Друк
30.09.2017
Зьверхнік УГКЦ і каталіцкія ярархі Еўропы пазнаёміліся з жыцьцём грэка-католікаў у Менску
 
У пленарным пасяджэньні Рады Канферэнцыяў Біскупаў Еўропы ў Менску бярэ ўдзел і прадстаўнік Сіноду Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук), Вярхоўны Архібіскуп Кіева-Галіцкі. Яго ўдзел у гэтым форуме каталіцкіх ярархаў Еўропы ў Менску — важная падзея ў жыцьці беларускіх грэка-католікаў, сталічныя парафіі якіх ён намераны наведаць.
 
28 верасьня 2017 году, пасьля сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам кіраўнікі біскупскіх канферэнцыяў Еўропы пазнаёміліся таксама з жыцьцём беларускіх грэка-католікаў — наведалі іх Цэнтар сьв. Язэпа ў Менску. А Першаярарх УГКЦ Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук) узначаліў малітву з беларускімі грэка-каталіцкімі сьвятарамі і вернікамі ў капліцы грэка-каталіцкай парафіі Сьвятога Духа, якая моліцца ў Чырвоным касьцёле. Разам са Зьверхнікам Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы на малітве ў парафіі Сьвятога Духа прысутнічалі яшчэ тры грэка-катліцкія біскупы.

Як адзначае Catholic.by, падчас сустрэчы каталіцкіх ярархаў з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам Першаярарх УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук), падзякаваўшы за ўвагу да праблемаў Украіны, таксама падкрэсьліў:
«Сёньня я тут для таго, каб ня толькі ўдзельнічаць ў гэтай канферэнцыі, але таксама каб сустрэцца з нашымі братамі грэка-каталікамі Беларусі, іх падтрымаць і зрабіць усё для таго, каб узаемаразуменьне і супрацоўніцтва паміж Цэрквамі было добрай будучыняй нашых краінаў, нашых народаў і нашых Цэркваў».
 
Фота: а. Аляксандра Шаўцова, Сьвятланы Абламейка, Юльяна Місюкевіча, Вікторыі Чаплевай.
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"