Друк
21.07.2017
У Горадні малітоўна ўзгадалі айца Віктара Данілава
 
Сёлета 20 ліпеня споўнілася б 90 гадоў з дня нараджэньня протапрасьвітара Віктара Данілава — першага пасьля аднаўленьня дзейнасьці Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы параха гарадзенскай грэка-каталіцкай грамады.
 
Сьвятар, які прайшоў праз рэпрэсіі і савецкія лагеры і яшчэ ў падпольлі (у 1976 г.) таемна быў высьвячаны на грэка-катліцкага сьвятара, паўгады таму, 7 сьнежня 2016 году, адыйшоў да Бога ў веку 89 гадоў. Гарадзенскія вернікі з удзячнасьцю ўзгадваюць свайго шматгадовага душпастыра. Пра гэта ніжэй — матэрыял журналіста Радыё Рацыя Якуба Сушчынскага.
 
На дзень прарока Ільлі, які супаў з днём народзінаў айца Віктара Данілава, Боскую Літургію адслужыў яго наступнік айцец Андрэй Крот.
 
— Я, калі як малады сьвятар прыйшоў у гарадзенскую парафію, то сустрэў тут ужо ўзараную ніву, добра ўзараную і апрацаваную. Бо айцец Віктар ня проста быў сам па сабе духоўным чалавекам, але ён яшчэ быў таксама здольным і плённым душпастарам. Вернікі былі прывучаныя да таго, каб спавядацца, прычашчацца, маліцца. Ён навучаў людзей і сваім словам, і сваім прыкладам.
 
Праз айца Віктара Данілава прайшлі дзясяткі асобаў з беларускай інтэлігенцыі, якіх яднала гістарычная памяць пра беларускую Царкву, а таксама родная мова.
 
Згадвае парафіянка Ала Петрушкевіч ад суполкі парафіянаў, якая паўстала дзякуючы айцу Віктару, які адрадзіў Унію ў Горадні.
 
— Быў ён тады ўжо ў даволі сталым веку. Але трымаўся вельмі годна. Сабраў вакол сябе сям’ю, якая не распалася дасёньня. Я памятаю, як часам няпроста яму было весьці набажэнства, таму што сэрцайка ягонае было вельмі хворае. Але, разам з тым, Бог даў яму мажлівасьць пражыць амаль да 90 гадоў. Гэта пра многае сьведчыць. Гэта быў чалавек вялікай душы.
 
Айцец Віктар належыў да сьвятароў-падпольшчыкаў, прайшоў праз палітычны перасьлед і зьняволеньне. Дзякуючы яго намаганьням у Горадні паўстала ня толькі парафія Грэка-Каталіцкай Царквы, але таксама ён быў адным з першых выкладчыкаў Катэхетычнага інстытуту, які цяпер існуе ў Горадні. Па сабе пакінуў кніжную спадчыну з тэалагічных працаў. Адна з апошніх: «Максімы каталіцкага апасталату», якая была перакладзеная па-беларуску. Большасьць яго кніжак выходзілі самвыдатам.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"