Друк
14.06.2018
Папа надаў статус япархіі грэка-каталіцкаму экзархату ў Македоніі
 
У Ватыкане было паведамлена, што Папа Францішак 31 траўня 2018 году ўзьняў да ўзроўню япархіі былы Апостальскі экзархат для вернікаў візантыйскага абраду ў Былой Югаслаўскай Рэспубліцы Македоніі і прызначыў першага епархіяльнага біскупа.
 
Новая царкоўная структура атрымала назву «Япархія Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы з сядзібай у Струміца-Скоп’е». Першым япархам Сьвяты Айцец Францішак прызначыў Уладыку Кіро Стаянава.
 
Найдастойны Ўладыка Кіро Стаянаў (Kiro Stojanov) нарадзіўся ў Радаве ў Македоніі 9 красавіка 1959 году. Сьвятарскія сьвячаньні атрымаў 6 красавіка 1986 году, а 4 студзеня 1999 году быў прызначаны біскупам-памочнікам дыяцэзіі Скоп’е і тытулярным біскупам япархіі Цэнтурыёнэс. Яго хіратонія на біскупа адбылася 1 траўня 1999 году, а галоўным сьвяціцелем быў украінскі грэка-каталіцкі архібіскуп Міраслаў Марусын, сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. Сваім біскупскім дэвізам ён абраў фразу «Ut unum sint» («Каб усе былі адно»). Уладыка Стаянаў стаў першым каталіцкім біскупам-македонцам паводле нацыянальнасьці за апошнія больш за сто гадоў. Як сьвятар, а пазьней і біскуп, ён зьяўляецца бірытуалістам — мае права служыць літургію і ў лацінскім, і ў візантыйскім абрадах.
 
Каталіцкая Царква ў Рэспубліцы Македоніі складаецца з супольнасьці лацінскага абраду (дыяцэзія Скоп’е, каля 3,5 тысячаў вернікаў) і супольнасьці каталікоў візантыйскага абраду (каля 11,5 тысячаў вернікаў). Нягледзячы на ​​незалежнасьць дзьвюх структураў, у сувязі з малалікасьцю, традыцыйна іх узначальвае адзін біскуп-бірытуаліст.
 
Апостальскі экзархат для католікаў візантыйскага абраду ў Македоніі існаваў у 1883-1924 гадах як частка Баўгарскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Тады быў створаны асобны Апостальскі вікарыят у Македоніі (з цэнтрам у Салоніках), які праіснаваў да 1922 году.  Пасьля Балканскіх войнаў, 1-й Сусьветнай вайны і далучэньня Македоніі да Югаславіі адбылася рэарганізацыя царкоўна-адміністрацыйнай структуры на Балканах, ранейшыя структуры былі скасаваныя. Македонскія каталіцкія парафіі візантыйскага абраду ўвайшлі ў склад Крыжавацкай япархіі (Харвацкая Грэка-Каталіцкая Царква). Ужо пасьля атрыманьня незалежнасьці Македоніі Сьвяты Пасад аднавіў 11 студзеня 2001 году асобны Апостальскі экзархат, які 31 траўня 2018 году быў узьняты да статусу япархіі.
 
Ад 20 ліпеня 2005 году Ўладыка Кіро Стаянаў узначальвае дзьве структуры Каталіцкай Царквы ў Былой Югаслаўскай Рэспубліцы Македоніі — рыма-каталіцкую дыяцэзію Скоп’е і былы Апостальскі экзархат для грэка-католікаў, узьняты цяпер да статусу япархіі (Македонскую Грэка-Каталіцкую Царкву).
 
Паводле зьвестак на 2017 год Македонская Грэка-Каталіцкая Царква мае 8 парафіяў, у якіх працуе 16 сьвятароў (адзін з іх — манах) і 18 манахіняў. Галоўны храм македонскіх грэка-католікаў — катэдра Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы — знаходзіцца ў Струміцы (каля 35 тыс. жыхароў), што на паўднёвым усходзе Македоніі, на мяжы з Баўгарыяй і Грэцыяй.

Зьверхнік Македонскай ГКЦ біскуп Кіро Стаянаў займае актыўную пазіцыю ў дыялогу і наладжваньні брацкіх стасункаў паміж рознымі рэлігійнымі групамі Македоніі.
Набажэнства ў катэдральным храме Македонскай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Струміцы. (Фота: Католици.мк)
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"