Друк
25.04.2017
Сьвятар, які служыў у Беларусі, прызначаны кіруючым біскупам грэка-каталіцкай япархіі ў Чыкага
 
У Ватыкане 20 красавіка 2017 году было паведамлена, што Папа Францішак блаславіў рашэньне Сіноду Біскупаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы аб прызначэньні біскупа-памочніка Львоўскай архіяпархіі Ўладыкі Бенядыкта (Алексійчука) кіруючым біскупам грэка-каталіцкай япархіі сьвятога Мікалая з сядзібай у Чыкага (ЗША), перанёсшы яго з тытулярнага пасаду Германіціяні. Амаль тры гады будучы ўкраінскі грэка-каталіцкі ярарх нёс сьвятарскае служэньне ў Беларусі.
 
Грэка-каталіцкая япархія сьв. Мікалая ў Чыкага, куды Ўладыку Бенядыкта (Алексійчука) ў верасьні мінулага году вырашыў накіраваць на служэньне Сінод Біскупаў УГКЦ, зьяўляецца адной з чатырох япархіяў Філадэльфійскай мітраполіі УГКЦ. Яна была створаная на падставе булы Рымскага Архірэя Яна XXIII 14 ліпеня 1961 году шляхам
Уладыка Бенядыкт (Алексійчук).
вылучэньня яе з заходняй часткі Філадэльфійскай архіяпархіі. Япархія была вакантная з 16 жніўня 2016 году, пасьля таго як адышоў у вечнасьць біскуп Рычард (Семінак).
 
У цяперашні час гэтая япархія, якая ахоплівае тысячы кіламетраў ад Чыкага да Каліфорніі ў 17 штатах (каля 2/3 тэрыторыі ЗША), мае 70 сьвятароў і дыяканаў, якія працуюць для 12 тыс. вернікаў у 46 парафіях і 4 місійных пунктах. Асаблівасьцю гэтай грэка-каталіцкай япархіі ёсьць яе разнароднасьць. Большасьць парафіяў па-за Чыкага сёньня маюць набажэнствы ўжо не ва ўкраінскай, а ў ангельскай мове ды жывуць пераважна па грыгарыянскім календары.
 
Уладыка Бенядыкт (Алексійчук) будзе пятым архірэем, які ўзначаліць гэтую ўкраінскую грэка-каталіцкую япархію ў ЗША. Паводле Кодэксу канонаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў і дзеючага права інтранізацыя новага архірэя адбудзецца на працягу 3-х месяцаў, пра яе дакладную дату неўзабаве паведамяць.
 
Украінская грэка-каталіцкая катэдра сьв. Мікалая ў Чыкага.
З нагоды прызначэньня кіруючым біскупам япархіі сьв. Мікалая ў Чыкага ў Мітрапалічых палатах сабора сьв. Юра ў Львове 20 красавіка адбыўся брыфінг для журналістаў. Падчас брыфінгу Ўладыка Бенядыкт (Алексійчук) адзначыў, што ён гатовы да новай працы, бо ўвесь папярэдні досьвед дадае яму ўпэўненасьці перад будучымі выклікамі, якія чакаюць яго ў ЗША. У мінулым ён ужо служыў за межамі Ўкраіны — у Беларусі, Канадзе. «У сваім жыцьці я заўсёды стараўся шукаць Божую волю», — адзначыў ён. — «Лічу, што за ўсім стаіць Госпад і чамусьці мяне туды вядзе».
 
Распавядаючы пра свой жыцьцёвы і сьвятарскі шлях, Уладыка Бенядыкт узгадаў і пра Беларусь: «Гасподзь неяк мяне паклікаў да служэньня ў Беларусі. Я пачаў сваё служэньне ў Беларусі вельмі добра. І міла ўзгадваю тыя часы — тады, калі цяперашні прэзідэнт Лукашэнка прыйшоў да ўлады. /.../ Я вельмі цёпла ўзгадваю тыя часы, бо гэта — Беларуская (асабліва падкрэсьліў гэта Ўладыка Бенядыкт — рэд.) Грэка-Каталіцкая Царква».
 
Ярарх таксама адзначыў: «Досьвед знаходжаньня ў розных дзяржавах, досьвед зносінаў з сьвятарамі, сьвецкімі вернікамі, паказвае, што людзі ўсюды падобныя, і Бог усюды той самы. Калі Папа Францішак запытаўся ў мяне, ці адчуваю я зьмену пасьля таго, як перайшоў з Сьвята-Ўсьпенскай Лаўры ў Львоў, я адказаў, што «аказваецца, Бог ёсьць той самы і ў манастыры, і ў сьвеце». Уладыка Бенядыкт кажа, што мае намер спачатку вывучыць стан справаў у Чыкагскай япархіі, зразумець іх праблемы і асаблівасьці жыцьця, а потым выбудоўваць план дзеяньняў. «Я прыхільнік так званай каманднай працы, і каб яна была ўзаемадапаўняльнай, таму разьлічваю на супрацоўніцтва і з сьвятарамі, і з сьвецкімі вернікамі», — адзначыў ён.
 
Даведка пра Ўладыку Бенядыкта (Алексійчука):
Валеры Алексійчук нарадзіўся 16 студзеня 1968 году ў в. Баршчоўка Кастопальскага раёну Ровенскай вобласьці. Скончыў Ровенскую медвучэльню і атрымаў сьпецыяльнасьць фэльчара. Пасьля службы ў войску і працы па сьпецыяльнасьці ў санаторыі Трускаўца паступіў у Духоўную семінарыю ў Драгобычы. 29 сакавіка 1992 году Вярхоўны Архібіскуп УГКЦ Міраслаў Любачыўскі ўдзяліў Валерыю Алексійчуку сьвятарскія сьвячаньні. Сваё служэньне распачаў у Драгобыцкім дэканаце. З 1992 па 1994 год працаваў у Патрыяршай катэхетычнай камісіі УГКЦ, адказваў за арганізацыю місіянерскай працы ва Ўсходняй Украіне. У 1993 годзе быў прыняты ў Сьвята-Ўсьпенскую Уніўскую лаўру манахаў Студыйскага ўставу. 13 кастрычніка 1993 году атрымаў манаскі пострыг, а 31 сьнежня 1995 году прыняў малую схіму і манаскае імя Бенядыкт.
 
