Друк
12.04.2017
Апостальскі Візітатар БГКЦ пра найбліжэйшыя царкоўныя планы і задачы
 
Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква ў бліжэйшы час плануе ўшанаваць памяць біскупа Баляслава Слоскана, а таксама заахвочвае глыбей пазнаваць малітоўную спадчыну Францішка Скарыны — пра гэта распавёў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек).
 
Біскуп Баляслаў Слоскан (Слосканс) — чалавек сьвятога жыцьця і незломнай надзеі, як казалі пра яго сучасьнікі. Ураджэнец былой Віцебскай губерні (з каталіцкай парафіі ў Цілтгалс у Латгаліі, на латышска-беларускім памежжы), ён быў папярэднікам першага беларускага грэка-каталіцкага біскупа ў XX стагоддзі ўладыкі Чэслава Сіпопіча, Апостальскага візітатара для беларускіх грэка-католікаў за мяжой.
 
Афіцыйна біскуп Баляслаў Слоскан з 19 сьнежня 1952 году быў Апостальскім Візітатарам для беларускіх грэка-католікаў, а з 14 лютага 1953 году — таксама Адказным за душпастырства для беларусаў лацінскага абраду ў Заходняй Еўропе. Але ўжо ў папярэднія гады ён наведваў і духоўна падтрымліваў многіх беларусаў-эмігрантаў і асабліва шмат дапамагаў беларускім студэнтам, якія вучыліся ў Каталіцкім універсітэце ў Лювэне ў Бельгіі. Ён быў шчыра зацікаўлены духоўным і культурным разьвіцьцём сярод беларускіх эмігрантаў на Захадзе, асабліва маладых студэнтаў і інтэлектуалаў.
 
Але найбольшай заслугай біскупа Баляслава Слоскана для душпастырскіх патрэбаў беларусаў сёньня лічыцца той факт, што ён, як Апостальскі Візітатар для беларусаў замежжа, паспрыяў прызначэньню беларускага грэка-каталіцкага біскупа. Ён падтрымаў ліст, які беларускія сьвятары напрыканцы іх агульнай Сустрэчы ў Рыме прадставілі Папе Яну XXIII 6 лютага 1960 году, з просьбай прызначыць для беларускіх католікаў уласнага біскупа. І ўжо 2 ліпеня 1960 году Рымскі Архірэй намінаваў а. Часлава Сіповіча біскупам для беларусаў.
 
Як адзначае Архімандрыт Сяргей Гаек, біскупа Баляслава Слоскана і сёньня добра памятаюць — у Латвіі, Германіі, Бельгіі, дзе ён служыў, і на радзіме. Таму адразу пасьля Вялікадня беларускія вернікі зладзяць пілігрымку да яго магілы, паведаміў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей Гаек.
 
«Мы хочам дзесьці падчас Радаўніцы зрабіць пілігрымку з Менску і Віцебску ў Аглону ў Латвіі, дзе ён спачывае. Таксама ёсьць яго сябры ў Бельгіі, дзе жыве таксама група латышоў, якія зацікаўленыя, каб тут у Беларусі падтрымлівалася памяць пра біскупа Баляслава Слоскана. І яны мне зьвярнулі ўвагу, што на самой справе амаль усё яго пастырскае жыцьцё было зьвязанае з Беларусьсю. Мы пра яго заўжды гаварылі як пра чалавека нязломнай надзеі. Таму якраз вера, надзея, любоў — гэта тыя цноты, якія мы хочам асэнсаваць напрыканцы Вялікага посту, а ўжо ў сьвятле Ўваскрасеньня хочам ушанаваць памяць біскупа Слоскана пілігрымкай», — паведаміў Архімандрыт Сяргей.
 
