Друк
15.07.2017
Кардынал пасьмяротна стаў праведнікам народаў сьвету
 
Італьянскі кардынал П’етра Баэта, архібіскуп Генуі ў 1938-1946 гадах, пасьмяротна быў абвешчаны Нацыянальным інстытутам памяці ахвяраў Галакосту і габрэйскага супраціву «Яд ва-Шэм» у Ерусаліме праведнікам народаў сьвету — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
 
Архібіскуп Генуі кардынал П’етро Баэта ў 1945 г. (Фота: Spero News).
Штотыднёвік Генуэзскай дыяцэзіі «Il Cittadino» піша, што гэтае рашэньне стала данінай памяці каталіцкаму ярарху, які быў цьвёрдым праціўнікам фашызму і нацызму. Як архібіскуп Генуі ён дапамог сотням габрэям выратавацца ад зьнішчэньня нацыстамі і зьбегчы ў Амерыку і Палестыну, дзеля чаго аплачваў іх выдаткі. Акрамя таго, архібіскуп П’етра Баэта (Pietro Boetto, 1871—1946) адчыніў дзьверы сваёй курыі і дыяцэзіяльнай семінарыі для ўсіх тых, каго перасьледавалі.
 
Генуэзскі архібіскуп аказваў падтрымку дзейнасьці падпольнай сеткі габрэйскага супраціву DELASEM. Непасрэднае кіраваньне дапамогай для габрэяў кардынал Баэта усклаў на свайго сакратара сьвятара Франчэска Рэпэта (Francesco Repetto), які ў 1976 годзе таксама быў прызнаны адным з праведнікаў народаў сьвету.
 
За сваю адважную абарону генуэзцаў падчас вайны каталіцкі ярарх атрымаў ад уладаў Генуі ў 1945 годзе ганаровы тытул «Defensor civitatis». Палітычныя колы называлі яго «кардыналам свабоды», а працоўны сьвет — «Кардыналам рабочых».
 
Кардынальскі берэт езуіт П’етра Баэта атрымаў у сьнежні 1935 году, а праз тры гады быў прызначаны архібіскупам Генуі. Удзельнічаў у канклаве 1939 годзе, на якім абралі Пія XII. Ярарх памёр ад сардэчнага прыступу 31 студзеня 1946 году. Пахаваны ў крыпце мітрапалічай катэдры Сан-Ларэнца ў Генуі.
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"