Друк
22.09.2018
Архімандрыт Сяргей (Гаек) пра чаканьні беларусаў ад сустрэчы з Папам у краінах Балтыі
 
22 верасьня 2018 году распачынаецца візіт Папы Рымскага Францішка ў краіны Балтыі: Літву, Латвію і Эстонію. Гэты візіт у балтыйскія краіны для Папы стане ўжо 25-м падарожжам па-за межы Італіі, ад моманту пантыфікату.
 
На сустрэчу з Папам Рымскім у краіны Балтыі зьбіраецца больш за 2 тыс. вернікаў з Беларусі. Сярод трох краінаў Балтыі найбольшая колькасьць беларускіх пілігрымаў — 1,5 тыс. — мае наведаць Літву.
 
Напярэдадні падзеі пра тое, чаго чакаюць беларусы, якія цяпер скіроўваюцца пілігрымкамі ў гэтыя краіны, з Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў Беларусі Архімандрытам Сяргеем (Гаекам) паразмаўляў журналіст Радыё Рацыё Якуб Сушчынскі.
 
Распавядае Архімандрыт Сяргей (Гаек):
 
— Праз некалькі дзён Сьвяты Айцец Францішак наведае Літву, Латвію і Эстонію. Гэта адбываецца ў той час, калі Каталіцкія Цэрквы гэтага рэгіёну сьвяткуюць 100 гадоў аднаўленьня структураў пасьля доўгага перыяду царскага прыгнёту каталікоў. Таму Папа прыязджае, як заўсёды, умацаваць вернікаў у веры. Гэта радасьць для нашых братоў у Літве, Латвіі і Эстоніі, але гэта радасьць і для беларусаў таксама, бо шмат пілігрымаў паедзе з Беларусі ва ўсе гэтыя тры краіны. Напэўна, найбольш будзе тых, хто паедзе ў Літву — у Вільню і Каўнас — на сустрэчу з Папам Францішкам. Але таксама шмат вернікаў, асабліва з Віцебскай япархіі (дыяцэзіі) Рыма-Каталіцкага Касьцёлу, паедуць у Аглону — у Латвію. У Аглону паедзе таксама пілігрымка грэка-католікаў. Бо Аглона для нас, асабліва тых, што жывуць у Полацку ці Віцебску — гэта нешта вельмі блізкае. У Аглонскай базыліцы знаходзіцца магіла слугі Божага біскупа Баляслава Слоскана, які пасьля Першай сусьветнай вайны служыў у Беларусі, перш за ўсё ў Магілёве, а таксама ў Менску. А ўжо пасьля Другой сусьветнай вайны ён апекаваўся беларусамі, асабліва грэка-католікамі па-за межамі Беларусі, на Захадзе. Таму, з аднаго боку, мы едзем ушанаваць ікону Маці Божай Аглонскай, памаліцца з Папам, але таксама і ўшанаваць памяць біскупа Баляслава Слоскана.
 
— Для пілігрымаў у Літву таксама ёсьць добрая нагода ўзгадаць блаславёнага Юрыя Матулевіча...
 
— Так, сапраўды, і гэта таксама. Біскуп Юры Матулевіч (пазьней — архібіскуп) быў ардынарыем ў Вільні і ў той час частка беларускіх земляў таксама ўваходзіла ў гэтую архіяпархію. Ён таксама нямала зрабіў для нас, грэка-католікаў, для аднаўленьня жыцьця нашых парафіяў у міжваенны час на той тэрыторыі, якая ўваходзіла якраз у яго юрысдыкцыю. Але Вільня — гэта таксама гістарычнае месца для беларускіх грэка-католікаў. Пачынаючы ад сьвятога Язафата, ад мітрапаліта Язэпа Руцкага, якога мы асабліва ўзгадвалі ў мінулым годзе, і да сёньняшняга дня Вільня для кожнага беларуса, можа, для грэка-католіка асабліва — гэта духоўная мясьціна, да якой на працягу як апошніх дзесяцігоддзяў, так і мінулых стагоддзяў, шмат хто пілігрымаваў з Беларусі.
 
— Айцец Сяргей, Сьвяты Айцец Францішак, Папа Рымскі, працягвае традыцыю cьвятога папы Яна Паўла II. У экуменічны спосаб ён вельмі шмат падарожнічае. Ці ня ёсьць гэтае падарожжа ў гэтыя балтыйскія краіны таксама такім актам, каб падтрымаць тых нешматлікіх вернікаў, асабліва ў Латвіі і ў Эстоніі, якія прытрымліваюцца каталіцкай веры.
 
— Напэўна, з аднаго боку, гэтае падарожжа, гэтая пілігрымка Папы мае характар экуменічны, нават у Літве, тым больш у Латвіі і Эстоніі. Бо ў Латвіі будзе вялікае экуменічнае набажэнства ў лютэранскім саборы. І ў Таліне будзе экуменічная сустрэча, а пасьля сустрэча яшчэ і з тымі, хто займаецца сацыяльным служэньнем, у якім звычайна ёсьць прастора для экуменічнага супрацоўніцтва. Вядома ж, калі мы глядзім на статыстыку, то здаецца, што католікаў, калі іх там 7-8-10 тысячаў, гэта ня так ужо і шмат, але калі ўзяць наогул жыхароў, якія практыкуюць рэальна ў любой Царкве, — гэта ўжо значны сьлед прысутнасьці Каталіцкай Царквы у жыцьці хрысьціянаў Эстоніі. Таксама і ў Латвіі. Сапраўды, у Латвіі католікаў, як быццам, менш за пратэстантаў. Але, з другога боку, калі глядзець на тых, хто наведвае храмы, то тут ужо знаходзім амаль што парытэтныя суадносіны. Парытэт ня столькі ў статыстыцы, а якраз у сьведчаньні пра Евангельле ў сёньняшнім сьвеце, пра сацыяльную заангажаванасьць, пра культуру, выхаваньне сёньня.
 
— Што чакаць беларускім пілігрымам? Увогуле, на што, на Вашую думку, яны спадзяюцца? Гэты візіт — чарговае сьведчаньне таго, што Папа вось, побач, але не хапае нейкіх 200 км для таго, каб адведаць Беларусь? Ці Вы чулі, з якімі спадзяваньнямі зьвязваюць свае думкі, свае малітвы ў часе падарожжа і пры сустрэчы з Папам беларусы, пра што яны думаюць?
 
— Дакладна мы чулі не адзін раз ад вернікаў, ня толькі чыталі, на розных сустрэчах у Беларусі, што беларускія хрысьціяне, гэта значыць рыма-католікі і грэка-католікі, але таксама і праваслаўныя вернікі, чакаюць візіту Папы ў Беларусь. І мы лічым, што нашая сустрэча з Папам у гэтых краінах — яна набліжае візіт Папы ў Беларусь. З другога боку, любая такая сустрэча, якая мае міжнародны, міжнацыянальны характар — гэта сустрэча братоў і сёстраў у веры. І для нас гэта вельмі важна. Мы ў нейкім сэньсе падтрымліваем нашых братоў у Латвіі сваім візітам. Але там мы сустракаемся яшчэ і з традыцыйнай пабожнасьцю латышоў, ці шырэй — латвійцаў. Таму што ня толькі пра жыхароў латышскай нацыянальнасьці ідзецца, бо ў Латгаліі, у Даўгаўпілсе наогул шмат беларусаў, якія там жывуць. Гэта ўсё досьвед паўсюднасьці, універсальнасьці Царквы, гэта заўжды нейкі новы стымул, новае ўмацаваньне ў веры.
 
Паводле матэрыялаў Радыё Рацыя.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"