Друк
10.08.2017
У Менску прайшло духоўна-асьветніцкае сьвята ў гонар Скарыны
 
6 жніўня 2017 году ў Менску, у касьцёле сьвятых Сымона і Алены, прайшло духоўна-асьветніцкае сьвята ў гонар Францішка Скарыны, — паведамляе Catholic.by. Нагодай для гэтага стаў 500-гадовы юбілей Бібліі Скарыны і беларускага кнігадрукаваньня.
 
У сьвяце прымалі ўдзел прадстаўнікі розных хрысьціянскіх канфесіяў Беларусі, у тым ліку і беларускія грэка-католікі на чале з Апостальскім Візітатарам грэка-католікаў Беларусі архім. Сяргеем Гаекам. Падчас сьвята былі арганізаваныя выставы, прэзентацыі кніг хрысьціянскіх выдавецтваў, выступалі прадстаўнікі духавенства, навукоўцы, пісьменьнікі.
 
«Гэты год у Беларусі зьяўляецца Годам навукі. Так супала, што ў ім мы сьвяткуем Юбілей 500-годдзя Бібліі Скарыны і беларускага кнігадрукаваньня», — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас адкрыцьця сьвята. Божы Провід зрабіў так, што Францішак Скарына выдаў Біблію для беларусаў менавіта 6 жніўня 1517 году, у сьвята Перамяненьня Гасподняга — зьвярнуў увагу ярарх. «Біблія — гэта вечна жывое і дзейснае Божае слова, як вучыць аўтар Пасланьня да габрэяў. Натхнёнае Богам слова дадзена нам з мэтай зьмены нашага жыцьця, а значыць дзеля нашага перамяненьня», — дадаў архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
 
«У наш час няма ніякай праблемы набыць Біблію, — падкрэсьліў каталіцкі ярарх. — Аднак прысутнасьць Бібліі яшчэ не азначае, што мы яе чытаем і вывучаем. У многіх яна «запылілася». Прыйшоў час «адпыласосіць» Біблію. Не пыласосам, а гарачым імкненьнем яе пазнаньня. Неабходна паглядзець на яе як на бэстселер стагоддзяў, кожны сказ якога зьяўляецца крыніцай Божай мудрасьці».
 
Архібіскуп Кандрусевіч пажадаў удзельнікам духоўна-асьветніцкага сьвята, каб юбілей Скарынавай Бібліі стаў «новым імпульсам для вывучэньня Бібліі, каб на яе падмурку нашая краіна будавала сваю шчасьлівую будучыню».

Ігар Міхайлаў, старшыня Біблійнага таварыства, адзначыў ня толькі адукаванасьць, энцыклапедычныя веды Францішка Скарыны, але і духоўную мэту, якая ім кіравала: пакінуць назаўсёды народу вечную і невычэрпную мудрасьць.

Доктар філалагічных навук Іван Саверчанка ў сваім выступе падчас сьвята перад Чырвоным касьцёлам падкрэсьліў тры асноўныя моманты значнасьці дзейнасьці Ф. Скарыны, пра якія піша сайт Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Па-першае, выданьнем Бібліі беларускі першадрукар заклікаў шанаваць Бога — Створцу ўсяго існага сьвету і вывучаць законы, пакладзеныя ў аснову ўсяго створанага. Па-другое, ён заклікаў цаніць і разьвіваць асобу чалавека як вяршыню ўсяго стварэньня. Па-трэцяе, ён надаў увагу разьвіцьцю талентаў асобы, каб «дасканалы быў чалавек Божы».

«Дзейнасьць філосафа, асобы эпохі Адраджэньня Францыска Скарыны зьяўляецца прынцыпам гуманітарных грамадзтваў усяго сьвету», — адзначыў Іван Саверчанка.

Паэт Алесь Разанаў, аўтар кнігі «Маем найбольшае самі», які паэтычна перастварыў тэксты прадмоваў Ф. Скарыны, падкрэсьліў, што асьветнік выкладаў людзям навуку Хрыстову і вучыў цаніць Боскі пачатак у чалавеку.

Пра дасьледаваньні скарынаўскай спадчыны распавёў намесьнік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай працы і выдавецкай дзейнасьці Алесь Суша.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў зрабіў экскурс у гістарычную эпоху, у якую жыў Ф. Скарына.

Як адзначылі навукоўцы, праз друкаванае слова беларусы здолелі ня толькі далучыцца да інтэлектуальнай традыцыі сьвету, але і заявіць пра сябе. Францішак Скарына зрабіў важкі ўклад у тое значэньне, якое беларусы сёньня маюць у культурным сусьветным разьвіцьці.

У дольнай залі Чырвонага касьцёлу была адчынена выстава твораў беларускіх мастакоў на скарынаўскую тэматыку. На выставе прадстаўленыя працы Міколы Купавы, Алеся Марачкіна, Віктара Крука, Алы Губарэвіч і іншых.

Фота: Віктар Ведзень, Catholic.by.
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"