Друк
08.07.2017
Папа паведаміў пра царкоўную сулучнасьць з новаабраным мелхіцкім патрыярархам
 
У Ватыкане 22 чэрвеня 2017 году было паведамлена пра тое, што Папа Францішак пацьвердзіў «Ecclesiastica Communio» (царкоўную сулучнасьць) з Яго Блаславенствам Юсэфам I (Абсі), якога 21 чэрвеня 2017 году Сінод Біскупаў кананічна абраў Антыяхійскім Патрыярхам Мелхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
Новы Патрыярх Антыёхіі і ўсяго Ўсходу, Александрыі ды Ерусаліму Юсэф I. (Фота: Ora Pro Siria).
Выбарчы Сінод Біскупаў Мелхіцкай ГКЦ быў скліканы пасьля таго, як 6 траўня 2017 году было паведамлена пра тое, што Папа Францішак прыняў зрачэньне, пададзенае тагачасным зьверхнікам Мелхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы Яго Блаславенствам Рыгорам ІІІ (Лагамам) з прычыны сталага ўзросту. Патрыярх Рыгор ІІІ (Лагам) — вядомы багаслоў, аўтар шматлікіх кніг па літургіцы і духоўнасьці хрысьціянскага Ўсходу, які шмат увагі ў сваёй пастырскай дзейнасьці прысьвяціў справе міру на Блізкім Усходзе і паяднаньню падзеленых хрысьціянаў патрыярхату Антыёхіі. У наступным годзе яму споўніцца 85 гадоў.
Удзельнікі выбарчага Сіноду Мелхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы. (Фота: Melkite.org).
На сустрэчы ў ліванскім горадзе Айн Трэз, дзе знаходзіцца летняя рэзідэнцыя Антыяхійскага патрыярхату, Сінод мелхіцкіх біскупаў, на які сабраліся 29 з 33 з тых, што маюць права голасу на выбарах патрыярха, новым першаярархам Мелхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы абраў 71-гадовага сірыйскага ярарха Юсэфа Абсі (Youssef Absi) з Таварыства Місіянераў сьв. Паўла, тытулярнага архібіскупа Тарсу, курыяльнага архібіскупа і патрыяршага вікарыя ў Дамаску. Ураджэнец Дамаска, ён таксама валодае грамадзянствам ЗША. Абраньне новага патрыярха азначае канец напружанасьці і пэўных непаразуменьняў у асяродку грэка-мелхіцкай царкоўнай ярархіі.
 
У пасланьні з нагоды абраньня новага мелхіцкага грэка-каталіцкага патрыярарха Рымскі Архірэй выказвае сваю радасьць і запэўнівае ў блізкасьці і малітоўнай памяці.
 
«Абраньне Вашага Блаславенства, — адзначае Папа, — адбываецца для паважанай Грэка-Мелхіцкай Каталіцкай Царквы ў няпростай сітуацыі, у той час, калі хрысьціянскія супольнасьці Блізкага Ўсходу закліканы асаблівым чынам сьведчыць пра сваю веру ў Хрыста, які памёр і ўваскрос. <...> У гэтыя асабліва цяжкія часы пастыры закліканы выяўляць сулучнасьць, еднасьць, блізкасьць, салідарнасьць і адкрытасць перад народам Божым, які церпіць».
 
Напрыканцы свайго пасланьня Сьвяты Айцец падкрэсьлівае важнасьць брацкай згоды сярод айцоў Сіноду Грэка-Мелхіцкай Каталіцкай Царквы.
 
Дэлегацыя Мельхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з Патрыярхам Юсэфам I на сустрэчы з кіраўніком Сірыі Асадам. (Фота: Sana.sy).
4 ліпеня 2017 году новаабранага Патрыярха Мелхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы Юсэфа I (Абсі) з дэлегацыяй ярархаў гэтай Царквы прыняў у Дамаску кіраўнік Сірыі Башар аль-Асад. Да пачатку ўзброенага канфлікту ў Сірыі жылі каля 235 тыс. мелхіцкіх грэка-католікаў. На сустрэчы абмяркоўвалася сітуацыя ў Сірыі ва ўмовах тэрарыстычнай вайны. Башар Асад высока ацаніў важную патрыятычную ролю хрысьціянскай Царквы ва ўмацаваньні нацыянальнай еднасьці, асабліва падчас вайны, у прыватнасьці, праз умацаваньне пачуцьця прыналежнасьці да сваёй Радзімы і праз асуджэньне тэрарыстычнай дзейнасьці ды экстрэмісцкай ідэалогіі. Ён адзначыў прыхільнасьць Царквы нацыянальным вытокам, еднасьці, стабільнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны. Мелхіцкія ярархі выказалі ўпэўненасьць у непазьбежнай перамозе Сірыі ў вайне супраць тэрарызму і ў вяртаньне стабільнасьці і бясьпекі на ўсёй тэрыторыі краіны.
 
Новы зьверхнік Мелхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы Патрыярх Юсэф I (Абсі) нарадзіўся 20 чэрвеня 1946 году ў Дамаску. Уступіў у Таварыства Місіянераў сьв. Паўла, дзе прыняў сьвятарскія сьвячаньні 6 траўня 1973 году.
Новы зьверхнік Мелхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы Патрыярх Юсэф I (Абсі). (Фота: The Daily Star).
Скончыў вышэйшыя студыі па філасофіі і тэалогіі, дыплом доктара музычных навук і візантыйскага іканапісу. Займаўся выкладчыцкай дзейнасьцю. Архірэйскае служэньне зьдзяйсьняе з 2001 году. Ад 2001 году ён узначальваў сірыйскі Карытас, актыўна спрычыніўся да рэалізацыі больш за 40 праектаў у Дамаску, Алепа і Хасаке. 13 кастрычніка 2006 году Патрыярх Рыгор ІІІ прызначыў яго патрыяршым вікарыем архіяпархіі ў Дамаску.
 
Мелхіцкая Грэка-Каталіцкая Царква, якая налічвае сёньня каля 1,7 млн. вернікаў, аб’ядноўвае католікаў візантыйскага абраду, якія пражываюць на тэрыторыі старажытных Антыяхійскага, Ерусалімскага і Александрыйскага патрыярхатаў, а таксама ў дыяспары. Рэзідэнцыя Зьверхніка Мелхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы разьмешчана ў сталіцы Сірыі Дамаску, а ягоны афіцыйны тытул гучыць Патрыярх Антыёхіі і ўсяго Ўсходу, Александрыі ды Ерусаліму.

Сёньня супольнасьці мелхіцкіх грэка-католікаў ёсьць ня толькі на Блізкім Усходзе (Сірыя, Ліван, Ярданія, Палестына), але і ў Афрыцы (асабліва ў Ягіпце), у Францыі, у Амерыцы (ЗША, Канада, Бразілія) і ў Аўстраліі. Найбольш мелхітаў жыве цяпер у Ліване, дзе вернікі гэтай Усходняй Каталіцкай Царквы зьяўляюцца другой па колькасьці каталіцкай супольнасьцю пасьля маранітаў.

Мелхіцкая літургія заснавана на візантыйскім абрадзе, які ўласьцівы для большасьці ўсходніх хрысьціянаў. Адметнасьцю Мелхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы ёсьць выкарыстаньне арабскай мовы ў якасьці богаслужбовай мовы, таксама як і грэцкай.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"