных поглядаў да канструктыўнага дыялогу з мэтай вырашэньня існуючых праблемаў для дабра нашага народу і кансалідацыі грамадзтва.
 
Выказваю надзею на гуманныя і справядлівыя адносіны да затрыманых і спадзяюся на хутчэйшае іх вяртаньне дадому.
 
Дзева Марыя, Валадарка спакою, выпрасі беларускаму народу ў свайго Сына Езуса Хрыста ласку мірнага жыцьця і павагі адно да аднаго, з захаваньнем дадзеных нам Творцам правоў і выкананьнем ускладзеных на нас абавязкаў.
 
З малітвай аб міры ў нашай Бацькаўшчыне.
 
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Менска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"