Баляслаў Слосканс ў траўні 1926 году ў Маскве быў таемна ўзьведзены ў сан біскупа і прызначаны Апостальскім адміністратарам Менскім і Магілеўскім. За сваю рэлігійную дзейнасьць перасьледаваўся савецкімі ўладамі. Амаль сем гадоў правёў у лагеры на Салаўках і ў сібірскай ссылцы. У красавіку 2000 году быў распачаты працэс беатыфікацыі Баляслава Слосканса. У канцы 2004 году біскуп Баляслаў афіцыйна абвешчаны вызнаўцам веры.
 
У сваім інтэрв’ю Ватыканскаму радыё архім. Сяргей Гаек таксама нагадаў, што ўвесь гэты год, калі ў Беларусі адзначаецца 500-гадовы юбілей Скарынавай Бібліі, у Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве прысьвечаны памяці першадрукара Францішка Скарыны. Напрыклад, падчас Вялікага посту вернікі ўсходняга абраду моляцца па акафісту, напісанаму Скарынам. Гэтая малітва — сваеасаблівае вызнаньне веры, яна дапамагае прыйсьці да пакаяньня і зразумець, што такое хрысьціянская любоў. У 500-годдзе першай друкаванай Бібліі наша Царква заахвочвае карыстацца яго тэкстамі, падкрэсьліў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі.
 
«Духоўнае рэха юбілею вельмі важнае, і для ўсіх нас вельмі важна бачыць Францішка Скарыну як першага евангелізатара. Мы так яго бачым. Тым больш што ён ня быў з духавенства, а быў сьвецкім вернікам. І гэта павінна вельмі натхняць сёньня.
 
Яшчэ некалькі гадоў таму мы адзначалі, што нас — Царкву — цікавіць перш за ўсё яго духоўная спадчына. Пэўныя плямы ў яго біяграфіі яшчэ застаюцца, але і штосьці новае ўжо выявілася. І тут трэба выказаць падзяку ўсім тым, хто ангажуецца ў гэтую справу, займаецца пошукам новай інфармацыі пра Францішка Скарыну. Для нас вельмі важна бачыць і захоўваць яго малітоўную спадчыну. Тым больш, што сёньня некаторыя кажуць, што ён, напэўна, быў нейкім пратэстантам. Скарына ня мог ім быць, бо напісаў таксама малітвы ў гонар Багародзіцы. А гэтага цяжка было б чакаць ад нейкага кальвініста.
 
На дадзены момант фармальная кананізацыя Скарыны — гэта нейкая вельмі далёкая персьпектыва, якая невядома чым скончыцца. Галоўнае, што трэба данесьці да сёньняшняга чалавека, асабліва да сёньняшняга інтэлігента ў Беларусі — гэта тое, што можна быць высокаадукаваным чалавекам і пры гэтым маліцца. І можна маліцца словамі нават вельмі чулымі. Бо ня ўся інтэлегенцыя гэта разумее, нават хрысьціянская», — сказаў Архімандрыт Сяргей (Гаек).
 
Як адзначае пасьля размовы з архім. Сяргеем Гаекам Ватыканскае радыё, пытаньне аб прызначэньні біскупа для беларускіх грэка-католікаў, якое хвалюе многіх ужо 25 гадоў, пакуль ня мае свайго канкрэтнага вырашэньня, а толькі дае надзею. Менавіта з гэтым рашэньнем Грэка-Каталіцкая Царква ў Беларусі атрымала б завершаны, сфармаваны стан, лічыць Апостальскі Візітатар БГКЦ. «Ёсьць Цэрквы значна меншыя па памерах, напрыклад, у Сербіі, ці Манголіі, якія маюць свайго біскупа. Больш таго, грэка-католікі Беларусі гістарычна мелі свайго біскупа, і гэта зусім нармальна, што чакаюць таго моманта, калі гэта сітуацыя вернецца», — выказаў спадзяваньне айцец Сяргей Гаек.
 
Гэты год беларускія грэка-католікі выкарыстаюць і для разьвіцьця сваіх структураў, тым больш што ня так даўно духавенства БГКЦ папоўнілася двума новымі сьвятарамі, а яшчэ двое рыхтуюцца прыняць сьвячаньні.
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"