Друк
19.10.2018
Сьвяты Пасад пракаментаваў раскол паміж Масквой і Канстанцінопалем
 
Раскол паміж праваслаўнымі Цэрквамі Маскоўскага і Канстанцінопальскага патрыярхатаў, гэта — на думку афіцыйнага прадстаўніка Сьвятога Пасаду кардынала Курта Коха — хоць і ўнутраны, але «сур’ёзны канфлікт», паведамляе інфармацыйны партал Апостальскай Сталіцы «Vatican News».
 
«Гэты крок таксама аказвае непасрэдны ўплыў на экуменічны дыялог з Каталіцкай Царквой», — адзначыў старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў кардынал Курт Кох у інтэрв’ю аўстрыйскаму каталіцкаму агенцтву «Kathpress». Можна дапусьціць, што Расейская Праваслаўная Царква ня будзе ўдзельнічаць у сумесных перамовах, пакуль канфлікт ня будзе вырашаны.
 
Ватыканскі ярарх падкрэсьліў, што гэта выключна ўнутранаправаслаўны канфлікт, і таму Каталіцкая Царква не каментуе гэтай справы. З іншага боку, у поглядзе на гэты канфлікт нельга забываць пра экуменічны прынцып, у адпаведнасьці з якім «калi церпiць адзін член Цела Хрыстовага, церпяць з ім усе члены».
 
Маскоўскі патрыярхат 15 кастрычніка 2018 году афіцыйна спыніў еўхарыстычныя зносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам. Прычынай канфлікту сталі рашэньні Канстанцінопальскага патрыярхату, накіраваныя на падтрымку стварэньня незалежнай ад Масквы аўтакефальнай праваслаўнай Царквы ва Ўкраіне. Царкоўныя ўлады ў Маскве разглядаюць гэта як умяшальніцтва ў іх кананічную тэрыторыю. Справу ўскладняюць і без таго няпростыя ўзаемаадносіны паміж Украінай і Расеяй.
 
© 2018 Газета "ЦАРКВА"