З ліпеня 1994 году распачаў місінерскае служэньне ў Беларусі. Працаваў над аднаўленьнем манаскага і парафіяльнага жыцьця беларускіх грэка-католікаў, займаўся адбудовай манастыра сьв. Барыса і Глеба ў Полацку, узьвёў там царкву сьв. Параскевы Полацкай. Акрамя грэка-католікаў Полацку, апекаваўся таксама вернікамі ў парафіях у Віцебску, Магілёве, Гомелі, Берасьці. Быў духаўніком моладзевай хрысьціянскай супольнасьці ў Менску, распачаў грэка-каталіцкія пілігрымкі з Віцебску ў Полацак у памяць Полацкіх мучанікаў-базыльянаў і сьв. Язафата. У сакавіку 1995 году тады яшчэ ераманах Валеры (Алексійчук) стаў першым галоўным рэдактарам беларускай грэка-каталіцкай газеты «Царква».
 
Пазьней, ён таксама ўвесь час цікавіўся жыцьцём БГКЦ. Нават падчас знаходжаньня ў 2004 годзе ў Чыкага ігумен Бенядыкт цікавіўся лёсам беларускай грэка-каталіцкай парафіі ў Чыкага,
Ігумен Бенядыкт (Алексійчук) ля магілы беларускага грэка-каталіцкага біскупа Ўладзімера Тарасевіча, які пахаваны на бенядыктынскіх могілках у Лайле пад Чыкага. Дзяды, 2004 г.
знайшоў час, каб наведаць на Дзяды і памаліцца на магілах беларускіх грэка-каталіцкіх сьвятароў, пахаваных на могілках пры бенядыктынскім кляштары сьв. Пракопа ў Лайле пад Чыкага.
 
У 1996 годзе скончыў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт і абараніў магістарскую працу на тэму «Хрысьціянская духоўнасьць паводле сьв. Яна Кранштацкага». Быў адным з арганізатараў у Беларусі ўрачыстасьцяў з нагоды 400-годдзя Берасьцейскай царкоўнай уніі.
 
З сьнежня 1996 году знаходзіўся ў Сэнт-Катарынс (Канада) з мэтай стварэньня там новага грэка-каталіцкага манастыра, адначасова служыў у парафіях Таронцкай япархіі УГКЦ. У красавіку 1999 году быў абраны ігуменам Сьвята-Ўсьпенскай Уніўскай Лаўры і вярнуўся з Канады ва Ўкраіну.
 
У 2000 і 2005 гадах ераманах Бенядыкт быў двойчы пераабраны ігуменам Сьвята-Ўсьпенскай Уніўскай Лаўры. З 2004 году ён сябра Патрыяршай камісіі па справах манаства УГКЦ.
 
У кастрычніку 2004 году распачаў дактаранцкае навучаньне ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. 18 красавіка 2008 году абараніў доктарскую дысертацыю на тэму: «Настаяцель як духоўны бацька. дасьледаваньні ў сьвятле твораў вялебнага Тодара Студыта».
 
Пасьля 2006 году працаваў адміністратарам у парафіі ў Перамышлянах, кіраўніком сакратарыяту Сабору манаства УГКЦ, узначальваў Літургічную раду УГКЦ па падрыхтоўцы богаслужбовых тэкстаў, зьяўляўся старшынём Рады найвышэйшых настаяцеляў манастыроў УГКЦ, дадаткова вывучаў педагогіку і псіхалогію на розных курсах ва Ўкраіне і Польшчы.
 
3 жніўня 2010 году Першаярарх УГКЦ Любамір (Гузар), Вярхоўны Архібіскуп Кіева-Галіцкі, са згоды Сіноду біскупаў УГКЦ, прызначыў ераманаха Бенядыкта Алексійчука біскупам-памочнікам Львоўскай архіяпархіі. Хіратонія на біскупа адбылася 5 верасьня 2010 году ў саборы Сьвятога Юра ў Львове. Чын архірэйскай хіратоніі ў прысутнасьці Першаярарха УГКЦ Вярхоўнага Архібіскупа Любаміра (Гузара) і з удзелам членаў Сіноду Біскупаў УГКЦ зьдзейсьніў Архібіскуп Львоўскі Ўладыка Ігар (Возьняк).
 
З верасьня 2010 году прызначаны Протасінкелвм Львоўскай архіяпархіі і старшынём персаналу Курыі Львоўскай архіяпархіі. З верасьня 2011 году Ўладыка Бенядыкт — старшыня Патрыяршай літургічнай камісіі УГКЦ, а таксама старшыня Сінадальнага камітэту па літургічных пытаньнях. У 2016 годзе атрымаў ступень магістра дзелавога адміністраваньня ва Ўкраінскім каталіцкім універсітэце. У сьнежні 2015 году ўзнагароджаны крыжам вайсковага капелана.
 
Уладыка Бенядыкт, акрамя роднай украінскай, валодае беларускай, польскай, расейскай і ангельскай мовамі. Ён шмат супрацоўнічае з СМІ, штодзень дзеліцца сваімі думкамі, перажываньнямі і разважаньнямі пра Бога, Царкву і веру на сваёй старонцы ў Facebook.

 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"