Друк
20.10.2017
У юбілей 100-годдзя Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў Папа заклікаў усходніх католікаў да цярплівай і адважнай малітвы
 
100 гадоў таму, у 1917 годзе, Папа Бенядыкт XV заснаваў Кангрэгацыю Ўсходніх Цэркваў і Папскі Ўсходні інстытут. З нагоды гэтага падвойнага юбілею Сьвяты Айцец Францішак 12 кастрычніка 2017 году адслужыў разам з ярархамі розных усходніх абрадаў сьв. Імшу ў рымскай базыліцы Санта Марыя Маджорэ, падчас якой заклікаў усходніх католікаў да цярплівай і адважнай малітвы, каб атрымаць патрэбную ласку ад Бога.
 
Перад гэтым Рымскі Архірэй адведаў давераны езуітам Папскі Ўсходні Інстытут, які знаходзіцца паблізу.
 
У часы, калі ствараліся гэтыя дзьве царкоўныя ўстановы, палала Першая сусьветная вайна. Сёньня ж, адзначыў Папа ў сваім казаньні, мы перажываем яшчэ адну сусьветную вайну, хоць і «па частках»: «Мы бачым, як многа нашых братоў і сёстраў — хрысьціянаў з Усходніх Цэркваў — зьведваюць досьвед драматычных перасьледаваньняў і рост іх дыяспары ўсё больш пагрозьлівы».
 
Гэты факт прымушае нас запытваць Госпада пра тое, чаму гэта адбываецца, чаму «мы бачым бессаромных ліхадзеяў, якія дамагаюцца сваіх інтарэсаў, прыгнятаючы іншых людзей, і бачым, што ўсё ў іх добра: яны атрымліваюць тое, чаго хочуць, і думаюць толькі пра тое, як атрымліваць асалоду ад жыцьця». Гэтае ж пытаньне гучыць неаднаразова ў Сьвятым Пісаньні, і яно паўстае ў кожнага з нас. Адказ зьмешчаны ў самым Слове Божым: «Перад абліччам Яго пішацца памятная кніга пра тых, што баяцца Госпада і шануюць імя Яго» (Мал 3, 16). Бог не забывае Сваіх дзяцей, Ён памятае аб праведных, пра тых, што церпяць і прыгнечаныя, пра тых, хто запытвае – «чаму?» — і не перастае давяраць Госпаду.
 
Ёсьць адзін спосаб «зрабіць пралом» у памяці Бога: наша малітва — адзначыў Папа. Францішак спаслаўся на ўрывак з Евангельля сьв. Лукаша (Лк 11, 5-13), дзе Ісус вучыць апосталаў, як трэба маліцца, падкрэсьліваючы, што для размовы з Богам патрэбная «адвага веры»: «Для малітвы неабходна адвага веры, спадзяваньне, што Госпад нас пачуе, неабходна адважыцца пастукацца ў дзьверы». Госпад паабяцаў: той, хто шукае — знаходзіць, і хто стукаецца — таму адчыняць. Папа заклікаў задумацца, ці сапраўды такой ёсьць нашая малітва, ці сапраўды яна авалодвае намі і ўключае нашае сэрца і нашае жыцьцё, ці ўмеем мы стукацца ў сэрца Бога? «Калі ў кагосьці з вас, бацькі, сын папросіць хлеба, ці падасьць яму камень? Альбо калі папросіць рыбы, ці падасьць яму зьмяю, замест рыбы? Альбо, калі папросіць яйка, ці падасьць яму скарпіёна?» — нагадаў Папа словы Ісуса ў Евангельлі.
 
Бог дае нам ня толькі тое, што мы просім, Ён дае нам з больш. Сапраўдным дарам, які Бог дае нам у малітве, зьяўляецца Дух Сьвяты, падкрэсьліў Францішак. Пра гэта ясна кажа Ісус: «Калі ж вы, будучы злымі, умееце даваць добрыя дары дзецям вашым, тым больш Айцец Нябесны дасьць Духа Сьвятога тым, хто папросіць у Яго» (Лк 11, 11-13). Менавіта Сьвяты Дух зьяўляецца гэтым Божым «больш». «Чалавек стукаецца з дапамогай малітвы ў дзьверы Бога, каб выпрасіць ласку. А Ён, Які ёсьць Айцом, даруе яе і нават болей: дае дар Сьвятога Духа», — сказаў Сьвяты Айцец Францішак.
 
«Браты і сёстры, будзем вучыцца стукацца ў сэрца Бога! Будзем вучыцца рабіць гэта адважна. Хай гэтая адважная малітва натхняе і ажыўляе вашае служэньне ў Царкве. У такі спосаб вашыя намаганьні прынясуць “плод у свой час” і будзеце як дрэва, “лісьце якога ня вяне” (пар. Пс 1, 3)», — пажадаў Рымскі Архірэй сабраным на літургіі вернікам Усходніх Каталіцкіх Цэркваў.

Падчас урачыстай сьв. Імшы, якую адправіў Папа Францішак з нагоды 100-годдзя Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў і Папскага Ўсходняга Інстытуту ў рымскай базыліцы Санта Марыя Маджорэ, гучалі таксама і сьпевы па-царкоўнаславянску.
 
Паводле расейскай і беларускай рэдакцыяў Радыё Ватыкану.
 
© 2017 Газета "ЦАРКВА"