Друк
12.05.2017
Базыльяне з Украіны наведалі Беларусь
 
З нагоды 400-х угодкаў Ордэну базыльянаў група студэнтаў 1-2 курсаў Базыльянскага інстытуту філасофска-багаслоўскіх студыяў імя Мітрапаліта Язэпа Вельяміна-Руцкага разам з сваімі настаўнікамі з манастыра сьв. Язэпа ў Львове ў канцы красавіка 2017 году наведала мясьціны, зьвязаныя з гісторыяй базыльянаў у Беларусі.
 
Чын сьв. Васіля Вялікага (ЧСВВ, Ордэн базыльянаў) быў заснаваны 20-26 ліпеня 1617 году ў в. Рута каля Наваградку, у родавым маёнтку ўніяцкага мітрапаліта Язэпа Вельяміна-Руцкага. Тады ў Руце адбылася першая ўстаноўчая капітула, на якую мітрапаліт сабраў манахаў з 5 манастыроў, што жылі паводле распрацаванага ім статута сьв. Васіля Вялікага. На ёй усе ўніяцкія манахі былі аб’яднаныя ў адну супольнасьць.
 
Паездка ў Беларусь маладых базыльянаў з Украіны (дарэчы, сярод іх быў і адзін былы жыхар Горадні) была вельмі насычанай і дынамічнай. За чатыры дні манахі наведалі асноўныя мясьціны, якія 400 гадоў таму сталі ядром Кангрэгацыі Сьвятой Тройцы Базыльянскага чыну: Наваградак, Жыровічы, Быцень, Менск. Акрамя таго ўкраінскія базыльяне наведалі Полацак, дзе была катэдра сьв. Язафата, і Віцебск, дзе ён прыняў мучаніцкую сьмерць у 1623 годзе. Падчас свайго падарожжа па Беларусі ўкраінскія базыльяне наведалі таксама беларускія грэка-каталіцкія парафіі ў Менску, Віцебску, Полацку і Берасьці, дзе пазнаёміліся з умовамі іх жыцьця.
 
Украінскіх манахаў падчас вандроўкі па базыльянскіх мясьцінах у Беларусі суправаджаў дыякан БГКЦ Вячаслаў Гарчакоў.

Фота: бр. Дзьмітры Маршалык, ЧСВВ, Василіянський інститут філософсько-богословських студій.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"