Друк
08.10.2018
Зьверхнік УГКЦ: «Экуменізм трэба забраць з рук дыпламатаў»
 
У італамоўным выданьні «ACI Stampa» 8 кастрычніка 2018 году было апублікавана інтэрв’ю з Вярхоўным Архібіскупам УГКЦ Яго Блаславенствам Сьвятаславам (Шаўчуком). У размове з вядомым ватыканістам Андрэа Гальярдуччы ўкраінскі грэка-каталіцкі першаярарх разважае пра актуальныя праблемы жыцьця УГКЦ і Паўсюднай Царквы — паведамляе Сакратарыят Зьверхніка УГКЦ у Рыме.
 
На пытаньне журналіста «ACI Stampa» пра сучасны стан экуменічнага дыялогу і яго эфектыўнасьць Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук) заўважыў, што «найперш экуменізм трэба забраць з рук дыпламатаў». «Вельмі часта, асабліва ў Еўропе, экуменізм ўспрымаецца як сінонім дыпламатычнага дыялогу. Такім чынам ён ператвараецца ў серыю дыпламатычных сустрэчаў на высокім узроўні, якія ніякім чынам не ўплываюць на жыцьцё канкрэтных людзей. Я перакананы, што салідарнасьць паміж людзьмі розных канфесіяў, валанцёрскі рух дапамагаюць адраджаць веру, і таму могуць стаць падмуркам сапраўднага экуменічнага руху», — патлумачыў сваю пазіцыю Першаярарх УГКЦ.
 
У гэтым кантэксьце суразмоўнік Зьверхніка УГКЦ пацікавіўся сітуацыяй ва Ўкраіне вакол тэмы наданьня аўтакефаліі Ўкраінскай Праваслаўнай Царкве. Украінскі грэка-каталіцкі першаярарх адзначыў, што УГКЦ вельмі ўважліва адсочвае тое, што адбываецца ў праваслаўным сьвеце. Ён падкрэсьліў: «Мы станоўча ацэньваем працэсы, накіраваныя на аб’яднаньне ўкраінскага праваслаўя, аднак не зьяўляемся іх удзельнікамі. УГКЦ лічыць гэтыя працэсы ўнутранай справай Праваслаўнай Царквы і моліцца за нашых праваслаўных братоў на іх шляху да аб’яднаньня». Паводле словаў ярарха, сваю місію ва ўкраінскім грамадзтве УГКЦ бачцыць у тым, каб быць сьведкамі Хрыста ў гэтых абставінах і садзейнічаць супрацоўніцтву ды ўмацаваньню духа еднасьці ў Царкве.
 
Адказваючы на пытаньне пра тое, якой ёсьць місія УГКЦ у сучаснай Еўропе, Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук) выказаў думку, што, магчыма, «задачай нашай Царквы ёсьць дапамагчы еўрапейцам нанова адкрыць для сябе каштоўнасьці хрысьціянскай Еўропы».
 
«Канцэпцыя Еўропы як агульнага дому для розных нацыяў — гэта праект міру. Мы павінны памятаць, што ў кожным будынку ёсьць свае краевугольныя камяні. Сацыяльная дактрына Царквы кажа нам пра чатыры такія падмуркі: годнасьць чалавека, супольнае дабро, салідарнасьць і субсідыярнасьць. Я перакананы, што гэтыя чатыры прынцыпы пабудовы еўрапейскага грамадзтва зьяўляюцца роднымі для ўкраінскага грамадзтва. Вельмі часта «старая Еўропа», дзе гэтыя хрысьціянскія каштоўнасьці забываюцца, зьдзіўляецца, як яны сёньня праяўляюцца ва Ўкраіне. Я б сказаў, што гэта і ёсьць місіяй Усходняй Еўропы, якая зьберагае жывую памяць пра свае хрысьціянскія карані», — сказаў Вярхоўны Архібіскуп УГКЦ Сьвятаслаў (Шаўчук).
 

Фота: @ Episkopat News.

 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"