Друк
19.04.2017
Апостальскі нунцый: Беларусь павінна адкрыцца на велікодную надзею
 
Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь архібіскуп Габар Пінтэр накіраваў беларусам сваё віншаваньне на Вялікдзень.
 
«Дарагія браты і сёстры ў Беларусі,
 
Хрыстос, наша надзея, уваскрос; і няма ні ў кім іншым збаўленьня (пар. Дз 4, 12). Гэтымі словамі з кнігі Дзеяў Апосталаў усіх вас ад шчырага сэрца віншую са сьвятам Уваскрасеньня Госпада.
 
Уваскрасеньне Ісуса становіцца для кожнага з нас крыніцай аздараўленьня, надзеі і суцяшэньня. Лек ад сьмерці сапраўды існуе. Хрыстос зьяўляецца дрэвам жыцьця, якое зноў становіцца дасягальным для нас.
 
Калі трымаемся Яго, то знаходзімся ў жыцьці. Пасхальнае віншаваньне ўносіць новую персьпектыву ў нашае існаваньне, як людзкое, так і хрысьціянскае: персьпектыву, пазначаную ня сьмерцю, а жыцьцём; не канфліктам, а супакоем; не індывідуальным эгаізмам, а салідарнасьцю; не хлусьнёй і падманам, а бляскам праўды, сьвятла і чысьціні. Вялікдзень будзе сапраўды добрым і плённым, калі нашае грахоўнае жыцьцё накіруецца і навернецца да Бога.
 
Аддаленасьць і абыякавасьць у адносінах да Бога зьяўляюцца трагічнымі хваробамі, якія руйнуюць нашую рэчаіснасьць і ўсялякую надзею на будучыню.
 
Прыгожае імя, якое анёлы даюць Уваскросламу: той, які жывы! У гэтым і ёсьць цэнтар нашай веры і нашага існаваньня: Хрыстос жыве цяпер і тут. Ня толькі Яго вучэньне і Яго ідэі, але Яго асоба: калі Ён жывы, Ён кліча нас, дакранаецца да нас, мы можам адчуць Яго дыханьне, Ён сее радасьць і любіць нас вернай і абсалютнай любоўю. Не сымбалічна, не на паказ, не ідэалізавана, але па-сапраўднаму.
 
«Калі Хрыстос не ўваскрос, — кажа Пісаньне, — то вера ваша марная»: тая вера, якая ўжо дзьве тысячы гадоў падтрымлівае незьлічонае мноства мужчынаў і жанчынаў, надае сэнс іх жыцьцю, матывуе іх на вялікія справы, на штодзённае служэньне, адкрываючы іх на надзею.
 
Таксама і Беларусь павінна адкрыцца на велікодную надзею, якая прыходзіць да нас ва ўваскрослым Хрысьце: на надзею і духоўнае аднаўленьне, як умову для любога іншага аднаўленьня; на надзею ў дзейснае грамадзкае сяброўства, якое можа забясьпечыць упэўненасьць для нашай моладзі; на надзею на прымірэньне адрознасьцяў; на надзею на жыцьцё багатае такімі вартасьцямі, як дабро і братэрства.
 
Нашыя няўдачы, расчараваньні і горыч, якія, здаецца, сігналізуюць крах усяго, асьветленыя надзеяй. Акт любові крыжа пацьвярджаецца Айцом, і зіхатлівае сьвятло ўваскрасеньня ўсё ахінае і перамяняе. Са здрады можа нарадзіцца сяброўства, з адмаўленьня — прабачэньне, з нянавісьці — любоў.
 
Усіх шчыра віншую са сьвятам Вялікадня, няхай кожны дзень вашага жыцьця будзе напоўнены велікоднай надзеяй!»
 
+ Габар Пінтэр, Архібіскуп
Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь

Паводле Catholic.by.
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"