Друк
23.04.2018
Вобразы зямнога і нябеснага
 
У Берасьці 20 красавіка 2018 году ў Музеі «Выратаваныя мастацкія каштоўнасьці» адбылося адкрыцьцё цікавай мастацкай выставы «Абожанае цела», якая паўстала па выніках ІХ Міжнародных майстар-класаў іканапісу ў Навіцы (Польшча).
 
Выставу адкрылі Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Берасьці Пётр Казакевіч, выконваючы абавязкі дырэктара Польскага інстытуту ў Менску Томаш Адамскі, дырэктар музею «Выратаваныя мастацкія каштоўнасьці» Ірына Тарыма і каардынатар праектаў Польскага інстытуту ў Менску Аляксей Мацюшонак.
 
Двухтыднёвыя пленэры ў Навіцы дазваляюць сабрацца разам творцам з кранаў Усходняй Еўропы. Апошні пленэр у Навіцы сабраў 40 мастакоў з Польшчы, Украіны, Беларусі, а таксама ўпершыню з Румыніі. Творцы атрымліваюць унікальны досьвед ад сумеснага побыту ў цэнтры «Сарэпта» у Навіцы. У дадатак да творчай працы мастакі маюць магчымасьць браць удзел у сумеснай малітве, размовах з калегамі і сьвятарамі. Выставы па выніках працы пленэраў у Навіцы адбываюцца потым у розных гарадах і краінах. Знаёмства з творамі мастакоў, якія займаюцца рэлігійнай тэматыкай, дазваляе ўбачыць агульныя іканапісныя традыцыі памежных дзяржаў і новыя тэндэнцыі, што прасочваюцца ў розных краінах.
 
Як адзначана ў апісаньні выставы «Абожанае цела», хрысьціянскае мастацтва ў цэнтры сваіх інтарэсаў ставіць Уцелаўленьне — перадачу вобразу нябачнага Бога не праз рэалістычнае адлюстраваньне рэчаіснасьці, але праз пошук значэньняў, сымбаляў.
 
Вось на гэтыя творчыя пошукі сучасных мастакоў і змогуць паглядзець берасьцейцы да 13 траўня 2018 году, пакуль будзе працаваць гэтая выстава. Цікава паглядзець на гэтыя мастацкія творы і пашукаць мяжу, якая аддзяляе класічны візантыйскі іканапіс ад сучаснага мастацкага твору на рэлігійную тэматыку з сваёй, ня менш глыбокай сымболікай. Безумоўна, ня кожны з прадстаўленых на выставе твораў можна назваць іконай. Але кожны з іх — глыбока прадуманы, арыгінальны мастацкі твор з роздумам пра Бога, пра зямное і нябеснае, зроблены на высокім узроўні. Як можна пераканацца на выставе, сёньня вельмі актыўна разьвіваецца іканапіснае мастацтва ва Ўкраіне, якое часта вельмі ўдала спалучае іканапісную традыцыю, уласьцівую ўкраінскім і беларускім землям, і сучасныя тэхнікі ды мастацкія прыёмы. Некаторыя творы мастакоў адразу пасьля экспазіцыі можна было б зьмясьціць у храме.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"