Друк
16.06.2018
У Грэцыі прадстаўнікі Каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў дыскутавалі пра прымат і сінадальнасьць
 
4-7 чэрвеня 2018 году на Крыце (Грэцыя), у мястэчку Ліменас Херсанісу адбылася нарада падкамісіі Каардынацыйнага камітэту Зьмешанай міжнароднай камісіі па багаслоўскім дыялогу паміж Каталіцкай і Праваслаўнай Цэрквамі — паведамляе афіцыйны сайт УГКЦ са спасылкай на прэс-службу Інстытуту экуменічных студыяў Украінскага каталіцкага ўніверсітэту.
 
Агульная тэма гэтай сустрэчы каталіцкіх і праваслаўных багасловаў - «Прымат і сінадальнасьць у другім тысячагоддзі». Асаблівую увагу багасловы ўдзялілі аналізу перыяду ад XIX стагоддзя да нашых дзён. Шмат увагі падчас нарады было прысьвечана таксама пытаньню т. зв. уніятызма.
 
Адначаецца, што сустрэча каталіцкіх і праваслаўных багасловаў адбылася ў прыязнай і дзелавой атмасферы. Падкамісія падрыхтавала пяць дакументаў (разам — 28 старонак), якія будуць прадстаўленыя на пленарнай сэсіі Каардынацыйнага камітэту ў манастыры Бозэ (каля Мілану ў Італіі) 13-17 лістапада 2018 году.
 
Усе пяць дакументаў, прапановы і рашэньні падкамісіі былі аднагалосна прынятыя як праваслаўнымі, так і каталіцкімі сябрамі падкамісіі.
 
Было падкрэсьлена, што Ўсходнія Каталіцкія Цэрквы ня толькі маюць права на існаваньне, але іх трэба лічыць Цэрквамі-сёстрамі, якія маюць сваю ўласьцівую ролю ў далейшым разьвіцьці экуменічнага дыялогу паміж Праваслаўнай і Каталіцкай Цэрквамі.
 
Уніятызм, у духу Баламандзкай заявы 1993 году, не зьяўляецца ні мадэльлю, ні метадам працы для еднасьці Цэркваў, і ня варта ўжываць тэрмін «уніят», калі гаворыцца пра вернікаў усходняга (візантыйскага) абраду, якія жывуць у сулучнасьці з Біскупам Рыму — адзначаецца ў паведамленьні прэс-службы Інстытуту экуменічных студыяў УКУ.
 
У гэтыя ж дні іншая падкамісія каталіцкіх і праваслаўных багасловаў праводзіла свае нарады на Кіпры. Яна таксама падрыхтавала адпаведныя дакументы, якія будуць прадстаўлены ў лістападзе 2018 году на сустрэчы ў манастыры Бозэ на пленарнай сесіі Каардынацыйнага камітэту Зьмешанай міжнароднай камісіі па багаслоўскім дыялогу паміж Каталіцкай і Праваслаўнай Цэрквамі.
 
Нарадамі каталіцкіх і праваслаўных багасловаў на Крыце кіравалі сустаршыні падкамісіі архібіскуп Ёў з Тэлмесас (Геча) з Канстанцінопальскага патрыярхату і архібіскуп Раланд Мінэрат — з РКЦ у Францыі. У дыскусіях таксама прымалі ўдзел біскуп Ігнат Бранічэўскі (Мідзіч) з Сербскай Праваслаўнай Царквы, біскуп Дымітрыяс Салахас з Грэка-Каталіцкай Царквы Грэцыі, а. Патрыцію Влайку з Румынскай Праваслаўнай Царквы, а. Іван Дацько з Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, а. Аляксей Дзікароў з Расейскай Праваслаўнай Царквы, а. Гіяцынт Дэстывэль з Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, праф. д-р Тэрэзія Гайнталер з Франкфурту, з РКЦ у Нямеччыне, а. Хрыстафор Масіс і праф. д-р Тэадорас Янгу — з Тэсалонікаў, з Грэцкай Праваслаўнай Царквы.
 
Усяго ў нарадах на Крыце бралі ўдзел 11 багасловаў, сярод якіх было шэсьць прадстаўнікоў Праваслаўнай Царквы і пяць прадстаўнікоў Каталіцкай Царквы. Гасьцінным гаспадаром сустрэчы быў праваслаўны мітрапаліт Петрас і Херсаніскі Герасімас.
 
На пленарнай сесіі ў манастыры Бозэ ў Мілане 13-17 лістапада 2018 году будзе выпрацаваны канчатковы дакумент для пленарнай сустрэчы ўсёй Камісіі, якую плануецца правесьці ў 2019 годзе ў адной з праваслаўных краінаў.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"